Як працавала цяжкая дыпляматычная артылерыя незалежнай беларускай дзяржавы.
Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца «Радыё Свабода» публікуе старонкі гэтай кнігі.
Загадкавыя сацыялісты-фэдэралісты
Самай экзатычнай з партыяў, на якія летам 1918 году раскалолася Беларуская сацыялістычная грамада, выглядала Беларуская партыя сацыялістаў-фэдэралістаў. Галоўнае праграмнае палажэньне партыі: пасьля паваеннага аднаўленьня жыцьця Беларусь мусіць увайсьці ў фэдэрацыю з суседзямі (як і было пастаноўлена на Ўсебеларускім зьезьдзе). Кожнаму сябру партыі дазваляецца прытрымлівацца любой з наступных арыентацыяў:
беларускай;
расейскай;
нямецкай;
украінскай;
літоўскай;
ліфляндзка-курляндзкай.
Няцяжка голым вокам заўважыць, каго ў сьпісе не хапае... У гэтай партыі няясным выглядае фактычна ўсё. Пры тым у Статуце партыі ні разу не сустракаецца слова «незалежнасьць». Застаецца пералічыць яе найвіднейшых прадстаўнікоў: Я. Серада, Я. Варонка, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Цьвікевіч, К. Езавітаў, П. Крачэўскі, В. Захарка, А. Аўсянік.
Забраныя грошы
Кабінэт Янкі Серады атрымаў у спадчыну ад папярэднікаў цяганіну зь немцамі за грошы, якія нямецкі камэндант Менску маёр Эгерс сканфіскаваў з касы Народнага Сакратарыяту ў Губэрнатарскім доме 25 лютага.
Зноў і зноў пішуць беларусы лісты да Armeeoberkommando-10 з просьбай вярнуць 300 тысячаў рублёў. Грошы вельмі патрэбныя, пішуць яны, для пабудовы ў Будславе беларускай гімназіі, для адкрыцьця ў Менску Беларускага ўнівэрсытэту, для разьвіцьця дзейнасьці Беларускай гандлёвай палаты. Заадно просяць вярнуць забраныя тады «10 друкавальных машынак, пісчую паперу і канцылярскія прыналежнасьці ў колькасьці адной шафы і чатырох скрынак».
Праз тыдзень на просьбу прыходзіць патрабаваньне обэркватармайстра штабу 10-й Арміі паведаміць, адкуль паходзяць згаданыя 300 тысячаў рублёў. (Працяг яшчэ будзе.)
БНР бярэ Юбілейны дом
17 жніўня Народны Сакратарыят пасьля трох з паловай месяцаў стараньняў і намаганьняў нарэшце пераяжджае ў сваё новае памяшканьне ў Юбілейным доме.
Кансуляты ёсьць, прызнаньня няма
Лінія галоўнага дыпляматычнага фронту БНР праходзіла ў Кіеве — сталіцы падобнага пострасейскага дзяржаўнага ўтварэньня, але ўжо прызнанага бліжэйшымі і далейшымі суседзямі. Да прызнаньня Ўкраінаю было найбліжэй, але самой Украіне было тады не да таго.
Адбываліся ў Кіеве і кантакты з дыпляматамі іншых дзяржаваў — Нямеччыны, Аўстрыі, бальшавіцкай Расеі. Былі прызначаныя генэральныя консулы ў Кіеве і Маскве — Павал Трамповіч і Аляксандар Бурбіс, выканаўца абавязкаў консула на Паўночным Каўказе (Данская рэспубліка Краснова) — Аляксандар Вальковіч, правамоцны прадстаўнік БНР пры ўрадах Румыніі і Малдовы — Павал Манцэвіч.
Але без паўнацэннага дыпляматычнага прызнаньня гэтыя прызначэньні былі збольшага намінальнымі.
Плён драмы і камэдыі
«Что может быть плодотворнее для темного белорусского захолустья, как не белорусская комедия или драма на родном языке народа, жаждущего света и мирной жизни...» — не хавае захапленьня аўтар газэтнага паведамленьня пра гастролі тэатральнай трупы Флярыяна Ждановіча ў беларускай правінцыі.
Памяць аж празь вякі
Пётра Крачэўскі пра Ўсебеларускі Зьезд: «Мімаволі прыгадваецца мінулае. Сьмерць Усяслава Васількавіча ў 1181 г. Гэтак жа шумна і з такімі самымі гарачымі спрэчкамі, як і на зьезьдзе 17 сьнежня, Полацкае княства было абвешчана Рэспублікай...»
Подзьвіг тэатралаў у Ракаве
Пра гастролі Беларускага нацыянальнага тэатру ў правінцыі: «Мястэчка Ракаў і яго ваколіца зьяўляюцца самай апалячанай часткай Менскай губэрні, таму жаданьне даць некалькі беларускіх спэктакляў у такім асяродзьдзі можна лічыць свайго роду подзьвігам».
БНР ужо без «Ундэрвуда»
Тым часам Беларуская вучнёўская грамада ня склала зброі ў змаганьні з Народным Сакратарыятам за друкавальную машынку «Ундэрвуд». 5 верасьня вучні дасылаюць новае патрабаваньне вярнуць належную ім маёмасьць. Народны Сакратарыят у асобе Лявона Зайца адказвае: позна, машынка ўжо перададзеная іншай установе — Цэнтральнай гандлёвай палаце, усе просьбы надалей кіруйце туды.
