Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Караль Касцюшка-Валюжыніч: Што мы ведаем пра знакамітага археолага

11.03.2018 общество
Караль Касцюшка-Валюжыніч: Што мы ведаем пра знакамітага археолага

Як беларус ажыццявіў маштабныя раскопкі плошчы старажытнага горада Грэцыі.

Шмат нашых суайчыннікаў дасягнулі сусветнай вядомасці. Адзін з іх — Караль Касцюшка-Валюжыніч — знаны археолаг, заснавальнік і першы дырэктар музея старажытнага Херсанеса, піша «Новы час».

Херсанес Таўрычаскі — тыповы грэчаскі поліс, заснаваны ў апошняй чвэрці VI ст. н.э., — на працягу 2000 гадоў быў значным палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам Паўночнага Прычарнамор’я. Касцюшка-Валюжыніч зрабіў сенсацыйныя археалагічныя адкрыцці, сярод якіх гарадская брама IV ст. да н. э., храм з ківотам, мармуровая стэла з Прысягай херсанесцаў, «базіліка ў базіліцы», вежа Зянона ды шматлікія іншыя.

«Не хаваю сваёй ліцьвінскай нацыянальнасці»

У некралогу, надрукаваным у 1908 годзе, а таксама ў некаторых іншых літаратурных крыніцах, адзначана, што Караль Касцюшка-Валюжыніч нарадзіўся ў Магілёве, «у старажытнай польскай радавітай сям’і». Гэта не адпавядае сапраўднасці. Ён нарадзіўся 2 мая (20 красавіка па старым стылі) 1847 года ў радавым маёнтку Новае Сяло Дрысенскага павета Віцебскай губерні (цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці) у беларускай шляхецкай сям’і.

У адным з нядаўна знойдзеных архіўных дакументаў рукою Касцюшкі-Валюжыніча пазначана «…не хаваю сваёй ліцьвінскай нацыянальнасці і рымска-каталіцкага веравызнання».

Дзед Караля браў удзел у драматычных падзеях 1794–1795 гадоў і знаходзіўся не ў апошніх шэрагах змагароў за свабоду пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Бацька ж яго, паводле некаторых звестак, быў таксама неабыякавы да пазнейшых падзей — паўстання 1863–1864 гадоў. Маці Караля звалі Лізаветай. Яна была адукаванай жанчынай і навучыла сына чытаць і пісаць з малых гадоў. Хлопчык з дзяцінства выдатна ведаў нямецкую мову, свабодна цытаваў Генрыха Гейнэ і Ёгана Вольфганга Гётэ; добра валодаў таксама французскай мовай.

Атрымаўшы добрую хатнюю адукацыю, у жніўні 1859 года, ва ўзросце 12 гадоў, Караль Касцюшка-Валюжыніч, сын тытулярнага саветніка, паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне (у ліку штатных выхаванцаў) Інстытута Корпуса горных інжынераў. На той час гэта была прэстыжная закрытая вайсковая навучальная ўстанова, якая славілася высокім узроўнем адукацыі.

Няма сумневу, што Караль Касцюшка-Валюжыніч з часам стаў бы выдатным горным інжынерам. Для гэтага ў яго было ўсё — і здольнасці, і імкненне. Але скончыць Горны інстытут яму не давялося. 20 верасня 1865 года ён быў звольнены з 5-га падрыхтоўчага класа — магчыма, праз свае «касцюшкаўскія» ідэалы, а паводле іншых сведчанняў — проста як сваяк вядомага правадыра паўстання.

Чыгуначнік па ўсёй Расіі

Вярнуўшыся ў Новае Сяло, як сказана ў аўтабіяграфіі, Караль «працаваў на сельскай гаспадарцы ў бацькоўскім фальварку». Праз тры гады, у 1868 годзе, паступіў на працу ва ўправу Дынабург-Віцебскай чыгункі на пасаду памочніка галоўнага інжынера «з прычыны добрага ведання нямецкай мовы».

Праца была звязаная з улікам матэрыяльных каштоўнасцяў. Касцюшку-Валюжынічу даводзілася наведваць Каўказ і Урал, Сярэднюю Азію і Сібір — грузы з таварных цягнікоў часам знікалі, і ён часта выязджаў на неабсяжныя прасторы Расіі па судовых справах. У 1879 годзе Караль паехаў у Севастопаль лячыцца ад хваробы лёгкіх. Там пачаў працаваць ва ўправе Лазова-Севастопальскай чыгункі (спачатку на пасадзе канторшчыка, а пасля — старшага бухгалтара-рахункавода). Паўтара дзясятка гадоў (1867–1881) працаваў на розных участках расійскай чыгункі.

