Чаму неабходна мірнае шэсьце пратэсту на Дзень Волі 25 сакавіка.
Пра гэта «Радыё Свабода» расказала грамадзкая актывістка, рэжысэрка дакумэнтальнага кіно Вольга Нікалайчык.
— Вольга, за апошнія дні вы некалькі разоў даволі эмацыйна выказваліся ў сацыяльных сетках наконт той тэмы, якая цяпер, бадай, самая гарачая ў беларускай незалежнай супольнасьці — пра фармат адзначэньня 25 сакавіка. Які аспэкт у гэтых дыскусіях вас найбольш закрануў, зачапіў, выклікаў вашу эмацыйную рэакцыю?
— Па-першае, я заўсёды была прыхільніцай пратэсту. Бо мы жывем у ГУЛАГу, у краіне, якая стала турмой пад адкрытым небам для вольных духам людзей. Пратэст — гэта адзіны фармат, які раздражняе Лукашэнку. Санкцыі і пратэст — адзінае, на што ён рэагуе. Пратэст — гэта тое, праз што нас чуе Эўропа, яна нас чуе, калі мы выходзім на вуліцу.
Для мяне, безумоўна. 25 сакавіка, Дзень Волі — гэта сьвята. Але сьвята пратэсту. І калі пачаліся сваркі наконт «пратэст-шэсьце або канцэрт-мітынг», то я, канечне, стала на бок той часткі, якая была за пратэст. І адразу пачала атрымліваць у свой бок кпіны і абразы.
Дзіма Дашкевіч, якога я вельмі люблю, пачаў абражаць Міколу Статкевіча, якога я вельмі люблю і лічу бацькам беларускага пратэсту. Каб гэтая рыторыка Дашкевіча была ў дачыненьні да Лукашэнкі ці Пуціна, ворагаў беларускага народу — я б гэта зразумела і ўхваляла. Але да паплечніка, які ў веку ягоных бацькоў... Мікола Статкевіч стаяў ля вытокаў стварэньня беларускага войска, дзякуючы яму нашы хлопцы ў 90-я не былі загнаныя вагонамі ў чачэнскі канфлікт. Дзіму яшчэ да Міколы расьці трэба. Яны абодва шмат чым ахвяравалі для Беларусі, але Зьміцер выклікаў такую хвалю абразаў у сацыяльных сетках...
— А чым бы вы патлумачылі гэтую хвалю? Чаму ў некаторых людзей на дадзены момант выклікае раздражненьне пазыцыя Міколы Статкевіча? Можа, сваімі прапановамі ён замінае людзям па-свойму адзначыць гэтае сьвята?
— Мікола нічым не замінае, барані Божа. Мы ў гэты сьвяты для Беларусі дзень вырваліся з мэнтальнасьці расейскай калёніі, сталі незалежнай краінай. І ў гэты дзень усе беларусы павінны хадзіць па вуліцах краіны са стужкамі, у вышыванках, апранаць адзеньне з Пагоняй. Мікола на ланцугу на наша шэсьце нікога ня цягне. Мікола кажа — «Давайце выйдзем і скажам, што мы ня хочам жыць у турме». Нам кажуць — «Дык вы ўсё роўна сядзеце і не пераможаце». Мы ўжо перамаглі, таму што мы выйдзем.
Нават Саладуху запрасілі ўжо на канцэрт. Вядома, Саладуха мае права выступаць і сьвяткаваць дзень БНР, бо ён грамадзянін Беларусі. Хай сьпяе «Здравствуй, чужая милая». Але я думаю, што Ластоўскі з Луцкевічамі ў труне перавернуцца, калі Саладуха на стагодзьдзе БНР будзе сьпяваць ім пра чужую мілую.
— А як вы ставіцеся да той думкі, што пратэставаць можна ў любы іншы дзень — 26, 27 сакавіка, 1 траўня? А 25 сакавіка трэба спакойна адзначыць, прадэманстраваць еднасьць беларусаў. Так кажуць многія.
