Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Аўтар памятнай дошкі ў гонар БНР: «Сэрцам я ў Беларусі»

03.03.2018 культура
Аўтар памятнай дошкі ў гонар БНР:  «Сэрцам я ў Беларусі»

2 красавіка Алесь Шатэрнік прыляцеў у Менск.

Цягам трох гадзін 2 сакавіка неабыякавыя беларусы сабралі на краўдфандынгавай плятформе «Талака» больш за 3 тысячы даляраў для вырабу новай мэмарыяльнай дошкі на дом у Менску, дзе 100 год таму была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. «Радыё Свабода» пагутарыла са скульптарам Алесем Шатэрнікам, аўтарам арыгінальнай шыльды ў гонар БНР, якая чакала дазволу роўна чвэрць стагодзьдзя.

1 сакавіка кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму дало дазвол на ўсталяваньне мэмарыяльнай дошкі на вуліцы Валадарскага, 9, дзе 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР узяў за аснову ўжо існуючы ўзор аўтарства вядомага скульптара Алеся Шатэрніка — яго памятаюць усе, хто наведваўся ў сядзібу Беларускага Народнага Фронту.

«Вылепіць, адліць, пагрузіць на машыну — усё прыходзілася рабіць самому»

Прататып быў выраблены яшчэ 25 гадоў таму і ўяўляў бюджэтны варыянт з сылюміну — сплаву алюмінію і крэмнію. Аднак за прамінулы час арыгінал пачаў дэфармавацца і цяпер знаходзіцца ня ў самым лепшым стане.

Акрамя таго, сталічныя ўлады не захацелі ўзгадняць надпіс на дошцы тарашкевіцай, адной з умоваў стала патрабаваньне, каб тэкст адпавядаў афіцыйнаму правапісу.

Тэрмінова было прынятае рашэньне вырабіць бронзавую дошку, якая адпавядала высокім мастацкім стандартам. Адказным за збор сродкаў на «Талацэ» стаў грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка, які мае вялікі досьвед такой дзейнасьці.

Неўзабаве пасьля першай абвесткі, зробленай у сацсетках, грошы пачалі паступаць. А да сярэдзіны дня неабходныя для вырабу новай дошкі 6000 рублёў ня толькі былі сабраны ў поўным аб’ёме, а лічба пераваліла за 7000 і працягвае расьці.

«Вельмі ўсьцешаны магчымасьці ўсталяваньня мэмарыяльнай шыльды, — прызнаўся Свабодзе аўтар арыгінальнай працы Алесь Шатэрнік, які цяпер знаходзіцца ў ЗША. — Ня ведаю нават, ці можаце адчуць тое хваляваньне, што зараз перажываю я. Няўжо дачакаемся... Божанька на добрыя справы літасьлівы...»

За ўзор новай дошкі будзе ўзяты ранейшы варыянт, адзінае, над копіяй з блаславеньня Алеся Шатэрніка ў Менску будзе працаваць іншы вядомы скульптар Ігар Засімовіч. Ставіцца мэтай вырабіць і перадаць мэмарыяльны знак на мантаж да 20 сакавіка — з умовай, што да 25-га ён будзе вісець на доме.

Тым часам цікаўлюся ў спадара Шатэрніка, чаму шыльда не была ўсталяваная ў той час, калі, здавалася, не існавала ніякіх ідэалягічных перашкодаў? Усё ж ад пачатку 1990-х і да прыходу Лукашэнкі ў 1994-м важнасьць гістарычнай спадчыны ўспрымалася досыць адэкватна.

«Усё наша беларуская рахманасьць, — не хавае засмучэньня суразмоўца. — Па-першае, і сродкаў асабліва не было: вылепіць, адліць, прывезьці з заводу да месца ўсталяваньня, нават пагрузіць на машыну — усё прыходзілася рабіць самому. Па-другое, не ацанілі важнасьці моманту — думалі, часу наперадзе яшчэ шмат, усё толькі пачынаецца... Адпачатку меліся ўсталяваць дошку на тым будынку падчас устаноўчага зьезду Беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“. Быў падрыхтаваны ліст ад удзельнікаў да Вярхоўнага Савету на імя старшыні Станіслава Шушкевіча. Згода была падпісаная, у мяне гэты ліст захоўваецца. Зь бюракратычных патрабаваньняў патрэбен быў і подпіс Вячаслава Кебіча як прадстаўніка выканаўчай улады. І тут справа тармазнулася».

«Радасныя ўдзельнікі зьезду фатаграваліся са знакам, замацаваным на прычэпе»

Як кажа Алесь Шатэрнік, складаная эканамічная сытуацыя не спрыяла духоўнаму абуджэньню, людзей больш непакоіла ўласнае выжываньне, чым атрыбуты незалежнасьці. А іншыя ўпалі ў эйфарыю, не заўважаючы, што кароткі шлях адлігі ўпіраецца ў тупік.

«На той час улада ўжо хісталася, а радасныя беларусы гэтага не заўважалі і цешыліся на зьездзе, — працягвае Алесь Шатэрнік. — Па вялікім рахунку, усё было гатова, заставалася дошку толькі замацаваць. Але ў патрэбны час побач не аказалася нават сяброў-„пагонічаў“ — усе былі на сходзе ў Опэрным тэатры... Я на сваёй „Ніве“ з прычэпам прывёз яе да будынку і чакаў кагосьці, хто дапаможа разгрузіць, патрымаць лесьвіцу. Тым больш, была дамова. Але калі яшчэ ўдзень стаяў з машынай, падыйшлі толькі дзьве кабеты, троху пагаварылі — як аказалася, родныя Данчыка, мо нават яго маці спадарыня Юля. Шчоўкнулі фотаапаратам. Больш ніхто не зьявіўся — не лічу міліцэйскага маёра, які ўвесь час круціўся побач».

Алесь Шатэрнік мяркуе: каб у 1993 годзе мэмарыяльную дошку прыкруцілі да фасаду будынка на Валадарскага, 9, зь вялікай верагоднасьцю яна вісела б там і сёньня. Але ня супраць, каб больш удалася спроба паўтарылася праз чвэрць стагодзьдзя.

«Бліжэй да вечара, не дачакаўшыся сваіх сяброў, я сам паехаў з дошкай да Опэрнага тэатра, — згадвае скульптар. — Радасныя ўдзельнікі пасьля аседжаньня фатаграваліся ля майго мэмарыяльнага знаку, які быў замацаваны на прычэпе майго аўта... Пасьля зьезду кожны вярнуўся да сваіх непасрэдных абавязкаў, пры шыльду забыліся. Але я перакананы: каб нехта на той момант элемэнтарна дапамог бы мне патрымаць шыльду і прасьвідраваць дзіркі ў сьцяне, то справа была б зроблена — усталявалі б і ніхто нават не асьмеліўся б зрываць...»

2 красавіка Алесь Шатэрнік прыляцеў у Менск. «У Амэрыцы шмат цікавостак, але сэрцам я ў Беларусі», — кажа ён.

Найперш абяцае выправіцца да знакавага будынка на менскай Валадарскага, 9, дзе 100 гадоў таму была абвешчана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Гістарычны факт, які ня здолелі ўшанаваць чвэрць стагодзьдзя таму, як ён спадзяецца, атрымаецца замацаваць сёлета.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]