Дазволены святочны мітынг і канцэрт працягнуцца да 17.00.
Заяўку на святочны мітынг і канцэрт з нагодны 100-годзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі грамадскія актывісты падалі ў гарвыканкам яшчэ 3 сакавіка. Прапанову грамадскасці абмяркоўвалі 12 i 13 сакавіка. У выніку дыялогу горад даў гродзенцам дазвол сабрацца 25 сакавіка каб адзначыць свята, пiша Hrodna.life.
Аргкамітэт свята, створаны апазыцыйнымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі, прапануе адзначыць 100-я ўгодкі БНР літаратурнай вечарынай (23 сакавіка), беларускай дыктоўкай (24 сакавіка), канцэртам і мітынгам (25 сакавіка). Апошняе мерапрыемства пройдзе ў Каложскiм парку. Збор удзельнікаў прызначаны на 13.00. Дазволены святочны мітынг і канцэрт працягнуцца да 17.00. Уся гістарычная і нацыянальная сімволіка дазволеная.
Акрамя мерапрыемстваў запланаваных аргкамітэтам, у Гродне да 100-годдзя БНР запланаваны і шэраг мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў уладаў. Да 25 сакавіка адкрыюцца выставы ў музеях і бібліятэках, а ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы пройдзе канферэнцыя.
Другі год запар гарадскія ўлады даюць магчымасць гродзенцам сабрацца з нагодны Дня Волі. Да гэтага 15 гадоў чыноўнiкi адмаўлялi дэмакратычным сiлам у правядзенні мітынгаў, шэсцяў і пікетаў, якiя дазваляе Канстытуцыя.