Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Бацька апальнага блогера: Сын паказвае «гаранту», што адбываецца па-за яго абалонкай

01.03.2018 общество
Бацька апальнага блогера: Сын паказвае «гаранту», што адбываецца па-за яго абалонкай

Аляксандар Пуціла, бацька відэаблогера NEXTA, цалкам падтрымлівае сына ў ягонай дзейнасьці.

Журналіст Аляксандар Пуціла, бацька відэаблогера NEXTA, падтрымлівае сына ў ягонай дзейнасьці і называе перасьлед спробай перакласьці на некага адказнасьць за правалы дзяржаўнай палітыкі, паведамляе «Радыё Свабода».

19-гадоваму Сьцяпану Пуцілу, які ў сеціве карыстаецца псэўданімам Сьвятлоў, пагражае крымінальны артыкул 368 — «абраза прэзыдэнта». Санкцыя — пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў.

22 лютага ў кватэры Пуцілаў у Сеніцы пад Менскам адбыўся ператрус, у якасьці рэчавых доказаў міліцыянт у форме і яшчэ адзін супрацоўнік у цывільным забралі некалькі адзінак кампутарнай і відэатэхнікі. Сам хлопец вучыцца ў Польшчы, там жа па працоўных справах знаходзіцца бацька. Дома былі маці і малодшы брат.

Вынікі экспэртызы канфіскаванай тэхнікі і відэа на канале NEXTA будуць агучаныя цягам двух месяцаў — тады і стане вядома, ці распачнуць крымінальную справу.

«Паказвае «гаранту», што адбываецца па-за яго абалонкай»

У апошні дзень зімы Сьцяпан выклаў чарговы зьедлівы ролік, у якім спробу падвесьці яго пад крымінал пракамэнтаваў цытатай з Кандрата Крапівы: «Парсюк ня надта быў ахвочы глядзецца праўдзе ў вочы...»

«Мэханізм толькі запушчаны, навінаў пасьля ўчорашняга відэа няма, — сказаў Сьцяпан карэспандэнту Свабоды. — Два месяцы давядзецца пачакаць, тады нешта стане больш-менш зразумела...»

Сьцяпан — сын вядомага ў мінулым спартовага камэнтатара Беларускага тэлебачаньня Аляксандра Пуцілы, які ўжо працяглы час працуе па тым жа профілі на «Белсаце». Маці Сьвятлана — настаўніца, для яе гэта вялікае маральнае і фізычнае выпрабаваньне.

«Уладзе самы час задумацца, чаму такіх блогераў становіцца ўсё больш, — кажа Аляксандар Пуціла. — Але замест таго, каб пачаць рэальныя зьмены ў грамадзтве, яны шукаюць, на каго павесіць віну за ўласныя хібы. У гэтым сэнсе Сьцяпан прыслухаўся да голасу народу, які думае, што чыноўнікі наўмысна агароджваюць прэзыдэнта ад рэальных праблемаў. Вось ён нашаму „гаранту“ і паказвае — паглядзіце, што робіцца навокал вас! Мой сын не завэрбаваны замежнымі выведкамі, ня робіць бізнэс на наркотыках, зброі ці прастытуцыі, а канстатуе тое, што бачыць. І мне падабаецца, што робіць гэта таленавіта — і тэхнічна, і інтэлектуальна, на сучасным узроўні, з улікам патрабаваньняў публікі. Паверце шматгадоваму супрацоўніку тэлебачаньня».

«Калі паказвалі „Хроснага бацьку“, то абвінавачаньне бязвольна праглынулі»

Пасьля заканчэньня Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Сьцяпан Пуціла паступіў ва ўнівэрсытэт Катавіцаў, вывучае мэнэджмэнт тэлевізійнай прадукцыі. Там жа атрыманыя веды пачаў абкатваць практычна — за кароткі час ягоная старонка «Відэа зь Беларусі» набрала больш за 100 тысяч падпісчыкаў. А пасьля «рэклямы» ад сілавікоў лічбы пачалі прырастаць па некалькі тысяч штодзень.

«Такіх людзей ужо шмат: кагосьці раней прыціснулі, зараз дайшла да нас чарга, потым возьмуцца за некага іншага, — працягвае суразмоўца. — Такая ў іх праца — адсочваць нядобранадзейных. Я толькі аднаго не магу зразумець: калі ў свой час канал НТВ круціў „Хроснага бацьку“, ці шукалі аўтараў, ці спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці? А там, прабачце, нават не абраза, а наўпрост абвінавачаньне ў датычнасьці кіраўніка краіны да забойстваў палітычных апанэнтаў. Хто-небудзь падаў пазоў супраць расейцаў, пасылалі сілавікоў разабрацца? Таму, прабачце, гэта мышыная валтузьня, за якой я назіраю з вышыні. Каб запужаць Пуцілаў, кішка ў іх затонкая».

