Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай»

25.02.2018 общество
«Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай»

Як нараджалась новая дзяржава.

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца «Радыё Свабода» публікуее старонкі гэтай кнігі.

Гісторыя рассылае свае позвы

У адзін зь веснавых дзён 1918 году, не раней серады 20-га і не пазьней нядзелі 24 сакавіка, сябры Рады БНР, усяго 71 чалавек, атрымалі на рукі паведамленьне: «Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі гэтым паведамляе, што чарговае пасяджэньне Рады адбудзецца ў нядзелю 24-га сакавіка (марца) а 5-й гадзіне (па сярэдне-эўрап.) увечары ў доме пад № 43 на Захараўскай вуліцы (3-ці паверх 1-га ад Серпухаўскай вуліцы пад’езду)». У позьве-запрашэньні нічога не прарочыла, чым скончыцца гэтае чарговае пасяджэньне.

Госьці зь Вільні

Вырашальную ролю ў тым, што адбылося ў залі «Стройзапу» 25 сакавіка 1918 году, адыгралі госьці зь Вільні. У Менск выехалі дэлегаваныя Віленскай беларускай радай браты Іван і Антон Луцкевічы, Янка Станкевіч, Язэп Туркевіч і Дамінік Сямашка (які, праўда, у Менску «згубіўся» і ні ў якіх падзеях удзелу ня браў). Падарожжа ў неацепленым вагоне доўжылася 24 гадзіны, Іван Луцкевіч ужо тады быў цяжка хворы на грудзі і харкаў крывёй...

Госьці наведалі Народны Сакратарыят, дзе на адмысловай нарадзе ясна паставілі пытаньне аб незалежнасьці. Менскія паплечнікі былі яшчэ не зусім гатовыя адмовіцца ад канцэпцыі фэдэрацыі з дэмакратычнай Расеяй, аднак палітычнае становішча прымушала і іх зьмяніць свае пазыцыі.

У выніку было вырашана склікаць пленарнае пасяджэньне Рады 24 сакавіка. Напярэдадні адбыўся і пленарны сход Беларускай сацыялістычнай грамады, якая дамінавала ў Радзе. Удзельнікі сходу аднагалосна выказаліся за незалежнасьць.

Раптоўная прапанова

3-е пасяджэньне ІІ сэсіі Рады БНР адкрылася а 6-й гадзіне вечара 24 сакавіка. Старшыня Янка Серада абвясьціў пра прысутнасьць віленскіх гасьцей, а яго намесьнік Язэп Варонка выступіў з прамовай аб значэньні Вільні ў гісторыі беларускага Адраджэньня і заслугах заснавальнікаў беларускага руху братоў Луцкевічаў. «Беларусы, — усклікнуў прамоўца, — сёньня ў нас Вялікдзень. Сёньня зноў злучаюцца духоўна Вільня і Менск — душа і цела. Сёньня Беларус уваскрос».

У адказ Антон Луцкевіч зрабіў грунтоўны даклад аб дзейнасьці беларускіх арганізацыяў на Віленшчыне і Горадзеншчыне. Пасьля гэтага на прапанову Варонкі Рада ўшанавала ўставаньнем памяць памерлай у Вільні заснавальніцы Беларускай сацыялістычнай грамады Аляізы Пашкевіч (Цёткі).

І тут — калі ўсе селі — фракцыя Беларускай сацыялістычнай грамады раптам вынесла на абмеркаваньне не запісаную загадзя ў парадку дня прапанову аб абвяшчэньні незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Прапанова гэтая выклікала пратэст часткі Рады, але большасьцю галасоў было прынятая.

«Новае сьвятло нарадзілася на Беларусі!»

Даклад аб палітычным становішчы Беларусі і прычынах, якія патрабуюць абвяшчэньня незалежнасьці, зрабіў старшыня фракцыі БСГ Аркадзь Смоліч.

Пасьля перапынку пачаліся спрэчкі, якія працягваліся няспынна дзесяць гадзін. Супраць прапановы беларускіх сацыялістаў выступалі «земцы», кааптаваныя ў Раду дэпутаты Менскай гарадзкой думы і таксама бундаўцы — яны цягнулі за еднасьць з Расеяй. Выступілі 26 прамоўцаў з абодвух бакоў.

Атмасфэра наэлектрызавалася. Надышоў вырашальны момант. Рэзалюцыя, прапанаваная «незалежнікамі», абвяшчала: «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае Рэспубліку незалежнай, пра што выдае адпаведную Ўстаўную Грамату».

Група Рады Рэспублікі, вылучаная 1-м Усебеларускім Зьездам (Рада Зьезду), галасавала аднагалосна за незалежнасьць, а гарадзкая група і прадстаўнікі Бунду — супраць (але засталіся ў Радзе). Земская група ў ліку 9 чалавек пакінула Раду. Ад галасаваньня ўстрымаліся прадстаўнікі Аб’яднанай габрэйскай сацыялістычнай партыі, партыі «Паалей-Цыён» і расейскія эсэры.

У выніку а 6-й гадзіне раніцы 25 сакавіка рэзалюцыя была прынятая пераважнай большасьцю галасоў.

«Новае сьвятло нарадзілася на Беларусі!» — прыгадваў пасьля нечы вокліч Антон Луцкевіч.

І быццам у адказ гэтаму воклічу ў залю ўліліся ясныя промні сонца, якое толькі што ўзышло і з-над дахаў камяніц зазірнула ў залю.

Гаснуць электрычныя лямпачкі.

«А старое сьвятло згасла!» — адказаў Іван Луцкевіч.

Новая Беларусь

Пасьля прыняцьця рэзалюцыі пасяджэньне было перапынена і аднавілася а 12-й гадзіне дня 25 сакавіка. Дзённае пасяджэньне было прысьвечанае прыняцьцю пункт за пунктам тэксту Трэцяй Устаўной Граматы. Зноў дыскусіі, зноў спрэчкі за кожнае слова, апанэнты незалежнасьці спрабуюць хоць кантрабандай працягнуць у тэкст згадкі пра сувязь з Расеяй — але дарэмна.

Канчатковы тэкст Граматы быў прыняты а трэцяй гадзіне дня. Ён быў зараз жа перакладзены на розныя мовы, і вестка пра нараджэньне незалежнай Беларусі паляцела ў сьвет.

Трэцяя Ўстаўная Грамата

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]