3 сакавіка 1930 года ў Сібір з Беларусі быў адпраўлены першы эшалон з «раскулачанымі» сялянскімі сем’ямі.
Некалькіх стагоддзяў пры ўсіх урадах і рэжымах катаржнікі, высыльныя і дэпартаваныя спазнавалі пакутны шлях у Сібір. Але знаходзіліся і тыя, хто ехаў у той суровы край добраахвотна — у пошуках лепшай долі.
У канцы XIX стагоддзя сібірскі рэгіён Расіі імкліва развіваўся і ўзмоцнена каланізаваўся: на будаўніцтва Вялікай транссібірскай чыгуначнай магістралі накіравалася мноства добраахвотных перасяленцаў, у тым ліку беларусаў. Сярод іх было шмат сялян з малазямельных заходніх губерняў Расійскай імперыі: Гарадзенскай, Віленскай, Віцебскай, Седлецкай, Курляндскай. У Томскім павеце перасяленцы заснавалі беларускія паселішчы — Андрэеўка і Ламавіцкае, Петрапаўлаўка і Полазава. У 1899 годзе ў наноў утворанай Нова-Аляксандраўскай воласці з’явілася вёска Беласток.
Не ад добрага жыцця адважваліся нашы землякі на перасяленне ў далёкую Сібір. Беззямелле ды неўрадлівая мясцовая глеба не дазвалялі пракарміцца вялікім сялянскім сем’ям. Царскі ўрад быў зацікаўлены ў перасяленні сялянства ў Сібір, абяцаў падтрымку, льготы і спрыянне ва ўладкаванні на новым месцы. І ў 1896 годзе ў Томскую губерню ў якасці хадака-выведніка прыехаў Аляксандр Іоч.
У Перасяленчым упраўленні яму прапанавалі агледзець участкі тайгі ў Нікалаеўскай воласці Томскага павета, якія адводзіліся пад засяленне. Што гэта былі за месцы, паведамляў томскаму губернатару чыноўнік па сялянскіх справах Райскі: «Што да ўчасткаў у Нікалаеўскай воласці, на якія прызначаецца прыблізна 800 сем’яў, то яны маюць горшыя ўмовы, чым іншыя перасяленчыя ўчасткі, як у параўнанні шляхоў зносін, так і паводле магчымасці набыць на там хлеб і земляробчыя прылады...»
Паўнаводная рэчка Шагарка падчас разліву аддзяляла гэтыя ўчасткі ад найбліжэйшых вёсак месяцы на паўтара-два. Аднак гэтыя землі чымсьці прывабілі Восіпа Ханевіча, яго аднавяскоўцаў Гераніма Мазюка і Восіпа Маркіша, братоў Аляксандра і Івана Іочаў. Яны абралі гэты кавалак тайгі — Рыбалоўскі перасяленчы ўчастак, дзе акрамя векавой тайгі было колькі еланяў — выгаралых месцаў (менш працы спатрэбіцца для раскарчоўкі пад пашу) ды яшчэ стаялі дзве хаткі пчаляроў суседняй Малчанаўскай воласці. Відавочна, спадабалася і глыбокая паўнаводная рэчка побач...
Запісаўшы за сабой і сваімі сваякамі гэтыя надзелы, вярнуліся хадакі за сем’ямі. Па вясне, калі атрымалі перасяленчыя пасведчанні і пад’ёмныя, выправіліся ў дарогу. Да Томску ехалі чыгункай у таварных вагонах разам са скацінай і правіянтам, сялянскімі прыладамі працы і начыннем (на сям’ю давалі па адным вагоне-таварняку). Далей да вёскі Малчанава плылі на параходзе па вялікай «сібірскай Місісіпі» — Обі, а там — сваім ходам праз тайговыя ўрманы і балоты да месца. На карце Томскай губерні ў 1899 годзе з’явілася яшчэ адно новае паселішча — Нова-Рыбалоўскае з 13 двароў.
На новым месцы абжываліся цяжка: суровая сібірская зямля з неміласэрным тайговым гнюсам улетку і нябачанымі маразамі ўзімку. Скаціна здыхала ад бяскорміцы. Ад дызентэрыі, холаду і голаду паміралі дзеці. Пякельная праца па раскарчоўцы тайгі пад ворыва вымотвала дарослых. Аднак працавалі з імпэтам: кожны абрабляў уласную зямлю, ведаў, што дабрабыт сям’і зараз залежыць толькі ад яго самога, а не ад пана ці чыноўніка.
