Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як палешукі плавалі да мора

22.02.2018 общество
Як палешукі плавалі да мора

Гісторыя Каралеўскага канала.

Вясною 1784 годзе ў Варшаве амаль увесь горад збегся сустракаць дзіўных гасцей, якія прыбылі на 10 суднах пад кіраўніцтвам шкіпера Сцяпана Стацкоўскага. На кожным было па трое плытагонаў, “сапраўдных пінчукоў, апранутых так, як хадзілі пінчукі сто з лішкам год назад”. Гэта былі палешукі на чале з дзедам музыканта і мастака Напалеона Орды, пінскім суддзёю Мацеем Бутрымовічам, вядомым сваімі вынаходніцтвамі і даследаваннямі, згодна якім высяваў пасечаныя на кавалкі грыбы і атрымоўваў добры з іх ураджай. Судны былі запоўненыя “сапраўды пінскімі таварамі, а менавіта: мёдам свежым, воскам, лоем, грыбамі, рыбай вяленай, уюнамі сушанымі, крупамі ячменнымі і іншымі тутэйшага краю прадуктамі”. Далей гэты палескі караван дабраўся ажно да Гданьска. Такім чынам быў засведчаны пачатак суднаходства водным шляхам, які злучыў Чорнае і Балтыйскае моры і ўвайшоў у гісторыю пад назвай Каралеўскага або Мухавецкага каналу, водападзельная частка якога складае 58 км, а даўжыня канала ад Пінска да Брэста – 196 км. Сёння ён вядомы як Днепра-Бугскі канал.

Днепра-Бугскі водны шлях
Мацей Бутрымовіч і яго пінскі палац

З Гданьска Мацей Бутрымовіч неадкладна выехаў на Радзіму, каб прыспешыць падрыхтоўку да сустрэчы караля Рэчы Паспалітай – Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Менавіта ад караля залежаў далейшы лёс новага воднага шляху, які разам з толькі што пабудаваным Агінскім павінен быў стаць сапраўдным штуршком для эканамічнага росквіту дзяржавы. Напярэдадні сойму, якія павінен быў у 1784 годзе адбыцца ў Гродне, кароль вырашыў папярэдне наведаць некалькі беларускіх гарадоў, у тым ліку Пінск, дзе прабыў 7-9 верасня. Гэты горад польскі пісьменнік Юзаф Крашэўскі пазней назаве беларускім Ліверпулем, у якім сыходзіліся гандлёвыя шляхі з Украіны, Літвы, Прусіі і Польшчы. А бераг Прыпяці з яго безліччу мачтаў і ветразяў пісьменнік параўнае з Галандыяй.

Панарама Каралеўскага (Днепра-Бугскага) канала

Уся дарога з Пінска да Крыстынова, дзе месціўся маёнтак Бутрымовіча, дзеля праезду караля была выслана сенам і ўпрыгожаная трыумфальнымі аркамі з нанесенымі на іх празаічнымі і вершаванымі надпісамі на чатырох мовах — польскай, лацінскай, беларускай і яўрэйскай. Паабапал стаялі сотні сялян, сагнаных з ваколічных вёсак. Яны ігралі на дудах, цымбалах, спявалі і танцавалі, паказваючы святкаванне дажынак. Рамеснікі дэманстравалі свае вырабы, а іх дзеці — уменне чытаць. У Крыстынове кароль папіў старога бардоскага і венгерскага віна, а пасля адпачынку пайшоў разам са світай у парк. Там, як запісаў аўтар “Дыярыўша” з таго падарожжа, “у цэнтры, на авальным канале, плавалі некалькі соцень дзікіх качак, злоўленых цянётамі. Адно крыло ў іх было выскубана. Кароль некалькі з іх застрэліў, потым іншыя — болей. Потым на канал у прасмаленых чоўнах выплылі хлопчыкі ў форме: танцавалі, кружачы чоўнамі, апярэджвалі адзін другога, чоўны, поўныя вады, вяслом апаражнялі, з вады на чоўны скакалі, зноў давалі нырца і г. д. — адным словам, даказалі тое, што тутэйшы народ — як птаства воднае: як толькі з яйка вылупіцца — адразу ж па вадзе плавае і яе не баіцца…”.

