Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Крэдыты з хімічным пахам

Крэдыты з хімічным пахам

Чаму большасьці інвэстпраектаў з удзелам кітайскіх кампаній спадарожнічаюць скандалы.

Яскравай ілюстрацыяй да адказу на гэтыя пытаньні стала амаль анэкдатычная гісторыя будаўніцтва Сьветлагорскага заводу беленай цэлюлёзы. Апошняя навіна пра дзейнасьць гэтага прадпрыемства — тое, што яно прыпыніла сваю працу.

Не інвэстыцыі, а крэдыты

А як добра ўсё пачыналася. Ідэя збудаваць гэтую вытворчасьць зьявілася пасьля таго, як Лукашэнка запатрабаваў экспартаваць за мяжу ня лес, драўніну, а прадукты яе перапрацоўкі. Тады ж пачалася сумнавядомая эпапэя мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Вось паралельна вырашылі пабудаваць і гэты завод на базе цэлюлёзна-кардоннага камбінату, які існаваў у Сьветлагорску. Плянавалася, што 75% прадукцыі будзе экспартавацца, бо існуе вялікі попыт на паперу ў Кітаі і іншых краінах.

Праўда, былі сумневы. Ва ўмовах, калі сьвет пераходзіць на лічбавую эканоміку, папера здаецца ня самай пэрспэктыўнай прадукцыяй. Да таго ж прадпрыемствы па вытворчасьці паперы, якія існавалі ў Беларусі, працавалі недзе на трэць сваіх магутнасьцяў, бо няма збыту.

Але ж грошы чыноўнікі ўкладаюць не свае. І Лукашэнка патрабуе ад міністраў і мясцовай вэртыкалі не эфэктыўнасьці, а росту валавых паказьнікаў і павелічэньня занятасьці.

Адразу ўзьнікла праблема. Лішніх грошай, каб распачаць будаўніцтва, у бюджэце не было. Па звыклай завядзёнцы апошніх гадоў зьвярнуліся да кітайцаў. Тыя прапанавалі крэдыт. Ані ў кога ня ўзьнікла пытаньня: калі ў Кітаі сапраўды ёсьць попыт на цэлюлёзу, то чаму кітайскія кампаніі не захацелі ўкладаць свае грошы, ня робяць прамыя інвэстыцыі, каб атрымаць прыбытак?

Тым ня менш кантракт на будоўлю заводу па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы быў заключаны ў кастрычніку 2010 году — паміж кітайскай кампаніяй САМСЕ і ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат», што ў падпарадкаваньні канцэрну «Беллеспаперапрам». Агульны кошт праекту склаў больш за 850 млн даляраў. Эксімбанк КНР і Прамыслова-гандлёвы банк Кітая далі беларускаму боку крэдыт у памеры 85% ад кошту кантракту. Новы завод плянавалі запусьціць яшчэ ў канцы 2015 году.

Злашчасны кабэль

Аднак, калі справа, здавалася, рухалася да шчасьлівага фіналу, выявілася адна непрыемная рэч. Электракабэль, які паклалі кітайцы, не адпавядаў стандартам бясьпекі. Пры эксплюатацыі гэта магло скончыцца пажарам, выкідам хімічных рэчываў, экалягічнай катастрофай.

Тут варта адзначыць, што адваротным бокам кітайскага эканамічнага цуду, прамысловага буму стала вельмі цяжкая сытуацыя з экалёгіяй. Гэта тая цана, якую кітайцы плацяць за прагрэс. Шмат якія гарады Кітая зацягнутыя смогам, рэкі забруджаныя. Невыпадкова на час Алімпійскіх гульняў у Пэкіне ў 2008 годзе ў кітайскай сталіцы спынілі працу ўсе прадпрыемствы — каб спартоўцам і заўзятарам было чым дыхаць. У сьвеце ведаюць, што адметная прыкмета працы кампаній КНР — пагарда да экалёгіі. Гэта добра заўважна ў Афрыцы, дзе грунтоўна атабарыўся кітайскі капітал.

Сваё разуменьне экалягічных стандартаў кітайцы перанесьлі ў Беларусь. Яны доўга адмаўляліся мяняць кабэль, бо гэтая апэрацыя каштавала 50 млн даляраў. Два гады цягнулася гэтая гісторыя. Нарэшце кітайцаў уламалі, кабэль быў заменены.

Лукашэнка паставіў задачу — «кроў з носу» запусьціць завод да 7 лістапада 2017 году, да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. У канцы мінулага году прадпрыемства нарэшце запрацавала. Пуск адбыўся без асаблівых урачыстасьцяў. Чыноўнікам хапіла розуму не прывесьці на пераразаньне чырвонай стужкі самога Лукашэнку. Нібы прадчувалі, што ўсё можа скончыцца вялікім канфузам. Праўда, як прынята ў Беларусі, завод запрацаваў не на поўную магутнасьць, пасьля афіцыйнага запуску будоўля працягвалася.

Дрэнны пах як сымбаль

І вось тут узьнікла новая экалягічная праблема. З пачаткам працы прадпрыемства па навакольлі стаў распаўсюджвацца непрыемны пах. Жыхары навакольных паселішчаў пачалі абурацца, ладзіць акцыі пратэсту, пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі. Адміністрацыя заводу, наежджыя камісіі спрабавалі супакоіць тамтэйшы люд, казалі, што гэты пах бясшкодны, ён зьнікне, як толькі прадпрыемства запрацуе на поўную магутнасьць. Урэшце 17 студзеня Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя пасьля экалягічнай экспэртызы прыпыніла працу заводу. Рабочыя з Кітаю паад’яжджалі дадому сьвяткаваць кітайскі Новы год. Калі вернуцца, невядома. І потым, можна меркаваць, пачнецца новая доўгая гісторыя вакол устаноўкі больш эфэктыўнага ачышчальнага абсталяваньня, каб не было непрыемнага паху.

Інфармацыя да роздуму. Пад Берасьцем кітайцы будуюць акумулятарны завод. Жыхары абласнога цэнтру сабралі 37 тыс подпісаў пратэсту супраць яго будаўніцтва. Мясцовыя апазыцыянэры паставілі гэтае пытаньне галоўным пунктам перадвыбарчай агітацыі падчас мясцовых выбараў. Але ўлады адмахваюцца — маўляў, усё нармальна.

У індустрыяльным парку «Вялікі камень» пад Менскам запланавана будаўніцтва кітайскімі кампаніямі некалькіх прадпрыемстваў. Пачакаем, пакуль непрыемны пах дасягне ваколіц Драздоў.

Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]