Плынь перасяленцаў і хадакоў была аграмаднай. З 1884 па 1889 гады ў Томскую губерню прыехала з Беларусі 43 тысячы чалавек, а ў наступныя пяць гадоў — больш за 48 тысяч. У 1907 годзе, у перыяд найбольшага размаху зямельнай рэформы Пятра Сталыпіна, за год у губерню прыбыло 30 тысяч перасяленцаў.
Аднак шмат хто не вытрываў выпрабаванне Сібірю. Плынь тых, хто вяртаўся назад у Беларусь, год ад года ўзрастала: у 1901-м з Сібіры вярнулася на радзіму больш за 5 тысяч сем’яў, у 1907 годзе з Томскай губерні — 800 сем’яў. Улады на гэта глядзелі спакойна і цвяроза, папярэджвалі ахвотнікаў перасяліцца ў Сібір у часопісе «Сібірскае перасяленне», што «дрэннага гаспадара Сібір на добрага не пераробіць».
Тыя, хто не спалохаўся цяжкасцяў, потым уладкаваліся, прыжыліся, паставілі моцныя пяцісценкі, свірны і гумны, выкапалі студні з высокімі «жураўлямі» — усё, як у роднай Беларусі. Абгарадзілі мястэчка.
Ва Усерасійскім сельскагаспадарчым перапісе канца 1916 года пазначана, чаго дамагліся нашы землякі за паўтара дзясятка гадоў гаспадарання ў Сібіры.
Паводле перапісу, у вёсцы Беласток налічвалася 95 сялянскіх самастойных гаспадарак, пражывала 516 чалавек, пад пашай было 285 дзесяцін апрацаванай зямлі. Ва ўсіх гаспадарках налічвалася 267 коней і 374 галавы буйнай рагатай скаціны. Невялікае багацце — 3–4 дзесяціны пашы на сям’ю з 7–10 чалавек, па два кані ў стайні ды тры кароўкі ў статку!.. У параўнанні з тубыльскімі сялянамі нашы выхадцы былі небагатымі. Але менавіта яны і такія, як яны, сяляне накармілі перад вайной Расію, а масла сібірскіх каровак стала папулярным у Еўропе.
У Сібіры памешчыкаў не было: кожны працаваў на сябе. Дабрабыт залежаў ад працавітасці і колькасці працоўных рук у сям’і. Але грамадзянская вайна, калчакоўшчына, продразгортка адбіліся на жыцці вяскоўцаў. Тады сем’і пазбавіліся шматлікіх карміцеляў. Тым не менш усё ішло сваім парадкам — неяк трэба было жыць...
Скончылася такое гаспадаранне напачатку трыццатых гадоў — падчас калектывізацыі па-сталінску: селяніна-хлебароба змянілі калгаснік і саўгаснік з зусім іншай псіхалогіяй і іншым стаўленнем да зямлі і працы. Калі штосьці першапачаткова і захавалася ад ранейшага селяніна — апантанасць у працы, ашчаднасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу ўсёй грамадой, то з часам, паступова, усё гэта знікала...
Масавая калектывізацыя ў краіне пачалася, як вядома, у канцы 20-х — пачатку 30-х гадоў. У Беластоку ж калгас упершыню быў створаны толькі ў красавіку 1935 года. Пра тое, чаго каштавалі вяскоўцам гэтыя пяць гадоў супраціву калектывізацыі, можна толькі здагадвацца. Пазбаўленне выбарчых правоў, цяжар падатковага прэса, распродаж маёмасці і раскулачванне, асуджэнне — вытрывалі ўсё.
Мабыць, не было толькі высылкі сем’яў раскулачаных з Беластоку далей — у Васюганскія балоты. Затое не адзін год назіралі вяскоўцы за тым, як высылалі іншых: ад трыццатага года па Нарымскаму тракту, праз вёску даволі часта ішлі ўзімку на поўнач Нарымскай акругі абозы раскулачаных. Ды і ў самой вёсцы знаходзілі часовы прытулак адміністрацыйныя высыльныя, тыя ж раскулачаныя.
Калгас у Беластоку назвалі «Чырвоны штандар» — па-свойму, насуперак волі начальства. Вясковыя ўлады імкнуліся хутчэй адрапартаваць пра завяршэнне суцэльнай калектывізацыі, таму сталі раскулачваць свавольных, шантажаваць тых, хто сумняваўся: адбіралі надзелы зямлі, прысядзібныя ўчасткі і агароды абразалі да самага ганка, павялічвалі планы здачы збожжа. А калі былі незадаволеныя, «дапамагала» міліцыя. Прайшлі першыя арышты: каго за «доўгі язык» упяклі, каго за нежаданне ўступаць у калгас.
