Як Менск зрабіўся сталіцай Беларусі.
«Радыё Свабода» працягвае публікаваць старонкі кнігі Сяргей Шупы «Падарожжа ў БНР».
Канец першых бальшавікоў
Калі 18 лютага 1918 году немцы пачалі наступ, бальшавіцкія ўлады ахапіла паніка. У ноч на 19-га Рада народных камісараў пастанавіла пакінуць Менск бяз бою і выехаць у Смаленск. Чырвоныя ўцякалі як толькі маглі, у бязладзьдзі, балагане, пярэпалаху, вазамі-коньмі, машынамі, санямі, кідаючы майно, праз галовы і целы, у поўнай дэзарганізацыі і дэмаралізацыі.
Тут сваю нацыянальную сьпеласьць выявілі чыгуначнікі — работнікі менскага дэпо Лібава-Роменскай чыгункі катэгарычна адмовіліся спрыяць бальшавіцкай эвакуацыі, патрабуючы выплаты заробкаў за тры месяцы. Нават штабны цягнік «глаўказапа» Мясьнікова ня мог выправіцца, і гэты камісар, праседзеўшы на станцыі каля сутак, здолеў выехаць у апошні момант санітарным цягніком.
«Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы. Дзе цяпер уласьць, што тут была, німа ведама...» — такімі словамі пачнецца прынятая празь дзень Першая Ўстаўная Грамата да народаў Беларусі.
21 лютага каля 10-й гадзіны раніцы ў горад Менск прыбылі перадавыя часткі немцаў, якія ўяўляў сабой эшалён 346-га пяхотнага палка. Паміж гэтымі двума пунктамі ў часе — ноч з 18 на 19-га і раніца 21-га — два дні, калі беларусы мелі рэальную ўладу на сваёй зямлі. І хоць улада гэтая пашыралася толькі на маленькі лапік зямлі — паўночна-заходнюю палову Менску, сэрцам якой быў Пляц Волі, — улада гэтая была не сымбалічная.
Першая Ўстаўная Грамата
21 лютага на вуліцах Менску зьявілася абвестка са складам Народнага Сакратарыяту Беларусі. Колькі гадоў было тым, хто рабіў беларускую нацыянальную рэвалюцыю?
Язэп Варонка — старшыня НС і народны сакратар міжнародных справаў — 26 гадоў.
Аркадзь Смоліч — народны сакратар прасьветы — 26 гадоў.
Яфім Бялевіч — справядлівасьці — 28 гадоў.
Іван Серада — народнай гаспадаркі — 38 гадоў.
Палута Бадунова — апекі — 32 гады.
Пётра Крачэўскі — кантролю — 38 гадоў.
Тамаш Грыб — земляробства — 22 гады.
Кастусь Езавітаў — упаўнаважаны вайсковых справаў — 24 гады.
Лявон Заяц — загадчык справаў — 27 гадоў.
У сьпісе былі яшчэ пяць народных сакратароў, але яны неўзабаве пакінулі Народны Сакратарыят, і зьвестак пра гады іх нараджэньня знайсьці не ўдалося. Сярэдні век астатніх — 29 гадоў!
Тут варта згадаць і пра віленскіх «патрыярхаў» беларускага руху: Антон Луцкевіч — 34 гады, Іван Луцкевіч — 36 гадоў, Вацлаў Ластоўскі — 34 гады. Яшчэ аднаму будучаму прэм’еру Ўраду БНР Аляксандру Цьвікевічу ў лютым 1918-га было 29.
Найстарэйшым дзеячом БНР у той момант быў скарбнік Народнага Сакратарыяту Васіль Захарка — 40 гадоў.
Мова — з Мэтрыкі і Статутаў ВКЛ
Падчас усіх абмеркаваньняў моўнага пытаньня на розных прадстаўнічых форумах, сходах і зьездах 1917–1918 гадоў амаль кожны аратар лічыць патрэбным адзначыць ролю беларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Тэма слаўнай мінуласьці беларускае мовы праходзіць чырвонай ніткай праз усе грамадзка-палітычныя дыскурсы тых гадоў.
У рэзалюцыі Культурна-прасьветнай сэкцыі Ўсебеларускага Зьезду пра гэта гаворыцца так:
«З розных неспрыяльных гістарычных прычынаў наша народная беларуская мова, што ляжыць у аснове той пісьмовай мовы, якая служыла некалі ў Літоўска-Рускай дзяржаве літаратурнай і афіцыйнай мовай і на якой напісана мноства ацалелых літаратурных помнікаў, не магла аднак атрымаць належнага разьвіцьця, літаратурнай апрацоўкі і пашырэньня і на працягу многіх стагодзьдзяў заставалася толькі размоўнай мовай пераважна сельскага насельніцтва...»
