Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Міхась Ткачоў: Нягледзячы на ніякія адкаты, працягваю верыць у наш народ

10.03.2018 общество
Міхась Ткачоў: Нягледзячы на ніякія адкаты, працягваю верыць у наш народ

10 сакавіка 1942 году нарадзіўся Міхась Ткачоў, беларускі археоляг і гісторык архітэктуры, палітычны дзяяч.

Міхась Ткачоў (10.03.1942, Мсьціслаў - 31.10.1992, Менск), беларускі гісторык, археоляг, палітычны дзеяч.

Ткачоў нарадзіўся ў настаўніцкай сям'і. Бацька ў тым жа годзе загінуў на фронце пад Ленінградам, і пасьля вайны будучага гісторыка выхоўваў айчым. Пачатковую адукацыю Ткачоў атрымаў у родным Мсьціславе ў сямігодцы № 3. Пры паступленьні на гістфак БДУ сутыкнуўся з адной недарэчнасьцю: «Калі паслаў дакумэнты на гістфак, то да ўступных экзаменаў рыхтаваўся па беларускіх падручніках, хоць школа наша была расейскамоўная. Але мне падавалася, што ў беларускай сталіцы ўсе карыстаюцца родным словам. Якім жа моцным, нават крыўдным было зьдзіўленьне правінцыйнага падлетка пасьля сутыкненьня з рэальнасьцю: у прыёмнай камісіі з-за той самай мовы адчуў такую пагарду да сябе...».

Аднак студэнцкія гады яшчэ больш умацавалі нацыянальнае пачуцьцё. Цікава, што пад «кіраўніцтвам» вядомага Лаўрэна Абэцэдарскага Міхась Ткачоў на ўсё жыцьцё «захварэў беларускім сярэднявеччам». Акрамя таго, у студэнцкія гады, што прыпалі яшчэ на «хрушчоўскую адлігу» адбылося шмат цікавых, вызначальных сустрэч «зь людзьмі, якія толькі-толькі выйшлі з канцлягераў ГУЛАГу». Сярод іх былі Станіслаў П. Шушкевіч, Язэп Сушынскі і іншыя.

Міхась Ткачоў узгадваў: «У душы маёй адбыўся карэнны пералом: я ўсьвядоміў, што жыву на гэтай зямлі ня нейкім там бязродным чалавекам, а беларусам, што ў мяне ёсьць культура, ёсьць гісторыя, якую, на жаль, мы вельмі дрэнна ведаем».

Пасьля разьмеркаваньня па заканчэньні вучобы ў 1964 Ткачоў амаль пяць год настаўнічаў у Жодзіна, быў завучам. Тады ўступіў у КПСС. Аднак прага навукі вымусіла спрабаваць паступаць у асьпірантуру. У тыя часы без падтрымкі гэта было амаль немагчыма, таму пасьля некалькіх няўдалых спробаў Міхась Ткачоў вымушаны быў зьвярнуцца да Пятра Глебкі па дапамогу.

У 1968 нарэшце паступіў у асьпірантуру Інстытуту гісторыі АН БССР. Узяўся за распрацоўку тэмы «Ваеннае дойлідзтва Беларусі XII-XVII ст. Паводле помнікаў паўночна-заходняй і паўднёва-заходняй Беларусі». Вось як характарызаваў Ткачова тых часоў ягоны сябра М.Чарняўскі: «Быў малады, дужы. Здавалася, ня будзе зносу. Таму шмат дзе пасьпяваў. З 1969 па 1972 гады ім раскопваліся замкі Наваградка, Горадні, Ліды, Крэва, Міра, Геранён, Мядзела, Лепеля, Іказні, Камянца, умацаваньні шэрагу іншых мясьцін». Вынікам гэтае працы была абароненая ўжо ў 1972 кандыдацкая дысэртацыя, на аснове якой былі выдадзеныя кнігі «Абарончыя збудаваньні зямель Беларусі» (1978), а таксама «Замкі Беларусі» (1977).