Гады ў сырым Пецярбургу, праца на чыгунцы, няспынныя пераезды драматычна адбіліся на ягоным здароўі: увосень 1881 года ён пакінуў службу, а ў 1882 годзе перанёс цяжкую аперацыю — з-за абсцэсу яму было выдалена лёгкае. Лекары рэкамендавалі назаўжды пасяліцца ў Крыме, і ён набыў дом у Севастопалі, дзе і пражыў да канца жыцця.

Ці меў рацыю Страбон?

Цяжка сказаць, калі дакладна наш зямляк зацікавіўся Антычнасцю, але ўжо ў 1882 годзе ён заснаваў Гурток аматараў гісторыі і старажытнасцяў Крыма з музеем і бібліятэкай. Галоўнай задачай гуртка абвяшчалася «ахова ад спусташэння, раскрадання і продажу за мяжу мясцовых старажытнасцяў».

У студзені 1885 года Касцюшку-Валюжыніча абралі намеснікам дырэктара Севастопальскага гарадскога банка (ён заставаўся на гэтай пасадзе да 1890 года). У 1888 годзе, паводле рэкамендацыі віцэ-прэзідэнта Адэскага таварыства гісторыі і старажытнасцяў У. Юргевіча, яго запрасілі да вядзення работ у Херсанесе. К. Касцюшка стаў памочнікам выдатнага расійскага візантыніста Нікадзіма Кандакова, кіраўніка раскопак да 1891 года.

Першыя два гады, як пісаў ён пазней, была адна мэта: сабраць як мага больш цікавых знаходак, каб паказаць значэнне раскопак. І сапраўды, ужо ў першы год работ, у 1888 годзе, удалося выявіць майстэрню па вытворчасці тэракотавых фігур (з мадэлямі), шматлікія фрагменты антычнага посуду, манету III стагоддзя да н.э. — сведчанні ранняга існавання Херсанеса на беразе Каранціннай бухты. І хоць гэта былі яшчэ не самыя старажытныя знаходкі, яны выклікалі сумнеў у сведчанні старажытнагрэчаскага географа і гісторыка Страбона, які пісаў пра два Херсанесы — старажытны і новы.

Касцюшка-Валюжыніч адзначаў: «Невялікія раскопкі 1890 года і тапаграфія мясцовасці паказалі, што ранні Херсанес мог быць толькі на невялікім паўвостраве каля Казачай бухты. Ці доўга існаваў? Ці быў шматлюдным? Адказы адмоўныя. У III стагоддзі да н. э. Херсанес знаходзіўся ўжо там, дзе мы яго бачым у цяперашні час». У ходзе дыскусіі, на вынік якой у значнай ступені паўплывалі археалагічныя даследаванні 1888–1891 гадоў, было даведзена, што Херсанес ад самага пачатку існаваў на тым самым месцы, што і ў рымскі, і візантыйскі перыядах.

Сенсацыйныя адкрыцці

У 1889 годзе Касцюшка-Валюжыніч распачаў даследаванні адкрытай ім «базілікі ў базіліцы», якая атрымала такую назву ад таго, што пазнейшы храм (Х ст.) пабудаваны тут на руінах даўнейшага (VІ ст.). Дарэчы, у 2007 годзе дзве мармуровыя калоны і частка ўнікальнай мазаічнай падлогі былі разбураныя вандаламі. Хто былі гэтыя вандалы, прэса не называла. Аднак сведкі кажуць, што гэта зрабіў падчас пікніка вядомы «кароль» расійскай эстрады разам з кампаніяй.

?Бадай, самая сенсацыйная эпіграфічная знаходка Караля Касцюшкі-Валюжыніча — мармуровая стэла з Прысягай херсанесцаў III стагоддзя да н.э. Верхняя і ніжняя часткі былі знойдзеныя ім у 1890–1891 гадах, а невялікі фрагмент — у 1899 годзе. Даследчык гэтага ўнікальнага помніка В. Латышаў пісаў, што сваёй захаванасцю «клятва херсанесітаў перасягае афінскую», а паводле паўнаты зместу ёй няма роўных на ўсім абшары старажытнагрэчаскай цывілізацыі.