Уся ўлада народам Беларусі
Узьнікненьне новай нацыянальнай улады не магло не турбаваць меншасьці. А ў палітычных элітах, мясцовых самаўрадах, у прыватнасьці ў Менскай гарадзкой думе нацыянальнай меншасьцю былі самыя беларусы.
Айцы БНР ставіліся да пытаньня карэктна і асьцярожна. У Першай Устаўной Грамаце дэкляравалася права меншасьцяў на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. «Да скліканьня Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам (не народу. — С. Ш.) якія на ёй жывуць».
Толькі што прынятую Грамату тут жа зачытаў у Гарадзкой думе яе гласны (дэпутат з правам голасу) Аркадзь Смоліч, ужо прызначаны народным сакратаром асьветы. Думе Грамата спадабалася, асабліва пункт пра нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Народнаму Сакратарыяту Беларусі абяцалася падтрымка, заадно яму было нагадана пра неабходнасьць «цеснай сувязі з дэмакратычнай Расеяй». Пратакол Гарадзкой думы засьведчыла яе сакратарка, перакладніца Марксавага «Капіталу» і ўплывовая бундыстка Яўгенія Гурвіч.
Нават два матацыклы
З адыходам бальшавікоў Народны Сакратарыят разьмясьціўся ў Губэрнатарскім доме.
«Нацыянальная рэвалюцыя, ўходзіла ў свае правы. Губэрнатарскі дом стаў як бы мініятураю таго, што год назад, у лютым 1917 году, выяўляў сабою Таўрыдзкі палац у Петраградзе. Сюды сьцягвалі розны хлам, зусім у доме Ўраду непатрэбны; шоколяда, шынка, цукер, шынялі, нейкія салдацкія ў нязьмерным ліку дзягі, кулямёты розных сыстэмаў, навет два мотоцыклі можна было бачыць у пакоях быўшага Губэрнатарскага дому», — успамінаў атмасфэру першых дзён іх актыўны ўдзельнік Макар Косьцевіч.
Немцы думаюць пра Беларусь
Немцы зайшлі ў Менск раніцай 21-га, аддыхаліся, разьмясьціліся, агледзеліся, а раніцай у панядзелак, 25 лютага, заняліся навядзеньнем парадку. У памяшканьне Народнага Сакратарыяту прыйшоў нямецкі камэндант і збройнай сілай выселіў беларускую ўладу, скінуў сьцяг.
Новыя акупанты забралі касу Сакратарыяту, дзе захоўвалася 341 тысяча рублёў, прыхапілі іншыя рэчы, што дрэнна ляжалі, улучна з друкавальнымі машынкамі (10 штук) і канцылярскімі прыладамі. Свае грошы і маёмасьць Народны Сакратарыят больш ніколі ня ўбачыць, хоць будзе змагацца за іх да апошняга дня нямецкай акупацыі.
341 тысяча царскіх рублёў — гэта шмат ці мала? На іх у Менску ў 1918 годзе можна было купіць 70 000 кг мукі, 20 000 кг цукру, 6 000 кг масла. За іх можна было выдаць 115 кніжак фармату зборніка Алеся Гаруна «Матчын дар». Стрэлачнік на чыгунцы зарабляў 60 рублёў, дарожны майстар — 125 рублёў, радны Рады БНР — 600 рублёў.
Чаму Менск — сталіца Беларусі
Як наагул Менск зрабіўся сталіцай БНР? Бо ж у кантэксьце новага беларускага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя Менск у нацыянальна-беларускім сэнсе быў глухой правінцыяй — ані беларускіх газэтаў, ані культурнай эліты, ані палітычных тусовак... Усё гэта жыло ў Вільні.
Сталіцаю Менск зрабілі немцы. Ну, вядома ж, яны пра гэта і не здагадваліся, але ўсё вызначыла лінія, на якой у верасьні 1915 году спыніўся нямецкі наступ. Гэтая лінія адрэзала Вільню ад этнаграфічнай Беларусі, і таму ў наступныя два гады беларуская палітычная фэрмэнтацыя перамясьцілася ў Менск.
Калі б немцы спыніліся на тыя пару гадоў — 1915–1918 — на захад ад Вільні, незалежнасьць Беларусі хутчэй за ўсё была б абвешчаная там, а незалежнасьць Літвы — у Коўне.
