Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Больш за 100 беларускамоўных бацькоў і дзяцей разам адсьвяткавалі Дзень роднай мовы

26.02.2018 культура
Больш за 100 беларускамоўных бацькоў і дзяцей разам адсьвяткавалі Дзень роднай мовы

Сьвята прайшло ў кавярні «Грай» у фармаце інтэрактыву.

25 лютага ў кавярні «Грай» адбылося сямейнае сьвяткаваньне Дня роднай мовы, арганізаванае інтэрнэт-суполкай «Дзеткі-кветкі» і адукацыйным цэнтрам «Крочым разам», перадае «Радыё Свабода».

Сьвята прайшло ў фармаце інтэрактыву, падчас якога ўсе дзеці ў касьцюмах лясных жыхароў апынуліся ў лясной школцы і разам з воўкам, авечкай ды іншымі жывёламі спасьцігалі розныя навукі: геаграфію, астраномію, фізычнае выхаваньне і, вядома, родную мову.

«Падобных мерапрыемстваў для беларускамоўных сем’яў мусіць быць болей, настаў час іх выводзіць на больш высокі ўзровень. Калі столькі людзей у 15-градусны мароз сабраліся тут разам, раззнаёміліся — гэта ўжо паказчык таго, што фармуецца асяродзьдзе з маленства, і ў будучыні гэта дасьць магчымасьць нашым дзеткам размаўляць паміж сабой па-беларуску», — адзначыў Зьміцер Смаляк, адзін з арганізатараў імпрэзы і актор спэктаклю «Лясная школка».

Многія на сьвята прыйшлі цэлымі сем’ямі: напрыклад, браты Франак і Вінцусь Буто былі тут з мамай Кацярынай і татам Вадзімам, а таксама з бабуляй і дзядулем.

Кацярына Буто, маці Франака і Вінцэнта:

«Я лічу, што такіх сьвятаў павінна быць шмат і што яны павінны станавіцца больш маштабнымі і яшчэ больш арганізаванымі, каб зонаў было некалькі, а не адна. Гэта толькі нашы першыя крокі ў гэтым кірунку».

Спадарыня Галіна, бабуля Франака і Вінцэнта:

«Я так рада, што дзеткі размаўляюць на беларускай мове. Гэта цудоўна, што такая імпрэза ёсьць, што ёсьць такія ўдзельнікі і арганізатары. Мы з унукамі гаворым па-беларуску, бо ў іх у сям’і размаўляюць на беларускай мове, і мы вельмі рады гэтаму».

Аляксандар Бусел, бацька Радзіма:

«Для нас гэтае сьвята не было нечаканасьцю, бо я шмат каго ведаю, ведаю студыю «Крочым разам». Мы прыйшлі сюды ў дзень народзінаў сына, бо тут сябры, гэта тое, да чаго трэба далучацца, каб фармавалася супольнасьць. Шчыра кажучы, гэта ня мой фармат, я люблю больш камэрныя сустрэчы. Але цудоўна, што такі фармат стаў магчымы, што нас становіцца больш, дзеткі чуюць мову і не адчуваюць сябе белымі варонамі. Тут можна падурэць, пабачыць сваіх аднадумцаў, завесьці новыя знаёмствы і падмацаваць старыя. Гэта сямейнае мерапрыемства вялікай сям’і па інтарэсах».

«Для мяне гэтае сьвята — магчымасьць прыгадаць, што нас аб’ядноўвае зь іншымі людзьмі, для каго нашая родная мова таксама родная. Магчымасьць сабрацца разам і ўбачыць, што наша мова жыве», — адзначыла Надзея Марозава, маці чацьвярых дзяцей.

Хоць мерапрыемства было больш арыентаванае на дашкольнікаў, падлеткам таксама тут спадабалася. Вось што адзначылі хлопцы ў вышыванках:

Андрэй, 15 гадоў:

«Вельмі прыемна было схадзіць сюды, бо ўсё ж такі гэта Дзень роднай мовы. Столькі дзяцей сюды прыйшло, растуць у краіне патрыёты. Гэта вельмі радуе».

Вадзім, 13 гадоў:

«Мы пазнаёміліся з асобамі, якія зрабілі шмат у гісторыі Беларусі. Асабліва мне спадабаўся конкурс, дзе трэба было назваць пэрсону, паслухаўшы расказ пра яе».

Раман, 11 гадоў:

«Тут вельмі добра, цікавая музыка і гульні. Тут казачнае месца, нібыта я сёньня ў казку трапіў».

«Мы ўпершыню арганізоўваем сьвята на такую колькасьць дзяцей, будзем вельмі рады, калі яшчэ будуць адбывацца такія імпрэзы. Мы задаволеныя, што змаглі прадумаць усе паўзы, каб дзеткі былі ўвесь час занятыя, каб і дзецям, і бацькам было цікава», — адзначыла Ася Смаляк, рэжысэрка тэатру «Завітушка» і заснавальніца беларускамоўнага «Садочка для сыноў і дочак».

«Мне спадабалася камунікаваць і ўзаемадзейнічаць з бацькамі ў гульнях, бо звычайна, калі сьвята дзіцячае, бацькі адпачываюць. Мы гэтай магчымасьці сёньня бацькам не далі, мне здаецца, што ўсім было цікава і весела», — падзялілася сваімі ўражаньнямі Кацярына Гарэцкая, арганізатарка сьвята і заснавальніца адукацыйнага цэнтру «Крочым разам».

Суполка «Дзеткі-кветкі» налічвае каля 350 беларускамоўных бацькоў, якія актыўна камунікуюць у сеціве, адстойваюць правы беларускамоўных дзяцей у садках і школах, а таксама рэгулярна ладзяць супольныя сьвяты, каб дзеткі маглі стасавацца паміж сабой на роднай мове.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]