Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як жыве родная вёска прэзідэнта БНР Васіля Захаркі

14.03.2018 общество
Як жыве родная вёска прэзідэнта БНР Васіля Захаркі

Чацвёрты прэзідэнт БНР нарадзiўcя ў вёсцы Дабрасельцы Зэльвенскага раёна.

У вёсцы Дабрасельцы Зэльвенскага раёна не быў ужо 6 гадоў. Так хутка бяжыць час, што здаецца зусім нядаўна наведваў гэтую далёкую зэльвенскую вёску. Напярэдадні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі вырашыў зноў завітаць у Дабрасельцы, дзе нарадзіўся і пэўны час жыў актыўны палітычны дзеяч ў перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці, чацвёрты прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Іванавіч Захарка (1877-1943).

У Зэльве

Перш чым завітаць у Дабрасельцы, вырашыў спыніцца ў Зэльве. Прайсціся па вуліцах гэтага райцэнтра, а раптам там памятаюць пра свайго знакамітага земляка зэльвенцы. У самым цэнтры пасёлка каля райвыканкама стаіць помнік Леніну, а ў цэнтральным скверыку здалёк бачны помнік жарабяці. Маўляў, з першай паловы XVII cтагоддзя штогод 26 ліпеня ў Зэльве адкрываўся адзін з буйнейшых у Беларусі кірмашоў – Ганненскі. Адным з характэрных рыс кірмашу быў гандаль коньмі. У асобныя гады там прадавалі па некалькі тысяч коней. Таму помнік жарабяці ў цэнтры Зэльвы ўвасабляе той далёкі гістарычны Ганненскі кірмаш. Вядома ж, замест жарабяці ці Леніна ў цэнтры Зэльвы мог бы стаяць помнік слаўнаму сыну Зэльвеншчыны Васілю Захарку. Але сёння Васіль Іванавіч такога помніка і памяці ў Зэльве не заслужыў. Ды і вуліцы ў яго гонар няма ў Зэльве, няма і шыльды, нічога няма. Нават зэльвенцы, калі я пытаўся ў іх, хто такі Васіль Захарка, ці чулі пра такога чалавека – здзіўлена глядзелі на мяне, паціскаючы плячыма, што першы раз пра такую асобу чулі. Хаця ў Зэльве ёсць нямала людзей з прозвішчам Захарка. Зусім нядаўна ў Дзярэчыне Зэльвенскага раёна жыў шчыры беларус, настаўнік, літаратар, кіраўнік зэльвенскага раённага літаб’яднання “Зоры над Зальвянскай” Пятро Марціноўскі (1932-2006). У зборніку вершаў “Зоры над Зальвянкай” (Слонім, 2008) апублікавана шмат вершаў-песень Пятра Марціноўскага, музыку да якіх напісаў мясцовы кампазітар Уладзімір Захарка.

З цэнтра Зэльвы іду па Савецкай вуліцы да Свята-Троіцкай царквы. На цвінтары царквы стаіць бюст паэтцы і змагарцы Ларысе Геніюш (1910-1983). І ў самой царкве прымацавана мемарыяльная шыльда ад удзячных нашчадкаў на 90-я ўгодкі паэткі. Ёсць у царкве і музейны пакой Ларысы Геніюш. А насупраць царквы на Савецкай вуліцы захаваўся дом, дзе жылі Ларыса і Янка Геніюшы. У 2010 годзе да 100-годдзя паэткі спрабавалі мы адкрыць на доме мемарыяльную шыльду, але мясцовыя вертыкальшчыкі не дазволілі. І хоць шыльда ўжо была прымацавана да сцяны дома, яе сарвалі і адвезлі ў Зэльвенскі РАУС. Праз пэўны час мы з Міхасём Скоблам яе адтуль забралі. Хочацца верыць, што наступіць час і гэта шыльда вернецца на сваё дастойнае месца.

Дарэчы, у канцы 1980-х-пачатку 1990-х гадоў, калі рэдактарам зэльвенскай раённай газеты “Праца” была Ірына Васілеўка, на старонках раёнкі былі аблікаваны сотні вершаў Ларысы Геніюш, дзесяткі артыкулаў пра яе лёс і творчасць. А 1 чэрвеня 1993 года “Праца” надрукавала мой вялікі артыкул на дзвюх старонках “Ён быў прэзідэнтам Рады БНР”. Пасля зыходу Ірыны Васілеўка з пасады рэдактара, пра Ларысу Геніюш і Васіля Захарку Зэльвенская раёнка не прыгадвае.

З успамінаў Ларысы Геніюш

Чаму я пачаў размову пра Ларысу Геніюш, ды таму, што яна была сваячніцай Васіля Захаркі. Праўда, многія думалі, што Геніюш – пляменніца Захаркі, але гэта не так. Хаця заўсёды Ларыса Геніюш Васіля Іванавіча называла проста дзядзька Васіль ці дзядзька Захарка. У сваёй кнізе «Споведзь» Ларыса Геніюш успамінае: “З дзядзькам Васілём жылі мы вельмі дружна. Старэнькі любіў заехаць да нас. Ён не спадзяваўся, што з ганарыстага маяго Янкі будзе такі добры муж. Цешыўся гэтым. Янка цікавіўся болей літаратурай і прыгожымі дамамі й зусім мала палітыкай, а дзядзька Васіль толькі палітыкай…”(Ларыса Геніюш. Споведзь. Мінск, 1993. С. 35).