Мары пра Вільню
Яшчэ ў 1917-м ува ўсіх беларускіх рэзалюцыях, адозвах, мэмарандумах — у шырокім грамадзкім дыскурсе — Вільня лічылася сваёй, тагачасная беларуская грамадзкасьць не магла сабе ўявіць, што гэты горад можа зрабіцца «замежжам». Зь Вільняй зьвязваліся самыя розныя палітычныя, грамадзкія, культурныя пляны на «паваенныя часы».
Існавалі праекты аднаўленьня працы Віленскага ўнівэрсытэту — найвышэйшай навучальнай установы ў «сваім» краі. Ня вечна ж Вільня будзе заставацца пад нямецкай акупацыяй. Пакуль што, тымчасова, месцам працы адноўленага Віленскага ўнівэрсытэту прапанавалася зрабіць Полацак, які меў найдаўнейшыя ў Беларусі акадэмічныя традыцыі.
Праўда, як падзяліць Вільню зь іншымі на яе прэтэндэнтамі — перадусім літоўцамі — уяўлялася туманна, ідэі на гэты конт выказваліся вельмі асьцярожныя, яшчэ жылі спадзяваньні на магчымасьць стварэньня «новага ВКЛ» з супольнай сталіцай і — што немалаважна — з выхадам да мора.
Разьвітаньне з ВКЛ
Незалежнасьць Літвы была абвешчаная ў Вільні 16 лютага, Беларусі — у Менску 25 сакавіка. Якія думкі хадзілі ў галовах беларускай палітычнай эліты ў Вільні за гэтыя месяц зь нечым? Абраная ў канцы студзеня Віленская беларуская рада выклала гэтыя думкі ў лісьце Райхсканцлеру Нямеччыны:
«Рада проситъ Ваше Превосходительство повергнуть к стопамъ Его Величества Германскаго Императора выраженіе глубокой благодарности белоруссовъ окупированныхъ областей за признаніе Литвы самостоятельнымъ свободнымъ государствомъ, усматривая въ этомъ признаніи первый шагъ къ осуществленію заветныхъ стремленій белорусскаго народа къ возстановленію свободнаго и самостоятельнаго Великаго Княжества Литовскаго...»
Да гэтай мэты, піша Антон Луцкевіч з паплечнікамі, «скіраваныя ўсе думкі і імкненьні беларускага народу па гэты і па той бок штучна створанай мяжы». Беларусы зварачалі ўвагу райхсканцлера на тое, што літоўцы ў Літве (у межах ВКЛ!) складаюць усяго каля 40% насельніцтва, а таму ня могуць лічыцца прадстаўніцтвам усяго краю.
...Райхсканцлер гэты ліст праігнараваў, нічога не зьмянілася, і гэтак надзея адраджэньня ВКЛ памерла апошняй, літаральна напярэдадні 25 сакавіка.
Шашка Менскага казначэйства
На ўзбраеньні БНР была і доўгаклінковая колюча-сякучая халодная зброя, пазначаная ў архіўных дакумэнтах як шашка Менскага казначэйства.
А 7-й гадзіне раніцы 21 лютага (у гэтыя два дні паміж бальшавікамі і немцамі, мабыць ніхто ў горадзе і ня клаўся спаць) у памяшканьне ўвайшоў прадстаўнік Рады БНР Сьцяпан Нямкевіч у суправаджэньні ўзброеных салдатаў і запатрабаваў аддаць яму касу для «дастаўленьня ў Раду».
Гэтаму патрабаваньню спрабавалі супраціўляцца службоўцы, якія ў гэты момант падлічвалі наяўныя грошы і каштоўнасьці, што засталіся ў казначэйстве пасьля ўцёкаў бальшавікоў. Аднак зброя ў руках беларускага патруля была больш пераканаўчым аргумэнтам. Каля дваццаці тысяч рублёў папоўнілі касу Народнага Сакратарыяту.
Заадно Сьцяпан Нямкевіч, чалавек просты і вайсковы, прыхапіў з сабой шашку — не для сябе, вядома, а для маладой беларускай улады. Шашка з усёй пашанай захоўвалася ў пакоях Народнага Сакратарыяту ў Губэрнатарскім доме і прапала разам з усім набыткам, калі ў дом прыйшлі новыя гаспадары — немцы — і забралі ўсё, што там знайшлі.
Казначэйства яшчэ спрабавала тузаць Народны Сакратарыят патрабаваньнем вярнуць шашку (мабыць, шашка была не абы-якая), але беларускі ўрад адаслаў былых гаспадароў да немцаў.