Культурна-прасьветна, па-расейску
Культурна-прасьветнае таварыства «Бацькаўшчына», створанае яшчэ ў ліпені пад старшынствам эсэфа Варонкі, апекавалася рознага роду культурніцкай дзейнасьцю. 9 верасьня «Бацькаўшчына» папрасіла Народны Сакратарыят БНР з просьбай перадаць яму ў часовае карыстаньне друкарню НС. Ліст ад беларускай культурна-прасьветнай арганізацыі беларускаму ўраду за подпісам яшчэ аднаго эсэфа — Езавітава — напісаны... па-расейску.
На арэну выходзіць Антон Луцкевіч
22 верасьня ў Кіеў прыбыла новая Надзвычайная дэлегацыя БНР у справах замежных перамоваў на чале зь вядучым беларускім палітыкам Антонам Луцкевічам. Гэта ўжо была сапраўды цяжкая дыпляматычная артылерыя.
На другі дзень беларускія дыпляматы нанесьлі візыт бальшавіцкаму прадстаўніку Хрысьціяну Ракоўскаму і ўручылі яму дэклярацыю пратэсту Рады БНР з прычыны дадатковай расейска-нямецкай дамовы.
Дамова была падпісаная 28 жніўня, паводле яе немцы меліся адступіць да Бярэзіны і аддаць бальшавікам беларускія землі на ўсход ад яе, а таксама «ніякім чынам ня ўмешвацца ў дачыненьні паміж Расейскай дзяржавай і яе асобнымі абласьцямі... не выклікаць і не падтрымліваць утварэньня самастойных дзяржаўных арганізмаў у гэтых абласьцях».
Апошняе непасрэдна тычылася БНР і яе шанцаў на прызнаньне з боку Нямеччыны. З Ракоўскім правялі ў спрэчках тры з паловай гадзіны, і «гэтым візытам місія дэлегацыі ня вычарпалася».
«Просим вас, господ Белорусской Рады...»
З усіх куткоў Беларусі ў Народны Сакратарыят ішлі скаргі сялянаў на гвалт з боку нямецкіх акупантаў, якія, адчуваючы блізкі канец экскурсіі ў Беларусь, абдзіралі яе як маглі.
«Просим вас, господ Белорусской Рады, обратить внимание на непосильные реквизиции...», — пішуць у звароце сяляне вёскі Часнакі Івянецкай воласьці, падпісваецца ўся вёска — 12 чалавек.
Хуткая сьмерць імпэрыяў
Усё пасыпалася з пачаткам лістапада. 6-га аўстра-вугорскі імпэратар Карл І адракаецца ад пасаду. Імпэрыя спыняе існаваньне і распадаецца на новыя нацыянальныя дзяржавы, але яшчэ нейкі час Народны Сакратарыят будзе дасылаць сваім кіеўскім дыпляматам даверныя лісты на вядзеньне перамоваў з прадстаўнікамі Аўстра-Вугоршчыны «аб прызнаньні незалежнасьці БНР і ў іншых пытаньнях»...
9 лістапада ў Нямеччыне выбухае рэвалюцыя. Беларускія незалежнікі паўсталі перад пагрозай бальшавіцкай акупацыі. Неадкладна арганізуецца Вайсковая калегія БНР. Генэралу Кандратовічу і палкоўнікам Езавітаву і Тароцьку даручаецца ўтварыць штаб 1-га Беларускага палка. Тым часам Язэп Лёсік і Іван Луцкевіч, едучы зь Нямеччыны і Швайцарыі ў Менск і Вільню, заехалі ў Бэрлін і перадалі нямецкаму сацыялістычнаму ўраду свой мэмарандум з просьбай аб прызнаньні незалежнасьці.
Янку Сераду здымаюць з пасады за «двулічную палітыку»
У Менску 10 лістапада ў памяшканьні Менскай земскай управы зьбіраецца нарада прадстаўнікоў земстваў, гарадоў, сацыялістычных партыяў і каапэратываў. Нарада прымае рэзалюцыю аб часовай перадачы краёвай улады да скліканьня Ўстаноўчага Сойму Беларусі земскім і гарадзкім самаўрадам.
Дзеячы БНР заяўляюць аб спробе узурпацыі ўлады. Народны Сакратарыят (кабінэт Янкі Серады) «у сувязі з падзеямі апошняга часу» падае ў адстаўку. Былыя калегі абвінавацілі Сераду ў «двулічнай палітыцы, якая выявілася ў недастатковым захаваньні інтарэсаў Рады з мэтай дагадзіць інтарэсам Менскага губэрнскага земства, дзе ён таксама састаяў на службе». Рада БНР засядае кожны дзень...
Немцы грошай не аддаюць
Народны Сакратарыят да апошняга моманту ня страчваў надзеі вярнуць 300 тысячаў рублёў, канфіскаваныя нямецкімі акупантамі падчас высяленьня беларускай улады з Губэрнатарскага дому. На патрабаваньне немцаў паведаміць аб паходжаньні грошай Народны Сакратарыят адказвае, што грошы ў касу НС унесьлі казначэйства і паштовыя ўстановы гораду Менску, чыя маёмасьць загадам НС № 1 была абвешчаная набыткам беларускага народу.
На што начальнік штабу 10-й Арміі адказаў: ага, ну дык тады дзеля таго, што гэтыя грошы былі расейскай дзяржаўнай маёмасьцю, іх канфіскацыя была абсалютна законная, і больш вы іх ня ўбачыце. А адкуль, нагадайце, узяліся друкавальныя машынкі і канцылярскае абсталяваньне?
Пра грошы Народны Сакратарыят ужо і ня згадваў. Машынкі і астатняе, пісалася ў адказе, былі набытыя НС за ўласныя сродкі. І цяпер вельмі неадкладна патрэбныя. Але немцам ужо было не да машынак — на тым перапіска ў гэтым пытаньні спынілася. Працягу ня будзе.