З 1937 года пачалі забіраць «па лініі НКУС». У першую чаргу ўзялі дырэктара школы П.Д. Чырвонага, настаўніка І.П. Барысаўца і заўгаса школы Н.М. Карэліна. Разам з імі была арыштавана група калгаснікаў. Тады ж арыштавалі яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку і сябра выканкама сельсавета І.С. Назарука. Але самай страшнай была ноч з 11 на 12 лютага 1938 года, калі арыштавалі амаль усіх мужчын ва ўзросце ад 17 да 70 гадоў, што яшчэ заставаліся.
Так былі «пераможаныя ворагі народа» з вёскі Беласток. Засталіся ў ёй толькі дзеці ды жанчыны, што сталіся ўдовамі задоўга да вайны. Ніхто з іх так і не дачакаўся сваіх мужоў, бацькоў, братоў.
Пасля арышту беластоцкія жыхары, што яшчэ заставаліся на волі, поўнай чарай выпілі лёс адрынутых. Шмат што ім давялося перажыць, як і дзясяткам сасланых у Беласток у гады вайны латышоў, немцаў, малдаван.
Жанчын вёскі рэпрэсіі па так званай «лініі НКУС», праўда, не закранулі. Мацяркам іх дзецям давялося доўгія гады несці на сабе цяжкую пячатку жонак і дзяцей «ворагаў народа».
Вывучэнне архіўна-следчых спраў перыяду 30-х гадоў у дачыненні да жыхароў Беластоку паказала, што з 30 жніўня 1937 года па 12 лютага 1938 года было арыштавана органамі НКУС 88 чалавек. Лічба ўражвае, бо ў вёсцы па выніках перапісу 1937 года налічвалася ўсяго 127 мужчын ад васямнаццаці гадоў да зусім старых.
Большасць арыштаваных абвінавачваліся як удзельнікі нацыяналістычнай контррэвалюцыйна-дыверсійнай паўстанцкай арганізацыі пад назвай «Польская арганізацыя вайсковая». Усе справы былі ліпавыя, сфабрыкаваныя супрацоўнікамі НКУС. Такога кшталту арганізацыі былі «абясшкоджаны» ў шмат якіх раёнах як Заходне-Сібірскага краю, так і Беларусі.
Паколькі пры ператрусах не знаходзілі ніякай зброі, у абвінавачванні запісвалі, што гэта арганізацыя павінна была захапіць зброю падчас паўстання. Ад кожнага патрабавалі прызнацца ў здзяйсненні якога-небудзь шкодніцтва ці дыверсіі. Тым, хто быў больш пісьменны, прышывалася «контррэвалюцыйная прапаганда, падрыў аўтарытэту Савецкай улады і калгаснага ладу, упраўленне тэрорам».
Арыштаваныя ў жніўні 1937 года былі расстраляныя 5 лістапада 1937-га. Тыя ж, хто быў арыштаваны 11–12 лютага 1938 года, былі знішчаны 9–10 красавіка. Усе яны былі расстраляныя ў горадзе Калпашава (адміністрацыйны цэнтр Нарымскага краю — І.К.)
«Судзіла» сялян Беластоку не «тройка» НКУС Заходне-Сібірскага краю, а Асобая нарада. Усе паперы пра прысуды падпісвала высокае начальства ў Маскве, відавочна, для большай пераканаўчасці і значнасці сфабрыкаваных спраў.
Усе рэпрэсаваныя жыхары Беластока былі рэабілітаваны пасмяротна ў гады хрушчоўскай «адлігі».
Немагчыма пайменна назваць усіх рэпрэсаваных жыхароў Беластоку, як не ведаем мы прозвішчаў і імёнаў катаў, якія падпісалі прысуды пра расстрэл у Маскве, як не вядомыя нам і тыя, хто прыводзіў гэтыя прысуды ў выкананне на месцах.
Дзесьці на стэлажах Цэнтральнага архіва ФСБ у Маскве знаходзіцца на вечным захоўванні крымінальная справа № 830458 у трох тамах па абвінавачванні жыхароў вёскі Беласток. Ці адкрые яна свае таямніцы? Будзем спадзявацца.
Ігар Кузняцоў, «Новы час»