Актыўны дзеяч беларускага руху, настаўнік паходзіць з мястэчку Будслаў, што на Мядзельшчыне.
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, настаўнік Вінцэнт Жук-Грышкевіч нарадзіўся 10-га (23-га) лютага 1903 года ў мястэчку Будслаў, што на Мядзельшчыне, перадае «Радыё Рацыя».
Вучыцца пачаў у мясцовай беларускай гімназіі, а пасля яе закрыцця перайшоў у Віленскую гімназію, якую скончыў у 1922 годзе. Родную літаратуру там выкладаў Антон Луцкевіч, пасля Жук-Грышкевіч ня раз падкрэсліваў, што выхоўваўся пад уплывам братоў Луцкевічаў.
Далей меў навучанне ў знакамітым Пражскім універсітэце, які скончыў у 1926 годзе. З Карлавага ўніверсітэту ён выйшаў з дыпломам славянскай філалогіі. Вярнуўшыся на радзіму, доўгі час (з 1927-га па 1939 гады, да прыходу бальшавікоў) настаўнічаў у Віленскай беларускай гімназіі, дзе выкладаў гісторыю, беларускую мову і літаратуру.
Таксама быў выкладчыкам беларускай мовы ў Праваслаўнай Духоўнай Семінарыі і ў Вышэйшай Школе Палітычных Навук у Вільні. Актыўна дзеіў у беларускім руху. У канцы верасня 1939 года Жук-Грышкевіч быў арыштаваны савецкай уладай і зняволены. Дастатковай падставай стала сяброўства ў «Беларускім навуковым таварыстве» і Таварыстве Беларускай Школы.
Сядзеў у віленскай турме на Лукішках, потым этапаваўся ў турмы Беластоку, Вялейкі, Менску, Полацку, Воршы, як «сацыяльна небяспечны элемент» быў засуджаны да 8 гадоў савецкага канцлагеру. У лагерах працаваў на будоўлі чыгункі ад Белага мора да паўночнага Урала. У 1942 годзе як грамадзянін Польшчы быў вызвалены і трапіў у армію генерала Андэрса. Жук-Грышкевіч прайшоў па дарогах Іраку, Палесціны і Егіпту, браў удзел у бітве пад Монтэ-Касінам. Пасля другой сусветнай вайны апынуўся на эміграцыі.
Жук-Грышкевіч стаў першым старшынём першай эміграцыйнай арганізацыі «новай хвалі» – «Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі». З 1950 года жыў у Канадзе. Там абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Лірыка Янкі Купалы», у атаўскім універсітэце здабыў навуковую ступень доктара філасофіі. На два гады вяртаўся ў Еўропу, дзе працаваў у беларускай секцыі радыё «Вызваленне».
Быў жанаты з таксама вядомай беларускай дзяячкай Раісай Жук-Грышкевіч з роду Жукоўскіх, вялікай патрыёткай Беларусі. Дастаткова значны час – з 1971-га па 1982 год – Вінцэнт Жук-Грышкевіч быў старшынём Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Адышоў у іншы свет Вінцэнт Жук-Грышкевіч у тым жа месяцы, што і нарадзіўся – 14 лютага 1989 году, крыху не дажыўшы да абвешчання суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Пахаваны на беларускіх могілках Нью-Брансьвік у амерыканскім штаце Нью-Джэрсі. На надмагільным помніку выява Пагоні, арнамент з «Малое падарожнае кніжкі» Францішка Скарыны і напіс кірыліцай па-беларуску. Жук-Грышкевіч пакінуў пасля сябе светлую памяць і багатыя мемуары, у якіх расказаў пра сваё насычанае калізіямі жыццё.