У 1978 прыняў запрашэньне з Горадні, дзе адчыняўся ўнівэрсытэт. Спачатку працаваў выкладчыкам, у 1983-1985 - загадчык катэдры. У 1987 абараніў доктарскую дысэртацыю па тэме «Арганізацыя абароны гарадоў Беларусі XIV-XVIII ст.»

Падчас жьщьця ў Горадні Міхась Ткачоў меў некалькі сутыкненьняў зь мясцовым кіраўніцтвам, выкліканых перашкодамі, якія чыніў навуковец зьнішчэньню старажытнай гарадзкой забудовы. Справы даходзілі да Савету міністраў СССР, гiсторыка спрабавалі выключыць з КПСС і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці «за клевету на органы Советской власти», «за ввод в заблуждение председателя Совета министров СССР». Аднак гісторык перамог.

01.03.1986 у Горадні з асьветніцкімі мэтамі быў створаны гісторыка-культурны клюб «Паходня», адным з заснавальнікаў і кіраўніком якога быў Міхась Ткачоў. Тут зьбіраліся аматары гісторыі і культуры Беларусі, запрашаліся вядомыя навукоўцы. «Гэта не магло не выклікаць самы станоўчы і шырокі рэзананс у горадзе. Неўзабаве нам стала цесна ў памяшканьні старога Дому культуры. Народу набівалася столькі, што крэслы ставілі нават у калідоры. «Назіральнікі» ад гораду і вобласьці вельмі нэрваваліся: людзей шмат, «крамола» распаўзаецца, пытаньні задаюцца самыя вострыя, усё больш «небясьпечныя»... Культура паступова стала адыходзіць трошкі ўбок, на першы плян вылучалася ўжо палітыка».

Напрыканцы 1980-х Міхась Ткачоў уключаецца ў актыўную грамадзкую і палітычную дзейнасьць. У 1989 вылучаўся кандыдатам у народныя дэпутаты СССР. «Для мяне тыя выбары, - узгадваў Ткачоў, - сталіся сапраўднай школай жыцьця. Я ўпершыню ўбачыў, што палітыка і бруд, амаральнасьць ідуць побач. Дагэтуль шчыра верыў у ідэалы партыі, стараўся ўзьняць яе аўтарытэт, думаючы, што найлепшы для гэтага шлях - нармальная старанная праца, асабісты прыклад у грамадзкім жыцьці. І вось прыйшло крушэньне маральных устояў, пэўных палітычных прынцыпаў. Зразумеў нарэшце, што ў партапарата сьвятога няма, дзеля захаваньня ўлады ён гатовы на ўсё».

У выніку Міхась Ткачоў выходзіць з КПСС і дзейнічае ўжо толькі ў рэчышчы нацыянальна-адраджэнцкага руху. Пасьля пераезду ў Менск ў 1989 ён удзельнічаў ва ўтварэньні «Мартыралёгу Беларусі», уваходзіць у Аргкамітэт БНФ, становіцца намесьнікам старшыні Сойму БНФ. Ткачоў стаў ініцыятарам аднаўленьня ў Беларусі сацыял-дэмакратыі - з сакавіка 1991 ён старшыня Цэнтральнай рады адноўленае БСДГ.

За грамадзкай дзейнасьцю не была закінутая і навуковая. Па вяртаньні ў Менск Міхась Ткачоў працуе ў рэдакцыі «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі»: спачатку з 1989 - загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі, з 1992 - галоўным рэдактарам «Беларускай Энцыкляпэдыі». Быў адным зь ініцыятараў выданьня «Энцыкляпэдыі Археалёгіі і Нумізматыкі Беларусі» ды «Энцыкляпэдыі Гісторыі Беларусі». Ужо хворым, у апошнія гады жыцьця ён выдаў «Замкі і людзі», «Вялікае мастацтва артылерыі», «Старажытны Мсьціслаў» (апошнія дзьве ў сааўтарстве).

Прыкладна за год да сьмерці ў адным інтэрвію ён сказаў: «Нягледзячы на ніякія адкаты, працягваю верыць у наш народ. Што б зь ім не вытваралі, ён застанецца самім сабой: добрым, працавітым, незлабівым і вельмі адважным, рашучым у крытычныя моманты гісторыі, калі на карту ставщца лёс яго жыцьця...»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]