Алесь Гарун быў радным Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Алесь Гарун (Аляксандар Прушынскі) – беларускі паэт, публіцыст і палітычны дзяяч. Нарадзіўся 11 сакавіка 1887 г. у Менску ў каталіцкай сям'і рамесьніка, які паходзіў, хутчэй за ўсё, з дробнай шляхты, многія прадстаўнікі якой на Меншчыне насілі прозьвішча Прушынскі, піша сайт jivebelarus.net.
Аляксандар ужо ва ўзросьце пяці гадоў чытаў па-польску і па-расейску. Ён скончыў рамесьніцкую школу і працаваў на розных прадпрыемствах Менску сталяром. Талент да пісаньня вершаў выяўляўся ў яго зь дзяцінства, але пісаў ён па-расейску і пераважна ў гумарыстычным тоне.
У1904 г. Прушынскі ўступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (эсэраў). Арганізоўваў вучнёўскія гурткі, агітаваў рабочых. У гэтым самым годзе ён першы раз сутыкнуўся зь беларускім друкам. У ягоныя рукі патрапіла падраная, забруджаная кніжка, без пачатку і канца, друкаваная лацінкай. Ён пачаў яе чытаць, перакананы, што напісаная яна па-польску. Калі зразумеў, што гэта сваё, роднае слова, з вачэй хлопца паліліся сьлёзы. З гэтага часу ён пісаў па-беларуску. (А кніжка, якая так паўплывала на ягоны лёс, была, як ён пазьней даведаўся, старым выданьнем аповесьці "Гапон" Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, паэта XIX стагодзьдзя). У 1905-1907 гг. Прушынскі напісаў трохі сацыяльна-рэвалюцыйных вершаў (цяпер згубленых), якія сам распаўсюджваў сярод моладзі і рабочых. Таксама ўсталяваў кантакт зь беларускім рухам.
У лютым 1907 г. паліцыя схапіла паэта ў нелегальнай эсэраўскай друкарні. Пасьля гадавога знаходжаньня ў турмах у Менску і на Лукішках у Вільні ён быў высланы ў Сібір, у Ірнуцкую губэрню. Працаваў цесьляром, пазьней плаваў па Лене да Якуцку.
На баржы № 18 ён падрыхтаваў да друку свой зборнік "Матчын дар", перасланы восеньню 1914 г. у Вільню. Сібір зрабіла Прушынскага сапраўдным паэтам. Вершы Алеся Гаруна, "песьні няволі", адзначаюцца велізарным духовым напружаньнем, багацьцем формаў, незвычайнай рытмікай. У стэпе і ў тайзе, у якіх гіне ніклы агеньчык людзкога існаваньня, паэта зьядае туга па айчыне, "дзе сам народ - паэт". Выданы ў 1917 г. у Вільні "Матчын дар", нягледзячы на сьціплыя памеры, вызначыў пачэснае месца Гаруна ў беларускай літаратуры.
З 1915 г. Прушынскі працаваў на залатых капальнях у Бадайбо, дзе дачакаўся Лютаўскай рэвалюцыі. Ён перайшоў у партыю сацыял-дэмакратаў (меншавікоў) і быў сябрам выканаўчага камітэту Ленскай акругі золатаздабычы. У траўні 1917 г. ён апынуўся ў Маскве, дзе спрабаваў арганізаваць масы беларускіх бежанцаў з акупаваных Нямеччынай тэрыторыяў у Беларускую народную грамаду, партыю, якая дамагалася ад Часовага ўраду нацыянальнай і палітычнай аўтаноміі Беларусі. Прушынскі быў выбраны дэлегатам на Усерасейскі Устаноўчы сход.
У верасьні 1917 г., па дзевяці гадах, вярнуўся паэт у родны Менск, як піша Гарэцкі, "з разьбітым здароўем, худы, зжаўцелы, з заўсёдным далікатна-тужлівым поглядам і нейкай дакорнай маўклівасьцю". Нягледзячы на слабое здароўе, Алесь кінуўся ў палітычную дзейнасьць. На Усебеларускім кангрэсе ў сьнежні 1917 г. выбралі яго памочнікам старшыні кангрэсу. Кіраваў палітычным аддзелам Вялікай беларускай рады, быў радным Рады БНР. Многа пісаў, з самага пачатку ў меншавіцкую "Грамаду". Потым рэдагаваў "Беларускі шлях" і дзейсна памагаў у "Вольнай Беларусі". Пры савецкай уладзе працаваў у дзіцячых прытулках.
Пазней сухоты прыкавалі паэта да ложку. Свае "Жывыя казкі" даводзілася яму пісаць у ложку, бо сядзець яму было цяжка. У час наступленьня Чырвонай Арміі амаль апошнім цягніком выехаў Гарун зь Менску. Даехаў да Ваўкавыску, дзе яго палажылі ў паходны ваенны шпіталь, які давёз яго да Кракава. Тут ён і памёр 28 ліпеня 1920 году.