Да пачатку 1990-х гадоў да архіўных звестках пра БНР мелі абмежаваны доступ нават даследчыкі з дзяржаўных устаноў БССР.
Галоўным чынам яны выкарыстоўваліся спецслужбамі і ў контрпрапагандзе. Менавіта з гэтых — вызначаных з дапамогай спецслужбаў — момантаў складзеныя міфы пра БНР, якія былі шырока распаўсюджаныя ў савецкія часы.
Архіўныя крыніцы з’яўляюцца аўтарытэтнейшымі, яны выклікаюць больш даверу, павагі. Таму з багатых ведаў пра пачатак беларускай дзяржаўнасці — Беларускую Народную Рэспубліку — вызначым тыя, якія належаць да архіўных крыніц, захоўваюцца ў дзяржаўных архівах.
Найбольш сведчанняў пра дзейнасць БНР, яе арганізацыю і намеры ўтрымліваюць нацыянальныя архівы Літвы, Беларусі і Расіі. Да пачатку 1990-х гадоў усе гэтыя звесткі мелі абмежаваны доступ нават для даследчыкаў з дзяржаўных устаноў БССР. Галоўным чынам яны выкарыстоўваліся спецслужбамі (органамі дзяржаўнай бяспекі) і ў так званай контрпрапагандзе. У першым выпадку ў дакументах шукалі сувязі з «ворагамі народа» для тых, каго планавалі прызначыць на важныя ў савецкай дзяржаве пасады. У другім — з дакументаў выбіралі тыя моманты, якія дазвалялі абгрунтаваць наяўнасць варожасці з боку БНР да ўсяго савецкага, камуністычнага, яе сувязь з «імперыялістычнымі дзяржавамі».
Менавіта з гэтых — вызначаных з дапамогай спецслужбаў — момантаў складзеныя міфы пра БНР, якія былі шырока распаўсюджаныя ў савецкія часы.
Пасля распаду СССР некаторыя рэспублікі зрабілі даступнымі для даследчыкаў савецкія сакрэтныя фонды.
У 1998 годзе былі выдадзеныя два вялікіх тамы з апісаннем дакументаў БНР і ўказаннем іх месцазнаходжання ў Літве. Прафінансавалі выданне беларусы замежжа, зрабіўшы грамадскую падпіску, выкарыстаўшы спадчыну Аляксандра Лашука, атрымаўшы грошы ад Беларускага інстытута навукі і мастацтва, Беларуска-амерыканскага задзіночання, фундацыі імя П. Крэчэўскага, Беларускага хрысціянскага фонду, Скарбніцтва Рады БНР. На тыя часы беларускія і расійскія архівы БНР яшчэ заставаліся засакрэчаныя, былі недасяжныя, і складальнік выдадзеных зборнікаў Сяргей Шупа не ведаў іх зместу.
Сёння вядучыя беларускія архівы Расіі і Беларусі фонды БНР рассакрэцілі — яны чакаюць сваіх даследчыкаў.
Уведзеныя ў навуковы зварот дакументы БНР утрымліваюць розную інфармацыю пра гераічныя і не вельмі старонкі развіцця гэтай мадэлі беларускай дзяржаўнасці. Пра лёсы людзей, адданых ідэі дзяржаўнасці, пра іх мужнасць, паслядоўнасць і пра памылкі і здрады. Гэта цікавы матэрыял для сучасных беларусаў. Але мяне заўсёды цікавіла, якой хацелі бачыць выбітныя беларусы першай паловы ХХ стагоддзя беларускую дзяржаву, ці спраўдзіліся іх надзеі?
Прапаную чытачам разам паглядзець на змест некаторых дакументаў з архіву БНР, які захоўваецца ў Літве.
На пачатку ХХ стагоддзя тэрыторыя сучаснай Беларусі ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Пасля паўстання Каліноўскага тут праводзілася адрозная ад іншых расійскіх губерняй палітыка. Сутнасць яе была простая — не даць сфармаваць на гэтых землях устойлівых аб’яднанняў з нацыянальна арыентаванымі мэтамі.
Акрамя таго, на развіццё беларускай дзяржаўнасці адмоўна паўплывалі як сусветныя, так і ўнутрырасійскія падзеі. Да першых адносіцца Сусветная вайна, якая спарадзіла бежанства, разбурыла існуючыя эканамічныя, грамадскія сувязі і ўтварэнні, прынесла на беларускія землі голад і галечу. Шмат беларускіх мужчын былі прызваныя ў расійскую армію, раскіданыя па розных франтах Сусветнай вайны. Тэрыторыя Беларусі аказалася падзеленай фронтам, частка яе была занятая расійскімі войскамі, частка — германскімі. Пазней памежныя тэрыторыі Беларусі сталі прадметам гандлю паміж дзяржавамі дзеля заканчэння як Першай сусветнай, так і савецка-польскай войнаў. Вядома, у гэтых умовах незалежная беларуская дзяржава не магла разлічваць на хуткую падтрымку з боку еўрапейскіх дзяржаў.
З унутрырасійскіх праблем найбольш адмоўна паўплывалі так званыя рэвалюцыі — Лютаўская і Кастрычніцкая. Утвораны пасля Лютаўскай рэвалюцыі Часовы Урад адмовіўся разглядаць нават пытанне беларускай аўтаноміі ў складзе рэспубліканскай Расіі.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі палітычныя сілы, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі, былі скіраваныя на вызначэнне межаў і характару аўтаноміі Беларусі ў складзе новай Расіі. Беларуская народная грамада і Беларуская народная партыя сацыялістаў рыхтаваліся да Устаноўчага сходу, які павінен быў вырашыць палітычнае кіраванне Расіяй і мог знайсці форму беларускай аўтаноміі. Беларуская сацыялістычная грамада, як найбуйнейшая палітычная арганізацыя Беларусі, таксама мела розныя думкі наконт палітычнага вызначэння беларускай тэрыторыі. Тыя сябры БСГ, што знаходзіліся ў Вільні пад нямецкай акупацыяй, лічылі неабходным дамагчыся ад Германіі «поўнай дзяржаўнай незалежнасці Беларуска-Літоўскага краю». А тыя, хто знаходзіўся на тэрыторыі з расійскімі войскамі, падтрымлівалі Часовы Урад і выступалі за стварэнне федэратыўнай рэспублікі Расіі, у складзе якой будзе нацыянальна-культурніцкая аўтаномія Беларусі.
Галоўнай падзеяй для тагачаснага палітычнага жыцця Беларусі стаў «Усебеларускі З’езд у Менску» (такая назва ў архіўных дакументах). Захаваліся пратаколы некаторых пасяджэнняў З’езду, якія былі надрукаваныя ў тагачасных газетах, і таксама іх арыгіналы. Менавіта на З’ездзе ў выступах — і вітальных, і пры абмеркаванні розных пытанняў — упершыню прагучалі згадкі пра неабходнасць беларускай дзяржаўнасці. Бо рабілася зразумелым: вырашыць пытанні, якія вызначылі ўдзельнікі З’езду, без утварэння незалежнай дзяржавы — немагчыма.
Найбольш актуальнымі для ўдзельнікаў З’езду былі наступныя праблемы (мова арыгіналу):
«Протокол №5
Частного Совещания Всебелорусского Съезда в городском театре 6-го декабря 1917 года в 3 ? часа дня.
Председатель тов. Дыло. Секретарь тов. Куссе-Тюз
…Утверждается выработанное Бюро и подтвержденное Советом распределение Съезда на секции. Постановлено: распределить Съезд по следующим секциям:
1. СЕКЦИЯ ПОЛИТИЧЕСКО-НАЦИОНАЛЬНАЯ: 1) Война и мир. Международное положение. 2) Положение России; 3) Современное политическое положение и судьбы Белоруссии; 4) Национальное единство Белорусского Народа и его самоопределение.
2. АГРАРНАЯ: 1) Земельный вопрос: а) передача земли трудовому народу, б) форма землепользования, в) интенсификация сельского хозяйства в связи с разрешением аграрного вопроса.
3. ЭКОНОМИЧЕСКИ-ФИНАНСОВАЯ: 1) Экономическая разруха. 2) Восстановление экономической и хозяйственной жизни края. 3) Восстановление разоренных войной крестьянских хозяйств. 4) Финансы Белоруссии. 5) Кооперация.
4. КУЛЬТУРНО-ПРОСВЕТИТЕЛЬНАЯ: 1) Расстройство культурно-общественной жизни края. 2) Восстановление культурно-общественной жизни края. 3) Призыв культурных сил для работы на родине. 4) Очередные вопросы по национальному образованию Белоруссии.
5. ПО ОРГАНИЗАЦИИ ВРЕМЕННОЙ ВЛАСТИ: 1) Организация временной краевой власти. а) Краевой представительный орган. б) Исполнительно-административный орган. в) Высший судебный орган.
6. ГОСУДАРСТВЕННО-ПРАВОВАЯ: 1) Автономия Белоруссии и Федеративный строй Республики Российской. 2) Права и вольности Белорусского Народа и национальных меньшинств Края. 3) Краевое Учредительное Собрание Белоруссии.
7. ОРГАНИЗАЦИЯ НАЦИОНАЛЬНОЙ АРМИИ: 1) Организация Национальных белорусских войск.
8. БЕЖЕНСКАЯ и по ПРИЗРЕНИЮ: 1) Беженский вопрос, 2) Инвалидный вопрос.
Совещание принимает предложение чтобы доклады вносились в Комиссии и секции для рассмотрения и после этого от имени Комиссии представлялись Съезду».
У 1918 годзе ў Кіеве была выдадзеная 16-старонкавая брашура ўдзельніка З’езду А. Цвікевіча. У гэтай брашуры, у прыватнасці, вызначалася:
«Официально Съезд открылся после трех дней предварительных Совещаний — 8 декабря. В период времени с 8 по 16 декабря шла внутренняя организационная работа: создавались комиссии, фракции, вырабатывались доклады, резолюции, составлялся Наказ, шли выборы в Президиум Съезда, в Совет (Раду) Съезда… наконец, когда черновая, внутренняя работа была закончена, наступил торжественный день осуществления Съездом его исторически важных политических задач. Первым вопросом, стоявшим в порядке дня и оглашенным председателем Всебелорусского Съезда И.Середой, был вопрос о провозглашении Белоруссии Народной Республикой и об утверждении в ее пределах народной белорусской власти. Участники этого Съезда хорошо помнят, какой энтузиазм и какая гигантская вера в правоту своего дела царили в тысячной толпе депутатов, приступивших к решению судьбы своего родного Края. Все помнят, как величественно спокойно началось историческое заседание в ночь с 17 на 18 декабря. Никто и в мыслях не допускал, что могли найтись преступные насильники, осмелившиеся посягнуть на высокое Национальное Собрание в самый ответственный момент его деятельности. А между тем преступники эти нашлись. Тайком, за спиной у Съезда они готовили свое гнусное дело. Заговор против суверенного хозяина белорусской земли провели и осуществили пришельцы со стороны в лице “Совета Народных Комиссаров Западной области и фронта”. Цепляясь за свою власть и боясь, что народ, взявшийся за дело творения своей государственности выкинет их из их застенка, они вооруженной силой разогнали Всебелорусский Съезд… Тем не менее, Всебелорусский Съезд первую часть своей задачи осуществил. В присутствии сатрапов из “Совета”, под угрозой штыков и расстрела из броневика, он единогласно под восторженные клики тысячной массы депутатов и звуки Марсельезы вынес резолюцию “об утверждении в пределах Белорусской земли Республиканского строя”, о неделимости Белоруссии и о закреплении за ее гражданами основных прав, завоеванных революцией».
Трэба адзначыць, што ідэя аб неабходнасці ўтварэння незалежнай ад Расіі беларускай дзяржавы надалей развівалася пад уплывам падзей, якія адбываліся ў Расіі. Бальшавіцкі пераварот, адмаўленне ад Устаноўчага Сходу як адзінай галоўнай формы для вызначэння дзяржаўнага кіравання і самае галоўнае — рашэнне пытання выхаду з вайны за кошт падзелу беларускіх тэрыторый паміж зацікаўленымі дзяржавамі вызначылі беларускую дзяржаўнасць адзіным сродкам для вырашэння пытанняў, агучаных З’ездам.
Таццяна Процька, «Новы Час»