Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Пяць высноваў з Алімпіяды ў Пхёнчхане

26.02.2018 спорт
Пяць высноваў з Алімпіяды ў Пхёнчхане

Завяршыліся зімовыя Алімпійскія гульні, якія ўвойдуць у гісторыю, як хіба самыя праблемныя з часу байкотаў 1980-х.

Міжнародны алімпійскі камітэт, відавочна, апынуўся ў крызісе, не пасьпяваючы за складанымі сучаснымі тэндэнцыямі й падзеямі ў сьвеце.

З аднаго боку, яму ня надта хацелася мяняць сваю ўнутраную сыстэму, зь іншага, у выпадку расейскага допінгавага скандалу сыстэма пачала даваць збоі, і хоць запозьнена, але трэба было неяк рэагаваць. У Кожным выпадку, алімпійскі рух апынуўся перад няпростымі рашэньнямі. Пытаньняў значна больш, чым адказаў.

Высновы з гэтае Алімпіяды для міжнароднай супольнасьці, безумоўна, будуць яшчэ ацэньвацца і аналізавацца, але варта вызначыць асноўныя.

1. Допінг і кантроль

Хочам мы таго ці не, але праблема допінгу й кантролю за ім настала ўпісалася ў парадак дня МАКу. Санкцыі супраць Расеі яскрава засьведчылі, што зборная зь дзяржаўнай допінгавай сыстэмай і без яе — дзьве розныя зборныя.

Трыюмф Сочы-2014 зьмяніла цалкам пасрэднае выступленьне ў Пхеньчхане-2018. Каб не драматычная перамога расейцаў у дадатковы час над камандай Нямеччыны ў хакейным фінале, то вынік расейцаў увогуле можна было б прызнаць правальным.

Здаецца, гатовых рашэньняў, што рабіць з допінгавай праблемай МАК пакуль што ня ведае, бо жаданьне не разбурыць сыстэму і сьцішыць вынікі скадалу, дазволіўшы расейцам выйсьці на цырымонію закрыцьця гульняў пад сваім сьцягам, ня спраўдзілася з прычыны выўленьня новых станоўчых аналізаў на допінг у складзе расейскіх алімпійцаў.

Рэакцыя на махлярства з допінгам з боку іншых краін і спроба залагодзіць сытуацыю з боку МАК надае праблеме большы фармат, бо непрыезд на біятлённыя спаборніцтвы ў расейскую Цюмень каманд Чэхіі і ЗША, пра што ўжо абвешчана, дыктуе відавочную этычную, юрыдычную й нават палітычную пэрспэктыву супрацьстаяньня, якое можа прынесьці Алімпійскаму руху значныя іміджавыя, дый ня толькі, страты.

2. Алімпійскі рух і міжнародная палітыка

МАК паўстаў перад праблемай, калі трэба займацца не адно спортам, але й міжнароднай палітыкай і ўяўляць, што алімпійскі спорт — гэта ўжо ня толькі спорт. Посьпех на Алімпіядзе сёньня для асобных краінаў набывае значэньне палітычнай устойлівасьці, дзе спартовая перамога мае значна даражэйшы кошт. Заплюшчваць на гэткую акалічнасьць вочы, значыць, у пэрспэктыве апынацца ў эпіцэнтры іншых спартовых скандалаў, з пагрозай іх вынасу ў палітычную плоскасьць.

3. МАК і грошы карпарацый

Гледзячы на паўпустыя трыбуны алімпійскіх арэнаў, паўстае пытаньне, а дзеля чыіх інтарэсаў уласна існуюць Алімпійскія гульні? Выбар Пхеньчхана ў якасьці алімпійскае сталіцы, дзе ня надта устойлівыя спартовыя традыцыі й дасягненьні, дзе ў гэтую пару году надвор'е не ідэальнае, і ня раз ставіла арганізатараў і ўдзельнікаў перад пагрозай зрыву спаборніцтваў, дзе галоўная алімпійская арэна будавалася на адзін раз, і будзе неўзабаве зруйнаваная, гаворыць пра тое, што МАК пайшоў на сустрэчу не аматарам спорту, але вядомым прамысловым карпарацыям, як тым структурам, што фінансуюць гульні.

