18-га ліпеня 1922 адбылася сустрэча пасла Японіі з генералам Станіславам Булак-Балаховічам.
Сведчанне гэтага захавалася ў Цэнтральным вайсковым архіве ў Рэмбертове (Польшча), паведамляе «Радыё Рацыя».
Японская дыпламатычная місія
Рапарт
Японскі пасол некалькі разоў запрашаў ген. Балаховіча да сябе, ген. Б. быў 18 ліпеня.
Змест размовы: Пасол вельмі цікавіцца дзейнасцю ген. Б., бо ведае, што ген. Б. не мае памяшкання і таму не можа прывезці з Эстоніі сваю сям’ю. Прадстаўляе яму бясплатна тры пакоі ў сваёй віле.
Праз пасла перадае ген. Б. прывітанне ген. Болдыраў / кіраўнік ураду пасля Сямёнава / і запытваецца, якія ген. Б. мае на будучыню планы, і што для яго вельмі важна ўтрымліваць сталы кантакт: лічыць яго сапраўдным антыбальшавіком.
Пасол паміж словамі сказаў, што на Далёкім Усходзе для такога слаўнага партызана знайшлася б праца, тым больш што японцы часова змяняюць свае планы.
Варшава 22 ліпеня 1922
Станіслаў Булак-Балаховіч (1883–1940) – беларускі, польскі і расейскі вайсковы дзеяч. Афіцэр кавалерыі Расейскай арміі, генерал-маёр Белай арміі, генерал Асобнага атрада БНР, камандзір добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі ў 1920 г., удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі на баку генерала Франка. Пасля акупацыі Польшчы Трэцім Рэйхам спрабаваў арганізаваць падполле, удзельнічаў у абароне Варшавы. Быў забіты 10 траўня 1940.