Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вечар зь Міхалам Анемпадыставым

03.03.2018 культура
Вечар зь Міхалам Анемпадыставым

Я думаю, што час для Міхала не спыніўся, проста зрабіўся іншым.

У маёй вальеры, як я называю кабінэт, тры сталы. Калі пішу гэтыя вечаровыя радкі, Міхал прысутны на ўсіх трох.

На пісьмовым стале пануе Міхалава паштоўка — фіялетавая ноч, сярод якой цьвіце залацістымі шарамі, а можа, зьзяе залатымі яблыкамі казачнае блакітна-сіняе дрэва. На яго толькі што апусьцілася зь нябёсаў залатая калядная зорка са сьвяточным хвастом. Я ведаю, што паштоўка будзе аздабляць стол да Вялікадня, а ў сьнежні зноў зьдзівіць сваім урачыстым зьяўленьнем завейнае бязладзьдзе маіх папер і паперак.

На стале, дзе растуць у неба вальеры стосы кніг, якім не хапіла месца на паліцах, вока адразу знаходзіць бел-чырвона-белы карэньчык «Колераў Беларусі». У кнізе шмат закладак. Зараз я не хачу чапаць таленавітага, як і ўсё, што рабіў Анемпадыстаў, хоць зусім і не бясспрэчнага (барані нас, Божа, ад бясспрэчных твораў) тэксту. Зараз — пра закладкі ў ілюстрацыях. Яны сьведчаць, што мы зь Міхалам вандравалі — не разам, а паасобку і ў розны час — але па тых самых гасьцінцах, дарогах і сьцежках нашага беларускага сьвету, нашага нацыянальнага космасу.

Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога

І — што для мяне самае істотнае — мы ехалі ды ішлі ня толькі па бітых шляхах, што вялі да Наваградзкага замчышча, Мірскага замку або віленскіх касьцёлаў сьвятога Станіслава і сьвятых Пятра і Паўла. Мы з Міхалам кружлялі па далёкім і блізкім навакольлі, дзе ня так ужо часта ступае нага дапытлівага беларускага падарожніка. Мы сядзелі на беразе рэчкі Гальшанкі каля вадзянога млына ў Гальшанах. Мы заходзілі ў зялёны мячэт, што ў беларуска-татарскай вёсцы Крушыняны на Падляшшы і ў царкву святога Арханёла Міхала ў Бельску. Нават даехалі да смаленскага сяла Талашкіна з ягоным славутым «Церамком», дзе працавалі Ігар Стравінскі, Міхаіл Урубель і Мікалай Рэрых. Анемпадыстаў паспрабаваў параўнаць спалучэньні сіняга, блакітнага і зялёнага ў Талашкіне і ў Бельску. Я згодны: атрымалася сапраўды астральна, ня горш, чым на каляднай паштоўцы зь пісьмовага стала.

А вось дзьве самых дарагіх для мяне фотаілюстрацыі.

Першая — беларускі туман, што дае Міхалу падставы паразважаць пра шэрую гаму, «поле найбольшых разыходжаньняў паміж мовай вэрбальнай і візуальнай, бо вока бачыць усе калярыстычныя нюансы, але мова не заўсёды ў стане іх апісаць». У мяне туман свой. Калі-небудзь я напішу, каго згубіў у такім вось тумане пад інсургенцкімі Мілавідамі, і якое шчасьце было знайсьці згубу.

Другая фатаграфія — возера, якое падводзіць Міхала да меркаванья, што прыблізна такім колерам прадоньня, «а нават яшчэ цямнейшым, глыбейшым і больш таямнічым мог быць архаічны сіні колер у разуменьні нашых далёкіх продкаў».

Міхалавы «Колеры Беларусі» надзіва асацыятыўныя, і ў мяне гэтае возера паклікала з памяці колеры пакінутага ледавіком полацкага возера Люхава, зь якім я зь дзяцінства адчуваю магутную містычную сувязь. Люхава ратуе, ацаляе, дорыць сюжэты і неспадзяванкі кшталту леташняй сустрэчы на сярэдзіне возера з чародкай вужоў, такіх самых, якіх у вечаровай сінечы сустракалі далёкія продкі. А можа, я мірна разьмінуўся ў глыбокай жнівеньскай вадзе зусім і не з вужамі.

На маім трэцім, кампутарным століку, таксама Міхал Анемпадыстаў. Слухае разам са мной з экрану свае створаныя на мяжы геніяльнасьці народнаальбомныя «Простыя словы». Белая саколка на здымку падкрэсьлівае амаль іканапісны твар (у канон не трапляюць адно адметныя вушы). Вочы, што глядзелі нязьмерна далей і бачылі глыбей, чым шмат у каго з сучасьнікаў, выпрабоўваюць, выклікаюць на няпросты маўклівы дыялёг. Твар свабоднага, неверагодна свабоднага чалавека.

Фота: svaboda.org

У нас былі розныя асяродзьдзі, а значыць і рэдкія сустрэчы. Таму яны і не забыліся. Неяк мы гаварылі пра час як адно з увасабленьняў Айчыны.

Я думаю, што час для Міхала не спыніўся, проста зрабіўся іншым. Я думаю, што цяпер ён у створаным ім сьвеце, сярод сваіх вобразаў, сваіх герояў і сваіх колераў. І гэты ягоны час, і гэты ягоны сьвет — працяг Айчыны. Некалі мы сустрэнемся ў тым часе і тым сьвеце. І — хто ведае — магчыма, аднойчы будзем плысьці поруч па маім, ужо асмужаным бэзавым туманам возеры і разьмінемся на сярэдзіне архаічнай сінечы з адважным плыўцом, які падумае, што, можа, гэта зусім і не вужы.

Уладзімер Арлоў, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]