Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Жанчыны, якія звязалі свой лёс з БНР

08.03.2018 общество
Жанчыны, якія звязалі свой лёс з БНР

Аднаўленне беларускай дзяржаўнасці было справай і жаночых рук таксама.

«Салідарнасць» працягвае серыю публікацый, прысвечаных 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

На большасці фотаздымкаў, прысвечаных дзеячам Беларускай Народнай Рэспублікі, мы амаль не бачым жанчын. Дыспрапорцыя на карысць мужчынаў ва ўрадах ды іншых кіраўнічых органах БНР відавочная. Гэтым разам мы раскажам пра тых нямногіх жанчынаў, што спрычыніліся да гісторыі стварэння першай беларускай дзяржавы.

Жанчыны сярод дэлегатаў Усебеларускага з’езда (1917) Палута Бадунова (сядзіць трэцяя справа), у другім шэрагу злева ад цэнтру Паўліна Мядзёлка і Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас)

Палута Бадунова

Палута Бадунова нарадзіла ў 1885-м у Навабеліцы (Гомель) у сям’і арандатара. Лідарскія якасці Палуты выявіліся ў юначыя гады. Яна скончыла двухкласную настаўніцкую вучэльню, што адкрыла для яе новыя перспектывы.

Як піша даследчыцца спадчыны Бадуновай Валянціна Лебедзева з Гомеля, такім чынам будучая дзяячка БНР прадэманстравала разрыў традыцый, сыйшоўшы ад ролі хатняй гаспадыні ў грамадскую і палітычную дзейнасць.

«Стыль Бадуновай вызначаўся, а часам выгодна адрозніваўся ад стылю мужчын-паплечнікаў наступальнасцю і энэргіяй. Яна ўмела дасягнуць мэты, часам навязваць уласную пазіцыю і паплечнікам, і апанентам», — так характарызуе даследчыца Палуту Бадунову.

У час Першай Сусветнай вайны вучылася на вышэйшых гісторыка-літаратурных курсах у Петраградзе. Тут Палута Бадунова трапіла ў беларускі асяродак, далучыўшся да Беларускай сацыялістычнай грамады. Была дэпутаткай Петрасавета рабочых і сялянскіх дэпутатаў, брала ўдзел у працы І Усебеларускага з’езду.

21 лютага 1918-га заняла пасаду народнага сакратара апекі ў Народным сакратарыяце БНР. Удзельнічала ў адкрыцці беларускіх дзіцячых прытулкаў і школаў. 12 лістапада 1919-га абраная намеснікам старшыні Народнай Рады БНР.

Гэта няпоўны спіс пасадаў Бадуновай. А яшчэ былі арышты і эміграцыя, цяжкая хвароба, вяртанне на радзіму і рэпрэсіі канца 1930-х. 29 лістапада 1938-га 53-гадовая Палута Бадунова была расстраляная. Рэабілітаваная ў 1989-м.

На нядаўнім круглым стале, прысвечаным стагоддзю абвяшчэння БНР, Валянціна Лебедзева расказала пра спробы дамагчыся ад мясцовых уладаў ушанавання памяці Палуты Бадуновай. Адказ уразіў мясцовых актывістаў: ім паведамілі, што імя слаўнай зямлячкі сучасным беларусам вядомае толькі па працах Лебедзевай. А паколькі дзейнасць Бадуновай звязаная з шэрагам замежных краінаў, для высвятлення яе ролі для Беларусі неабходна вывучыць замежныя архівы.

Людвіка Сівіцкая-Войцік

Пісьменніца і грамадская дзяячка Людвіка Сівіцкая-Войцік (псеўданім – Зоська Верас) на тэрыторыі Украіны ў 1882-м. Яе бацькі, Антон Сівіцкі і Эмілія Садоўская, паходзілі з Гарадзеншчыны.

Далучылася да беларускага руху за дзясятак гадоў да абвяшчэння БНР. Пачынала з працы сакратара і бібліятэкара ў Гарадзенскім гуртку беларускай моладзі. Супрацоўнічала з газетай «Наша Ніва».

3 1915-га ў Мінску працавала сакратаркай у гарадскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэце, у Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацыяў, Беларускай сацыялістычнай грамадзе.

Людвік Сівіцкая і яе пасведчанне сябра Рады БНР

У 1917-м удзельнічала ва Усебеларускім кангрэсе. У 1918-м Сівіцкая стала сябрам Рады БНР. З 1923-га жыла ў Вільні. У савецкія часы кантактавала з беларускімі пісьменнікамі, мастакамі і гісторыкамі. Адна з заснавальніц Таварыства беларускай культуры ў Літве (1989). Памерла ў Вільні ў 1991-м.

Паўліна Мядзёлка

Артыстка і педагог Паўліна Мядзёлка нарадзілася ў 1883-м у Будславе. Жонка Тамаша Грыба, міністра земляробства і ўнутраных спраў БНР. Удзельніца Усебеларускага кангрэса.

У гады Першай Сусветнай вайны была сакратаром Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1918-м працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. З вясны 1919-га інспектавала беларускія школы, кіравала Грамадой беларускай моладзі і драматычнага гуртку ў Гародні. Арыштоўвалася польскімі і савецкім ўладамі.

Памерла ў Будславе ў 1974-м.

Вартыя згадкі таксама імёны іншых жанчын, што зрабілі свой унёсак у лёсавызначальныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя. Вось няпоўны спіс: Марына Бадунова, сястра Палуты, якую даследчыкі называюць яе бліжэйшай паплечніцай. Прайшла праз выпрабаванне сталінскімі рэпрэсіямі, рэабілітаваная.

Ганна Душэўская, сястра стваральніка эскіза бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Таленавітая перакладчыца, актыўная ўдзельніца беларускага нацыянальнага руху, сяброўка Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны, Беларускага настаўніцкага хаўрусу.

Вера Маслоўская — заснавальніца беларускага школьніцтва на Гарадзенўшчыне і Беласточчыне. Адна з заснавальніц і старшыня Цэнтральнага саюза беларусак, створанага вясной 1920-га ў Мінску.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]