У 1893–1894 гадах Касцюшка-Валюжыніч адкрыў фрагмент старажытнага абарончага муру ў паўднёва-заходнім куце гарадзішча і пачаў яго планамернае вывучэнне. Фартыфікацыйную агароджу Херсанеса да апошніх дзён жыцця ён лічыў адным з самых важных аб’ектаў даследаванняў. Гэтыя раскопкі працягваліся з перапынкамі да 1905 года і вызвалілі ад пазнейшых напластаванняў значны ўчастак фартыфікацыі старажытнага горада.

?У 1897 годзе Касцюшка раскапаў вялікі крыжападобны храм, пабудаваны на месцы антычнага амфітэатра. Гэтая старажытная пабудова захавалася і атрымала назву «храм з ківотам», бо ў ім быў знойдзены рэліквар з мошчамі.

Найбольш выніковымі сталі раскопкі 1899–1900 гадоў, якія дазволілі адкрыць старажытную браму, выявіць скляпы з залатымі і срэбнымі ўпрыгожаннямі, якія прыцягнулі ўсеагульную ўвагу на выставе ў Санкт-Пецярбургу.

Няспынная канфрантацыя

Касцюшку-Валюжынічу даводзілася пераадольваць і супраціў манастырскага начальства, і абыякавасць Вайсковага ведамства, і нават неразуменне кіраўніцтва Археалагічнай камісіі. Праваслаўны манастыр абвінавачваў яго ў «іншавер’і», а праз гэта і ў непаважлівым стаўленні да праваслаўных святыняў Херсанеса.

Такая выснова вынікала з таго, што па-першае, Касцюшка вызнаваў каталіцтва, а па-другое, што ён прасіў дазволу даследаваць цэнтральную частку старажытнага горада, якая знаходзілася якраз на тэрыторыі манастыра.

Даследчык аргументавана даводзіў, што базілікальныя храмы, якія ён раскопвае, пабудаваныя ў ранневізантыйскі час; яны аднолькава шануюцца і цэняцца і праваслаўнымі, і каталікамі, бо падзел цэркваў адбыўся пазней, у 1054 годзе. Аднак яго не слухалі.

У антычны час на месцы збудаванняў Вайсковага ведамства знаходзіўся некропаль, таму пры будоўлі батарэй сустракаліся надмагільныя пліты, залатыя і срэбраныя ўпрыгожанні, манеты, посуд для духмяных рэчываў. Касцюшка-Валюжыніч, паведамляючы пра дзейнасць Вайсковага ведамства, бедаваў: «Пры будаўніцтве парахавога склепа работнікі знаходзяць шмат старажытных манет ды іншых дробных прадметаў, з якіх, аднак, да гэтага часу мне не перададзена нічога... Цяпер я даведаўся з пэўнай крыніцы, што ў тых работнікаў старажытныя манеты купляюць! Пры гэтым не магу не звярнуць увагу на тыя абставіны, што нагляд за аховай адкрытых старажытных збудаванняў стаўся немагчымым ад таго часу, як манастыр з усімі сваімі пабудовамі аддзяліўся ад раскопак высокай сцяной і пачаў замыкаць браму, што вядзе да гарадзішча. У выніку херсанескія раскопкі з іх адкрытымі храмамі, капліцамі ды іншымі будынкамі руйнуюцца і забруджваюцца манастырскім статкам, работнікамі і ніжнімі чынамі размешчаных тут вайсковых частак».

Жыццё Караля Касцюшкі-Валюжыніча было нялёгкім, а часам вельмі цяжкім. Усё, што несла шкоду Херсанесу, ён успрымаў як асабістую драму, – узвядзенне манастырскіх будынкаў, пабудова артылерыйскіх батарэй на гарадзішчы... Ён змагаўся, як мог, але і з ім змагаліся: адзін з настаяцеляў манастыра пісаў на яго даносы, вінавацячы яго, каталіка, у свядомай варожасці да праваслаўнага манастыра; старшыня Археалагічнай камісіі граф А. Бобрынскі тлумачыў яму, што інтарэсы Вайсковага ведамства стаяць вышэй за археалагічныя; масцітыя вучоныя, бываючы ў Херсанесе праездам, крытыкавалі ягоныя раскопкі, што, маўляў, вядуцца без пэўнага плана, і сістэму захоўвання экспанатаў у музеі.

?З марай пра стварэнне музея

Зразумела, у тых умовах стварыць у Херсанесе музей было вельмі складана. І ўсё ж у 1892 годзе ў збудаваным на беразе Каранціннай бухты будынку адкрыўся Склад мясцовых старажытнасцяў. Пры гэтым з Археалагічнай камісіі Касцюшку-Валюжынічу ўвесь час нагадвалі, што «цяперашняя калекцыя Вашага Cклада мае часовае значэнне; ніводны спецыяліст не будзе вывучаць херсанескія старажытнасці па злепках і фатаграфіях, калі мае магчымасць вывучаць іх у Маскве ці Пецярбургу па арыгінале…».

