«Віртуальны шпацыр па мясцінах БНР» адбудзецца 2 сакавіка па адрасе Машэрава, 18.
„Арт Сядзіба” працягвае серыю лекцый да стагоддзя БНР. Пра адрасы БНР і пра шмат чаго іншага распавядзе мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі падчас чарговай лекцыі, паведмаляе «Радыё Рацыя».
Менск на сумежжы ХІХ—ХХ ст.ст. стаў пунктам нулявога адліку ў найноўшай гісторыі Беларусі і ня толькі яе. У Менску братамі Луцкевічамі была ўтворана першая нацыянальная партыя беларусаў — Беларуская сацыялістычная грамада. Тут дзейнічала іх партыйная друкарня, а ў 1906 г. тут адбыўся ІІ з’езд Беларускай Сацыялістычнай Гамады. Цудам будынак, у якім месьцілася гэтая партыя ў 1917 годе – ацалеў! У 1917 г. тут дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Раманам Скірмунтам. Адна з першых публічных акцый камітэту — наладжаны 12 сакавіка 1917 г. Дзень беларускага значка ў Мeнску.
Як паведамлялі газеты, у гэты дзень на вуліцах гораду прадаваліся «значкі нацыянальных колераў Беларусі — чырвонага з белым. Упершыню забытая мова забытай беларускай вёскі дамінавала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях, кінематографах».
24-25 траўня 1917 г. у Менску адбыўся з’езд беларускага каталіцкага духавенства. 25 сакавіка 1918 г. у Менску была абвешчана незалежнасць БНР.
Тут цудам ацалелі ўсе адрасы, тым ці іншым чынам звязаныя з ідэяй незалежнасці Беларусі.
У былым гарадскім тэатры — цяпер тэатар імя Янкі Купалы — пры канцы 1917 г. адбываліся пасяджэнні Усебеларускага з’езду.
У колішнім біскупскім палацы пры кляштары езуітаў — тады рэзідэнцыі расейскіх губернатараў — у 1918 г. засядалі спачатку выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езду, а затым і Народны сакратарыят Беларусі. Тут была прынятая Першая ўстаўная грамата (плошча Свабоды, 7).
Захаваўся ў выдатным стане і той самы будынак на вуліцы Валадарскага, 9 дзе ў зале на трэцім паверсе а восьмай раніцы 25 сакавіка была ўхваленая Трэцяя ўстаўная грамата БНР. Ён быў арандаваны ў Сялянскага пазямельнага банка з сярэдзіны сакавіка 1918 года для Народнага сакратарыяту.