— Гэта іх справа — так казаць, яны могуць не прыходзіць на пратэст. Але аўтары гімну БНР напісалі: «На бой, за шчасьце і за волю, на бой усе да аднаго». І іх закатавалі ў 1938–39 годзе. Сёньня ў нас катастрофа сацыяльная, эканамічная, людзі гніюць па турмах. Гэты дзень заўжды быў днём пратэсту, мы заўжды выходзілі ў гэты дзень. Гэта ж ня наша праблема, гэта праблема Лукашэнкі, што ён нас зьбівае і саджае за краты.
Ну ня хочаце вы пратэсту — ідзіце на канцэрт! Мы што — выставілі кардоны і не пускаем на канцэрт? Я б, можа, і сама прыйшла на канцэрт, але не хачу скакаць пад Саладуху. А Вольскага і «Краму» я паслухаю ў інтэрнэце. Мне проста гідка, што ў бок Статкевіча пайшлі цалкам беспадстаўныя папрокі і абразы. Мяне называюць «сукай», бо Дзіма Дашкевіч выклікаў такую хвалю. Пры чым тут Статкевіч і Нікалайчык? Ня мы вінаватыя, што мы жывем у ГУЛАГУ.
— Але некаторыя аналітыкі пішуць, што ў краіне адбываецца мяккая беларусізацыя, ідзе нармалізацыя адносінаў з Эўропай. І, маўляў, зараз уладзе ня варта дэманстраваць жорсткасьць — таму ня трэба яе на гэта правакаваць.
— Калі ты даеш адкусіць палец — табе адкусяць руку. Я ня бачу ніякіх крокаў у бок Эўропы, я ня бачу ніякага кроку ў бок выкананьня законаў і Канстытуцыі, якая дазваляе беларусам выходзіць на любыя мірныя мітынгі і шэсьці. Як і Пакт аб грамадзянскіх правах, як і Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека. Я і Статкевіч, і ўсе астатнія не павінны пытацца і браць дазвол. Па якія дазволы мы вечна ходзім у гарвыканкам? Заявілі, што мы выйдзем там і там — прыходзьце і ахоўвайце нас, бо вы існуяце за народныя падаткі.
Якая нармалізацыя з Эўропай? «Хартыю» перакрылі. У мяне адключылі мабільны тэлефон за няўплату штрафаў — а ў мяне ўсе штрафы аплачаны. Я ўжо не кажу, колькі ў нас у турмах людзей, студэнтаў, 13 тысяч сядзіць за тое, што яны папыхкалі траўку недзе за вуглом. У нас дзевяць палітвязьняў гніе ў турме.
— А чаму ў апазыцыйнай грамадзкай сьвядомасьці адбыўся пэўны зрух у бок большых кампрамісаў? Магчыма, яшчэ 5 гадоў таму не было б такой дыскусіі, як зараз, вакол пытаньня — «мітынг ці пратэст?»
— Грамадзтва рэагуе не тады, калі мы на канапах сядзім у Фэйсбуку, а тады, калі мы выходзім на вуліцы. Тады яно адчувае несправядлівасьць, ёсьць розгалас. Якасьць жыцьця цяпер жахлівая, хутка будуць на ўлік ставіць тых, хто едзе за мяжу.
І калі мы пад бел-чырвона-белымі сьцягамі выходзім і кажам — «Спыніце Дэкрэт № 3» — то людзі нас шануюць. І наступным разам ідуць пад нашы сьцягі і кажуць — «Мы пойдзем з вамі, бо апроч вас ніхто не ідзе за нас змагацца».
— У любым выпадку вы і вашы паплечнікі, нягледзячы на тое, як будзе адбывацца падрыхтоўка да канцэрту, выйдзеце на шэсьце пратэсту?
— Я выйду ў любым выпадку. Я беспартыйная. Я ведаю, што шмат хто ня выйдзе на гэты пратэст. Я не крыўдую ні на кога. Але я і мае таварышы выйдзем, возьмем партрэты палітвязьняў, возьмем сьцягі. Мы не павінны ані ў кога браць дазвол на тое, каб мы, грамадзяне Беларусі, выйшлі 25 сакавіка на плошчу Якуба Коласа і прайшліся па праспэкце са сьцягамі, партрэтамі дзеячоў БНР, партрэтамі палітзьняволеных. Нам ніхто ня мае права гэта забараніць, бо гэта дазваляе Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь.