І памылкова паведаміў пра ўручэньне мэдалёў з нагоды абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
27 лютага «моўны інспэктар» Случак накіраваў у Пашкаўскі сельсавет Магілёўскага раёна запыт наконт заплянаваных мерапрыемстваў з нагоды юбілею БНР.
У адказе падпісаным выконваючай абавязкі старшыні сельсавета Дземянковай гаворыцца:
«Наш ваш запыт Пашкаўскі сельскі выканаўчы камітэт паведамляе, што з нагоды 100 год абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі Пашкаўскім сельскім выканаўчым камітэтам уручана тры мэдалі».
Копія ліста разышлася па сацыяльных сетках і сайтах СМІ.
«Я быў зьдзіўлены гэтым адказам, — кажа «Радыё Свабода» Ігар Случак. — Звычайна прыходзяць паведамленьні, што мерапрыемствы па адзначэньні 100 год БНР або не заплянаваны, або ў некаторых выпадках паведамляецца, што пройдуць мерапрыемствы ў бібліятэках, або ва ўстановах адукацыі.
У выпадку ж з Пашкаўскім выканкамам было паведамлена пра ўручэньне мэдалёў. Як на маю думку, то тут або нейкая памылка — людзі ў тым „мядзьведжым кутком“ пераблыталі 100 год БНР з 100 гадамі БССР або Савецкага войска, або гэта быў такі недарэчны жарт ад кіраўніцтва выканкама, які быў зроблены ў афіцыйным выглядзе і завераны пячаткай.
Так ці інакш, гэта падстава для чарговага звароту — трэба ж усё ж даведацца, што за мэдалі былі ўручаныя, каму і за што. Можа мы не ведаем, а ў Пашкаве яшчэ жывыя вэтэраны Слуцкага паўстаньня, або жаўнеры Асобнага атраду БНР Булак-Балаховіча і нашае Міністэрства абароны ўганаравала іх памятнымі мэдалямі».
Выканаўца абавязкаў старшыні сельскага выканаўчага камітэта Вольга Дземянкова патлумачыла «Радыё Свабода», што ў адказе зьмяшчаецца памылка.
«Мы ўручылі 3 мэдалі з нагоды 100-годьдзя ўтварэньня ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь», — распавядае Вольга Мікалаеўна. Паводле яе, мэдалі выдалі ў мясцовым ваенкамаце, іх уручылі вэтэранам вайны.
Афіцыйна сёлета узброеным сілам Рэспублікі Беларусь спаўняецца 100 гадоў.
Як здарылася, што Ігар Случак атрымаў афіцыйны адказ з такім зьместам? «Напэўна, выканаўца нешта ня так пераклала», — мяркуе Вольга Дземянкова.
З нагоды 100-годьдзя абвяшчэньня Беларускай народнай рэспублікі ніякіх мерапрыемстваў Пашкаўскі сельскі савет не плянаваў і не плянуе.