Чаму так адбываецца, тлумачыць наўрад ці патрэбна. Грошы вырашаюць многае, але набываючы капітал эканамічны, губляецца капітал іміджавы. Ускосна гэтую праблему прызнаў і прэзыдэнт МАК Томас Бах. Шуканьне раўнавагі ў гэткім важным і далікатным пытаньні, пэўна, будзе адным з асноўных клопатаў МАК.

4. Выйграе традыцыя й сучаснасьць

Па выніках гэтай Алімпіяды можна сьцьвярджаць, што краіны, дзе ёсьць цікавасьць народу, сталая агульная традыцыя зімовых відаў спорту, найноўшыя спартовыя тэхналёгіі і, самае галоўнае, надзейныя палітычная і эканамічная сыстэмы, вядуць рэй у спаборніцтве за колькасьць і якасьць здабытых мэдалёў.

Нарвэгія, Нямеччына, Канада, ЗША, Нідэрлянды і Швэцыя па праву склалі ТОР-6 алімпійскіх краін на спаборніцтвах у Пхеньчхане.

Асабліва ўразіў, нягледзячы на непрыезд гульцоў НХЛ, прагрэс і посьпех хакеістаў Нямеччыны, якія ня сталі галоўнай сэнсацыяй гэтай Алімпіяды выключна з-за таго, што спалохаліся такога яркага й блізкага зьзяньня алімпійскага золата.

5. Беларусь і яе алімпійскія пэрспэктывы

Для Беларусі вынікі Алімпіяды ў Пхеньчхане скончыліся пятнаццатым месцам у агульным заліку і адстаўкай міністра спорту пасьля першых няўдалых стартаў у біятлёне. Гэта на паверхні. Але па вялікаму, беларусы выступілі чакана. Яшчэ адзін верагодны мэдаль у фрыстайле, які не адбыўся праз кітайскага, расейскага й швэйцарскага арбітраў, быў выменяны на золата біятлённай жаночай эстафэты, дзе ўзяць золата ці ўвогуле ўскочыць на п'едэстал было мала магчымым. Гэта сьведчыць, што тое фінансаваньне, якое атрымваюць нашыя спартовыя школы біятлёну й фрыстайлу, яны апраўдваюць. У адрозьненьне, скажам, ад хакея, які ўвогуле ня быў там прадстаўлены.

Прэзыдэнт беларускага НАК зразумеў, што сьцяганосец расейскага трыкалёру Фомачкін у складзе беларускіх алімпійцаў ня ўпісваўся ў парадак дня, бо парадак той набыў небясьпечную форму й выдаткаў было б значна больш за прыбыткі. Да таго ж, пасьля падзеяў у спаборніцтвах па фрыстайле, беларусам ёсьць што закідаць расейцам.

Але ўвогуле пэрспэктыва беларускага алімпійскага спорту выглядае складанай, бо краіне, каб трымацца хоць бы на ўзроўні вынікаў Пхеньчхана, трэба не адно фінансаваць спорт, але адпавядаць сучасным тэндэнцыям сыстэмна, як у галіне спартовай, гэтак і ў эканоміцы, і ў палітыцы. Мэдалёвы камандны залік на Алімпіядзе ў Паўднёвай Карэі гэта выразна зазначыў, і выпадак з сарваным ветрам з дрэўка й недавезеным да залатога фінішу ў эстафэтнай гонцы Дар’яй Домрачавай сьцягам РБ, выглядае надта сымбалічна. Беларусі трэба мяняцца, мяняцца імкліва і беспаваротна.

Алег Дашкевіч, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]