Сапраўды, найбольш выдатныя знаходкі штогод накіроўвалі ў Гістарычны музей і Эрмітаж. І ўсё ж Касцюшка лічыў, што Херсанескі музей можа паказваць шмат цікавага. Тут захоўваўся самы багаты збор грэчаскіх і рымскіх надпісаў, узораў разьбы па мармуры розных часоў, калоны, капітэлі; разнастайныя прадметы старажытнага побыту: зброя, упрыгожанні, амфары, тэракотавыя статуэткі, абломкі цудоўных ваз з жывапісам, посуд разнастайных тыпаў і часоў, візантыйскі паліваны посуд, гіркі, шалі, падсвечнікі...

На пачатку ХХ стагоддзя нарэшце было прынятае рашэнне аб узвядзенні спецыяльнага будынка для музея, але набліжалася руска-японская вайна. І Касцюшка-Валюжыніч разумеў, што ў гэты час цяжка спадзявацца на саліднае фінансаванне будаўніцтва. «Жудасна становіцца ад думкі, што не дажыву да новага музея. А мне так хацелася б самому ўсё ўладкаваць і спарадкаваць у новым будынку. Калі праект стварэння Херсанескай археалагічнай станцыі не сустрэне спачування, то справе далейшага навуковага даследавання Херсанеса будзе нанесены смяротны ўдар. Выхаваўчае значэнне раскопак будзе страчанае, і за Херсанесам застанецца толькі адна роля — пастаўляць матэрыялы для археалагічных архіваў».

Апошняя экспедыцыя

28 верасня 1907 года каля Ялты-Яліты, на мысе Ай-Тадор, пачаліся раскопкі рымскай фартэцыі Харакс. У часе наведвання гэтых раскопак Касцюшка-Валюжыніч трапіў пад доўгую залеву і прастыў, што мела трагічныя наступствы. Больш за месяц хвароба працякала вяла, але пад канец лістапада абвастрылася. Як на тое, у пакоі, дзе знаходзіўся хворы, было вельмі вільготна і холадна. Моцны запаленчы працэс закрануў адзінае лёгкае. Самаахвярны даследчык не дажыў да адкрыцця асобнага адмысловага будынка для музея. 14 (27 паводле новага стылю) снежня Касцюшка-Валюжыніч памёр ад вострай пнеўманіі і сепсісу ў лякарні Чырвонага Крыжа.

Незадоўга да смерці даследчык пісаў старшыні Маскоўскага археалагічнага таварыства графіні П. Уваравай: «Як архонт мёртвага горада, я пасяліўся на яго руінах, заўсёды знаходжуся там і хацеў бы нават быць пахаваным у Херсанесе, але, як паганец (паводле меркавання тутэйшых святых айцоў), вядома, не заслужыў такога гонару».

Аднак жа ён заслужыў «такі гонар». К. Касцюшка-Валюжыніч быў пахаваны ў двары манастыра, непадалёк ад цэнтральнай плошчы старажытнага горада.

На магіле, на сціплым пастаменце з шэрага каменю, узвышаецца мармуровая калона з раскопак Херсанеса. Яна стаіць як сімвал 20-гадовай працы аднаўлення гісторыі старажытнага горада.

?Навуковая спадчына

Памёр Касцюшка-Валюжыніч за пару месяцаў да выхаду на пенсію. Ён збіраўся прысвяціць вольны час напісанню грунтоўнай кнігі пра Херсанес, частка раздзелаў якой ужо была створана. Ён добра ўсведамляў сумныя перспектывы свайго здароўя і ўсе апошнія гады працаваў з рукапісамі (на жаль, яны бясследна зніклі ў гады Другой сусветнай вайны).

Вынікі яго дзейнасці ўражваюць. Ён ажыццявіў маштабныя раскопкі плошчы старажытнага горада: адкрыў жылыя кварталы і вуліцы, крамы і майстэрні, грамадскія будынкі і багата дэкараваныя цэрквы з мазаічнымі падлогамі, сістэму водазабеспячэння і капітальныя абарончыя збудаванні. Было раскапана больш за 1000 метраў абарончага муру, аснова якога залягала часам на 5-метровай глыбіні, 12 манументальных вежаў, з якіх найбольш вядомай з’яўляецца вежа Зянона, больш за 10 буйных храмаў, шматлікія квартальныя капліцы і каля 2000 пахаванняў на некропалі.

