Палітычныя змены абавязкова адбудуцца.
У мітуслівым змаганні за матэрыяльнае выжыванне, у побытавых дробязях, ад якіх нікуды не дзецца, многія насельнікі Беларусі не здольныя аб’ёмна і глыбока паглядзець на шлях, пройдзены за доўгія гады аўтарытарызму. Між тым наша навейшая гісторыя вымагае сур’ёзнага аналізу і аб’ектыўных высноў.
Паводле заяў нязменнага кіраўніка, мясцовай прапаганды і зацікаўленых замежных піяршчыкаў рэжыму, беларусы — самыя шчаслівыя людзі на планеце. У краіне пануе спакой і стабільнасць, яна квітнее. Але дэмагагічнай балбатні мы наслухаліся, як кажуць у народзе, па завязку, надышла пара глядзець у вочы горкай праўдзе.
Тое, што беларусы жывуць сціпла, але не галадаюць, ніяк не выпадае лічыць дасягненнем улады. Усе нашы суседзі маюць дабрабыт не горшы, а ў многіх краінах у разы лепшы. Нам трэба адпрэчыць прымітыўную, мясцовага разліву звычку арыентавацца на гады вайны, бядоты і нястач, радавацца нават мізэру, а браць за прыклад дынамічнае, выніковае развіццё.
Мне за часам аўтарытарызму добра бачны не «росквіт краіны», а слабая, архаічная, немадэрнізаваная эканоміка, затаптаная камандным дыктатам навука, небеларуская, нежывая адукацыя, нахабны ідэалагічны раскол насельніцтва на «сваіх» і «чужых», грубае прыніжэнне нацыянальнай годнасці беларусаў, заняпад роднай мовы і культуры, ушчэнт заблытаная, фальшывая сістэма выбараў з дзясяткамі тысяч амаральных членаў выбарчых камісій, што свядома ўдзельнічаюць у злачынным падмане, сотні тысяч буйных і драбнейшых карупцыянераў, махляроў і жулікаў, якія «дояць» дзяржаўны бюджэт, разбураныя гістарычныя цэнтры гарадоў, высечаныя паркі і скверы, на месцы якіх узведзены казіно, стратныя лядовыя палацы... Якая радасць можа быць ад такой змрочнай сітуацыі?
Нядаўнія выбары ў мясцовыя саветы прадэманстравалі, што кіруючы клан стаў больш цынічна парушаць прававыя і маральныя нормы. Раней хоць неяк прыхоўваліся прыпіскі і фальсіфікацыі. Цяпер, калі Захад паслабіў кантроль за рэжымам і пачаў з ім новыя гульні, калі палітычная актыўнасць беларусаў зведзена да мінімуму, а на яе тле вырашчана меркантыльнае (страх прад начальствам) і механічнае (так заведзена) ўкідванне бюлетэняў, можна ісці на любыя парушэнні. Пра гэта сведчаць спешнае датэрміновае галасаванне са старшынёй ЦВК (!) у першых шэрагах, «каруселі», назіральнікі-»цітушкі», фантастычна завышаная яўка. У нядзелю на выбарчыя ўчасткі клыпалі толькі адзінкавыя адданыя прыхільнікі «свайго хлопца» і тыя, хто ў чэргах магазінаў і аптэк праклінае ўладу, але ўсё роўна на фармальнае галасаванне сунецца. Увогуле, выбары звяліся да галасавання за аднаго (прэзідэнцкія) або за невядома каго (парламенцкія і мясцовыя). Грамадзяне часта не ведаюць прэтэндэнтаў, а пасля і не звяртаюцца да сваіх абранцаў. Гэта прафанацыя працэдуры народнага волевыяўлення!
Пад прыгнётам аўтарытарызму няма канкурэнцыі ў палітыцы, эканоміцы, што вядзе да глабальных страт. У краіне адсутнічае стратэгія, планаванне на працяглы перыяд. Яна жыве адным днём. Сілы чыноўнікаў кінуты на здабыванне замежных пазык, прапіхванне любой прадукцыі на знешні рынак, выцягванне з народа як мага больш грошай (праз цэны на харч, тавары і паслугі, праз штрафы), а разам — на захаванне ўлады. Рэжым баіцца развіцця малога і сярэдняга бізнесу, бо ён нараджае заможных, самастойных і смелых людзей, а таму не стварае для яго ўмовы, кладзе «лапу» на ўсе прыбытковыя праекты. У сваім апошнім інтэрв’ю забіты ў Расіі палітык Б. Нямцоў слушна заўважыў: «Поддержка — не в том, чтоб давать деньги, а в том, чтобы давать права... Задача власти — защитить слабого, чтоб его не съели. Тут проявляется уровень компетентности власти, ее нравственности».
