Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гродзенскі Вавілон

11.03.2018 общество
Гродзенскі Вавілон

Які фестываль нацыянальных культур мог бы атрымацца ў Гродне некалькі стагоддзяў таму.

У пачатку чэрвеня 2018 года ў Гродне пройдзе чарговы фестываль нацыянальных культур. У ім прымуць удзел прадстаўнікі каля 40 народаў, будуць працаваць не менш за 20 нацыянальных падворкаў. Гродна заўжды быў горадам шматнацыяльнальным, нават паўтысячы гадоў таму тут можна было пачуць не толькі беларускую і польскую мовы, але і ідзіш, іўрыт, нямецкую, французскую, італьянскую і многія іншыя мовы. Куды большае суквецце моваў, чым можна пачуць на нашых вуліцах сёння, піша Андрэй Мяцельскі на сайце hrodna.life.

«Нацыянальныя» вуліцы ў Гродне — рэдкасць

У Гродне, у адрозненні ад Львова ці Вільні, ніколі не было вуліц з «нацыянальнымі» назвамі, напрыклад Яўрэйская ці Руская. Толькі ў 19 ст. паўстала вуліца Татарская, на якой аднак, канцэнтравана татары ніколі не жылі.

Толькі рынак у раёне скрыжавання сучасных Вялікай Траецкай і Дамініканскай меў назву Нямецкі. Гандлявалі на тым рынку не толькі немцы, але наогул замежныя купцы. Можна меркаваць, што ў 15?16 ст. тое былі акурат збольшага яўрэі. Ну і назву Яўрэйская нейкі час «прывешвалі» да назвы Замкавай.

Адкуль столькі немцаў?

Найбольш шматнацыянальнай суполкай Гродна было рамесніцтва. Чытаючы прозвішчы гродзенскіх рамеснікаў 17?18 ст. часам маеш уражанне, што Гродна тады знаходзіўся на берагах не Нёмана, а Шпрэе ці Рэйна.

Некалькі прозвішчаў - злотнік Тэадор Кёс, гадзіннікавы майстар Самуэль Крыгер, пекар Шульц, рымар Готфрыд Кром, «баўмайстар» Ёган Прайсіг. Нават кіраўніцтва горада некаторы час знаходзілася ў руках немцаў - у пачатку 17 ст. бургамістрам Гродна быў Ганус Фандэберг, а гродзенскім лаўнікам ягоны брат Марцін Фандэберг.

Чаму немцаў было так шмат? Па-першае, гэтыя людзі валодалі рэдкімі прафесіямі, а па-другое, непадалёку знаходзіўся нямецкі Кёнігсберг — мясцовае «акно ў Еўропу». Стуль нямецкія рамеснікі і купцы даязджалі да Гродна.

Купцы, архітэктары, майстры і карчмары

Нярэдка ў Гродне сяліліся і расійскія купцы. Гісторык Юры Гардзееў адшукаў звесткі пра купца з Цвяры Васку Кузміча, які ў 1526 г. жыў у Гродне, ажаніўшыся з гродзенскай мяшчанкай. Нават пра міфічнага «байструка» караля Стэфана Баторыя па прозвішчы Кнабоўскі пісалі, што ён жыве ў Гродне «з маскоўкай».

Нярэдка заставаліся ў Гродне і паўднёваеўрапейцы. Згадаем тут італьянцаў архітэктара Джузэпэ Сака або гадзіннікавага майстра Антоні Гульёнеці. З Парыжа ў другой палове 18 ст. прыбыў у Гродна купец і карчмар Кароль Вільгельм Вераль, а са Швейцарыі карчмар Якуб Гаўсман. Ну, а ліёнскага лекара і батаніка Жана Эмануіла Жылібера ведае кожны больш-менш адукаваны гродзенец.

Басняк = паліцэйскі

Адкрытым застаецца пытанне, ці сапраўды прывёз у Гродна Антоній Тызенгаўз баснякоў - жорсткіх мусульманскіх наёмнікаў, якія павінны былі сачыць за парадкам у гродзенскай эканоміі. Хутчэй за ўсё не — проста тэрмін «басняк» у 18 ст. фактычна прымацоўваўся да кожнага чалавека надзеленага паліцэйскімі функцыямі. Напрыклад у ваколіцах Скідзеля ў якасці баснякоў згадваюцца мясцовыя сяляне са звычайнымі беларускімі прозвішчамі.

Шляхта з Аўстрыі і з Ірландыі

Стракатай у нацыянальным сэнсе была не толькі гарадская рамесніцкая абшчына Гродна, але і шляхта. Не толькі этнічныя літоўцы, палякі ды беларусы складалі яе. Пад Гродна можна было, напрыклад, адшукаць маёнткі старых «рускіх» князёў ці нават Рурыкавічаў Перасвет-Солтанаў ды Пуціўлянаў-Свяцкіх. Тут жа жылі галандцы Валы і Нонхарты. Частка шляхты паходзіла з немцаў і аўстрыйцаў (напрыклад Біспінгі або Бішпінгі). Ужо ў расійскі час з’явіліся нашчадкі ірландцаў О’Руркаў або О’Браенаў дэ Ласі.

Чэхаўшчызна — ад сапраўднага чэха

Гродзенцы добра ведаюць мясцовасць Чэхаўшчызна недалёка ад Юбілейнага возера. Тут нават існуе вадазабор «Чэхаўшчызна», скуль чыстая артэзіянская вада трапляе ў краны гродзенцаў. Дык назва гэтая паўстала яшчэ ў 16 ст. ад самага сапраўднага чэха — Абрама Духны Хрышчановіча.

Гэты чэскі шляхціц невядома як трапіў у Беларусь, але ў 1557 г. баярка Дарота Сіруцёўна Калядзіная, якую «пакінулі яе бліжнія», перадае яму за выплату даўгоў адну трэць свайго маёнтка Ласосна. З часам шляхцянка прызнае чэха сваім сынам, а ён даглядае яе. Доўгія дзесяцігоддзі Чэхаўшчызнай і ваколіцамі валодалі нашчадкі Абрама Чэха і ягонай дачкі Марушы.

Адным словам, усё як цяпер. У Гродна — горад на скрыжаваннях Еўропы — едуць прадстаўнікі многіх народаў. Некаторыя нават спрабуюць пачаць тут свой бізнес.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]