Народ змагаецца за памяць пра Рыгора Барадуліна.
Нават калі не цікавіцца літаратурай, то песні на вершы Рыгора Барадуліна знаёмыя ці не кожнаму беларусу. «Трэба дома бываць часцей», «Будзьма», «Зорка босая» – ведае старэйшае пакаленне, «Белая яблыня грому» на слыху ў моладзі.
З сапраўды народным паэтам Рыгорам Барадуліным журналіст Глеб Лабадзенка пазнаёміўся, калі быў 13-гадовым. Сёння згадвае яго з цеплынёю.
«Гэта найвялікшы падарунак лёсу для мяне, гэта чалавек які найбольшы ўплыў на мяне ў прынцыпе зрабіў. Я думаю, што гэта самае лепшае, што са мной магло здарыцца ў жыцці. Я заўсёды з трапятаннем быў побач з ім, разумеючы, што мне проста пашчасціла бачыць і чуць нашага нацыянальнага генія!», – дзеліцца з «Белсатам» Глеб.
Пры ўсёй народнай любові ў Беларусі дагэтуль няма вуліцы Рыгора Барадуліна.
У выніку ж атрымліваецца, што ўшанаванне памяці Барадуліна – справа не дзяржаўная, а народная. Гэтак, Глеб Лабадзенка ініцыяваў збор сродкаў на помнік на магіле Барадуліна, а таксама на памятную шыльду на доме, дзе жыў паэт.
«Літаральна два месяцы таму, на каляды, на доме дзе ён жыў па Мележа 4. З’явілася дошка, бронзавая дошка, метар сорак у вышыню. Гэта таксама, як помнік, і зноўку, скульптар Засімовіч яе выканаў. На адкрыццё гэтай дошкі сабралася некалькі дзясяткаў, можа сотня жыхароў, якія сказалі, што мы ганарымся, што жылі ў адным доме з Барадуліным», – сведчыць Лабадзенка.
Яшчэ пры жыцці народнага паэта быў створаны сайт baradulin.by, дзе можна знайсці для вольнага прагляду 49 кнігаў майстра. Паводле Глеба Лабадзенкі, менавіта цікавасць да творчасці паэта, які ўсё жыццё прысвяціў беларушчыне, ёсць найлепшым памятным знакам дзядзьку Рыгору.