Паводле Аляксандра Пуцілы, становіцца сьмешна, калі свае дзеяньні міліцыя абгрунтоўвае неабходнасьцю рэагаваць на сыгналы рознага кшталту фраў А, Б ці В. Прынамсі, падчас ператрусу сьледчыя сказалі, што паступіла заява ад нейкай спадарыні Грыб, якая ўгледзела ў творчасьці блогера на ягоным Youtube-канале прамую «абразу прэзыдэнта».

«Сьцёпка ж не адзін такі, ня пуп зямлі — нібыта галоўны супраціўнік рэжыму, — кажа ён. — Наогул дзіўна, што нейкая кабета затэлефанавала куды трэба і далажыла, што ёсьць хлапец, які абражае “прэзыдэнта”. Значыць, грош цана ўсім спэцслужбам, якія раней не заўважалі, а тут раптам прачухалі, наколькі ўсё небясьпечна. А нічога ж не зьмянілася! Ён проста рэагуе на тое, што адбываецца ў грамадзтве. Ганарыцца трэба такім сынам! Асабіста я ўсьцешаны, што ён знайшоў сваю нішу — не за грошы, не па ўказцы куратараў, не за кватэры і машыны — і выказвае тое, што думае па той ці іншай праблеме. Калі ўладам гэта не падабаецца, дык мусяць выпраўляць памылкі, а не прыціскаць тых, хто ўказвае на недахопы ў іхнай працы».

«Як ёсьць мільёны праглядаў, значыць, запатрабавана, патрэбна»

У заслугу сыну Аляксандар Пуціла ставіць тое, што ён аказаўся ў ліку нешматлікіх беларускіх відэаблогераў, чые ролікі займелі такую значную аўдыторыю. І гэта сьведчаньне таго, што прадукт запатрабаваны.

«Тое, што ён сабраў столькі праглядаў, сьведчыць пра яго здольнасьці, — кажа бацька. — Сьцяпан жа ня ходзіць, не рэклямуе, не агітуе падпісацца, проста выкладвае ў інтэрнэт. І калі мільёны праглядаў — значыць, запатрабавана, цікава, патрэбна. Зноў жа, трэба не баяцца, не караць, а рабіць усё, каб у такіх блогераў было менш нагоды выступаць з крытыкай. Але гэта фармат не для каманды Лукашэнкі: яны самі па сабе, народ неяк сам. І гэта бачаць, па сутнасьці, дзеці. Людзі вераць 19-гадоваму хлопцу. Значыць, уладзе трэба тэрмінова карэктаваць сваю дзейнасьць, калі яна хоча ўтрымацца даўжэй. Канечне, усё гэта ўжо аджывае, становіцца сьмешным, вартым жалю, таму ўсё больш людзей з гэтых патугаў толькі сьмяецца».

Па словах суразмоўцы, сёньня і яго, і Сьцяпана шмат хто спрабуе суцешыць, пашкадаваць. Аднак самі Пуцілы да сытуацыі ставяцца з гумарам — хоць пачуцьцё салідарнасьці, безумоўна, абыякавымі не пакідае.

«Шкадуюць, пішуць, чым дапамагчы, — кажа Аляксандар. — Сьцёпка з гэтага ўсяго сам сьмяецца — ну якая дапамога? Залішнія турботы, таго ня вартыя. Хоць, канечне, прыемна адчуваць маральную падтрымку... Ну, устрымаецца ён на нейкі час ад паездак у Беларусь. Але пры цяперашнім узроўні камунікацый не трагедыя — і маці, і малодшы брат у любым разе застаюцца на сувязі. Нават калі прыціснуць і выставяць абвінавачаньне — што зьменіцца? Ды куча моладзі, якая некуды зьехала і ніякай грамадзкай дзейнасьцю не займаецца, ня рвецца ў Беларусь. Тут Эўропа, адкрыты ўвесь сьвет. А што ў Беларусі — апроч замілаваньня, што „мілая радзіма“? Улада сама выштурхоўвае, спыніўшыся ў часе і разьвіцьці».

Падчас ператрусу ў сеньніцкай кватэры Пуцілаў канфіскаваныя два патэнцыйныя «прадметы злачынства»: стары ноўтбук, які перайшоў у спадчыну ад старэйшага брата да меншага, і гэткая ж старая відэакамэра — падарунак ад знаёмых.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]