Прафанацыяй захоплены ўсе сферы нашага жыцця, што пацвярджае свежы прыклад. У Міжнародны дзень роднай мовы тэлебачанне (АНТ) загаварыла па-беларуску. Выдатная нечаканка! Прыемна было глядзець на ўсмешлівыя абліччы звычайна суровых дыктараў, чуць добрае вымаўленне. Аказваецца, амаль усе могуць — тэлевізійнікі і запрошаныя! Бачна, што многія радуюцца нагодзе пагаманіць на роднай мове.
Чытач «Снплюс» патэлефанаваў мне зранку: «Сяргей Іванавіч, прабачце, што турбую, але не магу не падзяліцца. Дык жа сёння тэлебачанне стала іншым! Намнога больш прыветлівым, блізкім і душэўным. Няўжо ніхто гэтага не бачыць? А як мне падабаецца музычны лад нашай мовы, яе мяккасць, цяпло, дабразычлівасць да суразмоўцаў! Яна — проста цуд!»
Мне, чалавеку, які даўно піша пра трываласць, хараство і непаўторныя рысы роднай мовы, пра важнасць пастаяннага карыстання ёю для захавання нацыянальнага характару, наогул, жыцця нашага народа на планеце, было прыемна падзяліць такую радасць. Мы нават разам выказалі «рэвалюцыйнае меркаванне» — як было б выдатна, каб гэты светлы дзень даў пачатак беларускаму вяшчанню.
Але не тут-то было! Прыйшла новая раніца, а з ёю і старая прафанацыя важнай моўнай праблемы. Гэта хранічная хвароба. Можна валодаць многімі мовамі, але свая — найпершая, найгалоўная. У душах беларусаў, якія па ўласнай або чужой віне здрадзілі роднай мове, тлее неўсвядомлены ўнутраны канфлікт, пануе маральны дыскамфорт, жыве пачуццё непаўнавартасці. Адсюль вырастаюць апатыя, абыякавасць, пасіўнасць, нявер’е. Расійскі філосаф В. Шчыпкоў, які, дарэчы, стаіць на рэакцыйных пазіцыях імперскасці, піша: «Язык — это способ мыслить и действовать, который обязательно включает в себя культурные, религиозные, идеологические и другие элементы человеческого сознания. Даже душевное, психологическое состояние человека, а тем более народа, сказывается на форме и содержании используемого языка. Однако эти мировоззренческие, ценностные и прочие уровни языка редко осознаются обществом. Уровни языка и сам язык являются не объектом познания, а инструментом, — по сути, очками, через которые мы смотрим на мир». Калі гэтая выснова стасуецца з рускай мовай, то чаму беларуская не можа прэтэндаваць на такі ж статус?
Пытанне выкарыстання роднай мовы мае маральны грунт, а ён у нас — нетрывалы. Гэта, на мой погляд, найбольш сур’ёзная праблема.
Мова канчаткова не загіне, бо жыве ў генах беларусаў, абавязкова будуць палітычныя змены — ад аўтарытарызму да дэмакратыі, нават магчымае адраджэнне занядбанай вёскі. А самая далікатная сфера — чалавечая мараль. Яна дэфармуецца надта хутка, ды вяртаецца марудна. На гвалце, хлусні, папрашайніцтве, шантажы, агрэсіі, беспадстаўнай фанабэрыі не вырастаюць сапраўдныя людзі. Не хачу рабіць параўнанняў, але ўспомнім, што зрабілі з нямецкім народам нацысты, якія панавалі ў Германіі толькі 12 гадоў.
Наш маральны заняпад не прыкрыюць ні прымітыўны подкуп грамадзян стабільнай выдачай мізэрных зарплат і пенсій, ні пампезныя ваенныя парады і масавыя гулянні, ні залатыя медалі спартсменаў, прывезеныя з алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў Еўропы і свету.
Як бы кіраўнікі і прапагандысты ні захвальвалі аўтарытарную рэчаіснасць, а праўда палягае ў тым, што мы праходзім мёртвую фазу свайго развіцця. Чым хутчэй яна скончыцца, што залежыць толькі ад нас, тым лепш будзе для краіны і кожнага яе грамадзяніна.
Сяргей Законнікаў, «Свободные новости»