Плаціна на Каралеўскім (Днепра-Бугскім) канале

Арганізаваная сустрэча мела плён, бо кароль пачаў выдзяляць штогод на абслугоўванне канала па 60 тысяч злотых. Яшчэ 40 тысяч, неабходныя на ўтрыманне воднага шляху, Бутрымовіч атрымоўваў за кошт падаткаў і дапамогі Міхала Казіміра Агінскага, на сродкі якога і пачалося будаўніцтва Каралеўскага канала. А ў 1786 годзе па загадзе Станіслава Аўгуста ў гонар канала нават быў адліты спецыяльны медаль.

Карта Днепра-Бугскага канала

Што ж захавалася ад таго першапачатковага воднага шляху? Рэшткі Крысцінаўскіх ставаў і сёння можна знайсці на поўнач ад вёскі Лапаціна, у тым ліку і некалькі кіламетраў дамбаў, якія тутэйшыя жыхары называюць “бутрымовіцкімі”. Ад старога тракта з Лапаціна да Пінска ў самім горадзе застаўся толькі спуск да ракі Піны з сучаснай вуліцы Савецкай.

На лодках пад Пінскам

У Пінску таксама маецца палац Бутрымовіча, які першапачаткова меў назву “Мур”. За заслугі перад Рэччу Паспалітай, Мацей Бутрымовіч быў узнагароджаны Ордэнам Святога Станіслава (1791) і Ордэнам Белага Арла. Але нягледзячы на ўсе яго спробы даць штуршок эканамічнаму развіццю Айчыны дзеля яе захавання, Рэч Паспалітая ў 1795 годзе ўсё роўна знікла з палітычнай карты Еўропы, а створаны Бутрымовічам канал прыйшоў у заняпад.

Водны шлях у міжваенны час

Толькі ў 1837 годзе расійскія ўлады заняліся яго аднаўленнем, але актыўныя будаўнічыя працы пачаліся толькі ў 1846 годзе, калі былі пабудаваныя разборныя драўляныя плаціны, якія дазвалялі падтрымліваць неабходны для суднаходства ўзровень вады. Толькі ад Пінска да Брэста было пабудавана 22 плаціны, а канал дасягаў шырыні ў 14 м. У часы Расійскай імперыі Днепра-Бугскі канал меў стратэгічнае значэнне. Па ім нават перапраўлялі ў Севастопаль пабудаваныя на Балтыцы мінаносцы, якія ўпершыню з’явіліся ў складзе Чарнаморскага флоту.

Канал каля вёскі Гліна ў 1941 годзе

Пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Другой Рэчы Паспалітай, польскія ўлады ўзяліся за рэканструкцыю канала, на якім з’явіліся два шлюзы і пабудаваны новы сямікіламетровы ўчастак ад Кобрына да вёскі Выгада. На канале нават дыслацыравалася Пінская вайсковая флатылія, якая восенню 1939 года ў выніку падрыву аднаго са шлюзаў не здолела перайсці ў раку Буг і была затопленая. Гэтыя судны ў выніку былі паднятыя, адрамантаваныя і ўвайшлі ў склад створанай савецкай Пінскай вайсковай флатыліі.

Краявід на канал. 1941 год

Савецкая ўлада ўжо ў жніўні 1940 года аднавіла суднаходства на Днепра-Бугскім канале. Таксама яго затым актыўна выкарыстоўвалі нямецкія акупацыйныя ўлады, пакуль у 1943 годзе партызаны не падарвалі шлюзы. Пасля вайны суднаходства па канале было адноўлена, і ён актыўна выкарыстоўваўся для гандлю з еўрапейскімі краінамі сацыялістычнага лагера.

Днепра-Бугскі канал сёння

У 1996 годзе канал быў уключаны ў склад магістральнага Днепра-Віслянскага воднага шляху. Сёння ён выкарыстоўваецца галоўным чынам для транспарціроўкі будаўнічых матэрыялаў у прыбярэжных раёнах.

Гідравузел Дубой з ГЭС у сістэме Днепра-Бугскага канала

Васіль Герасімчык, «Народная воля»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]