Навуковая спадчына К. Касцюшкі-Валюжыніча складае велізарны архіўны фонд (больш за 5 тысяч адзінак захоўвання) — гэта копіі рукапісных справаздач, накіраваных у Археалагічную камісію, фотаздымкі і чарцяжы, якія дакументуюць працэс раскопак, ліставанне з вядучымі навуковымі ўстановамі, гісторыкамі і прыватнымі асобамі.

Ад самага пачатку раскопак у Херсанесе і да канца зямных дзён Касцюшка-Валюжыніч самааддана служыў любімай справе. За ўсю гісторыю вывучэння гарадзішча ніхто не адкрыў столькі помнікаў, не пакінуў пасля сябе такога велізарнага ліставання і дасканалай, з пазіцый таго часу, дакументацыі, як Караль Касцюшка-Валюжыніч.

Ягоная невычэрпная працаздольнасць і бязмежная любоў да Херсанеса заклалі аснову вядомага цяпер на ўвесь свет запаведніка.

Херсанескі запаведнік сёння

Херсанескія раскопкі — унікальны гістарычны комплекс і нязменна вабяць да сябе шматлікіх гасцей з розных гарадоў. Гэта не толькі гарадзішча, унесенае ў 2013 годзе ў Спіс аб’ектаў Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Херсанес стаў адным з найбуйнейшых навукова-даследчых цэнтраў, дзе працуюць гісторыкі з розных краін. Сярод пазнейшых даследчыкаў руін Херсанеса можна было б назваць імёны многіх археолагаў, але асновы сістэматычных раскопак заклаў менавіта Караль Касцюшка-Валюжыніч. І яшчэ не адно пакаленне гісторыкаў будзе звяртацца да навуковай і творчай спадчыны першага загадчыка гарадзішча, выкарыстоўваць сабраныя ім матэрыялы і даследаваць помнікі, адкрытыя нашым вялікім суайчыннікам.

З даўніх часоў у студэнтаў, якія прыязджаюць на археалагічную практыку ў Херсанес, існуе традыцыя прамаўляць словы вернасці Херсанесу ля магілы К. Касцюшкі-Валюжыніча, паўтараючы Прысягу херсанесцаў: «Я не здраджу Херсанесу...». Гэтыя словы адлюстроўваюць жыццёвае крэда нашага героя. У адным з пасланняў у Археалагічную камісію ён пісаў: «Я так адданы справе даследавання Херсанеса і, як фанатык, так далёка зайшоў, што вяртання няма! Для мяне развітацца з Херсанесам — усё роўна, што развітацца з жыццём».

А на радзіме?

Бацькоўскі маёнтак Касцюшкі-Валюжыніча размяшчаўся на правым беразе Дзвіны пры вусці рэчкі Росіца, паблізу сённяшняй беларуска-латвійскай мяжы, побач з мястэчкам Друя. Цяпер гэтае некалі люднае паселішча дажывае свой век; старажыхароў тут ужо няма. Пад шатамі лісцёвага лесу — былога прысядзібнага парку — сёння можна пабачыць, але ў вельмі занядбаным стане, тое, што раней было панскай сядзібай, з сажалкай і невялікім азярцом сярод палявога раздолля.

Дом у цэлым захаваў першапачатковы выгляд (размяшчэнне пакояў, аконныя і дзвярныя праёмы, ганак, варыстая печ — усё, як і раней), толькі даўнейшы гонтавы дах стаў шыферны. Аднак з фотаздымка, які пераслаў нам гісторык-краязнавец Антон Бубала, бачна, што стан гэтага дома катастрафічны. Тэрмінова патрабуецца кансервацыя і наданне яму статуса ахоўнага аб’екта гістарычна-культурнай спадчыны.

Спадзяёмся, што з часам радавая сядзіба Караля Касцюшкі-Валюжыніча будзе адноўленая, і ў ёй размесціцца Дом-музей даследчыка Херсанеса Таўрычаскага як філіял Верхнядзвінскага гістарычна-краязнаўчага музея. Тады можна будзе чакаць сюды наплыву турыстаў з розных краін, бо мясціны вельмі прывабныя. Мабыць, з часам у Браслаўскім і Верхнядзвінскім раёнах з’явяцца вуліцы, названыя ў гонар Касцюшкі-Валюжыніча, мемарыяльная дошка і бронзавы бюст на гранітным пастаменце. Ён заслужыў гэта сваёй бязмежнай самаахвярнасцю і адданасцю навуцы.?

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]