Далей у “Споведзі” Ларысы Геніюш — самыя сумныя радкі ўспамінаў: “Дзядзька Васіль захварэў на лёгкія. Пад сакрэтам сказала мне пані Крэчэўская, што ягоны нейкі вельмі падазроны кватарант парнуў яго ў бок нажом… З якой прычыны — магу толькі дадумацца сяньня, калі болей ведаю “мэтады”. Дзядзька адмовіўся ад варункаў, якія яму давалі немцы, і яму, і Беларусі, і дрыжучы даставаў дапамогу ад Чырвонага Крыжа й чакаў нядобрага. Ратавала яго, як і доктара Градзіла, радыё. Дзядзька быў дэмакрат, і аператыўнае мудрае Бі-бі-сі толькі яго й трымала на духу. Ён вельмі баяўся, каб якія самазваныя фюрэры не паявіліся ў нас і не павялі дрэнна палітыкі. Ён пазнаў немцаў і сказаў мне так: “Няма ў нас выбару: альбо — альбо. Калі выйграюць немцы, дык вынішчаць усіх нас, калі выйграюць саветы, дык вынішчаць інтэлігенцыю й асымілююць народ. Але гэта лепей, чымсьці сьмерць усяго народу… Трэцяга выхаду няма…”. У Богніцах за Прагаю ў санаторыі для цяжкахворых туберкулёзам дажываў свой век Васіль Іванавіч Захарка. Толькі я ад яго вярнулася, як за пару дзён атрымала ад яго паштовую картку, запырсканую крывёю. Прасіў мяне: “Донечка, хутчэй прыязджай” і г. д. Прыехала якраз і пані Крэчэўская, якая сказала мне, што дзядзька вельмі аслаб, у яго горлам кінулася кроў, і ён неадкладна хоча мяне бачыць. Дзядзька даўно ўжо прасіў мяне, каб я часцей да яго наведвалася, ён баяўся іншых людзей, нікога не хацеў бачыць. Дзядзька быў накрыты сваёю коўдраю, белая наўлечка якой была ўся ў крыві. Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцьця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 года, пасьля сьмерці А. Крэчэўскага зьяўляецца Старшынёй БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку. Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, ёсьць толькі такая жанчына, а жанчына ня можа быць прэзідэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год… Не, кажу, так рабіць нельга! Нельга браць у магілу ідэі незалежнасці нашага народу! “Нікому ня веру, донечка. Ёсьць многа людзей, але ў кожнага на некага арыентацыя, а тут трэба быць верным толькі народу. На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай”. Тады я запрапанавала Абрамчыка.

Я доўга даказвала дзядзьку ўсю паважнасьць, прадбачлівасьць і любоў да Беларусі гэтага чалавека. Я толькі не сказала, што Мікола крыху замяккі, крыху задобры, каб стаць на такое змаганьне. Мікола ведаў мовы, вельмі добра арыентаваўся ў палітыцы, ненавідзеў немцаў, умеў выкарыстаць любую нагоду, каб толькі нешта вартаснае зрабіць для Беларусі. Дзядзька папрасіў падаць яму папер. Я паправіла яму падушку, ён сеў і пачаў пісаць тэстамэнт, які прасіў мяне перапісаць у трох экземплярах на машынцы й назаўтра яму прынесьці. Пані Косач-Шыманоўская, сястра Лэсі Украінкі, хораша перапісала мне гэты тэстамэнт, і назаўтра дзядзька Васіль падпісаў іх, яшчэ паправіўшы дробныя памылкі. У тэстамэнце Мікола Абрамчык назначаўся Прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі, Ларыса Геніюш — Генеральным Сакратаром БНР. На нас абаіх пераходзіў архіў БНР, які быў у кватэры дзядзькі Васіля… Я была радая хоць тым, што Мікола мог яшчэ ўбачыць дзядзьку й з яго ўласных рук атрымаць гэты дакумент. Першы экземпляр далі мне, другі Міколу, а трэці пакінуў сабе дзядзька Васіль. Ніхто пра гэта нічога не ведаў, усё рабілася тайна…

Спакавалі мы з Міколам пару чамаданаў нашага дзяржаўнага архіву, і ён павёз гэта ўсё да сябе з думкай усё гэта пераправіць у Францыю. Я й да сёньня ня ведаю, як яму й ці яму гэта ўдалося… А дзядзька згасаў з кожным днём. 13 сакавіка 1943-га года ў нядзелю я наведала яго. Заўважыла, што яго перавялі да найцяжэйшых хворых. Ляжаў ён жоўты, слабы. Хацеў, каб падалі яму судна. Я папрасіла, каб не ўстыдаўся мяне, ён ужо мала на што рэагаваў. Прасіў толькі, каб я так хуценька не хадзіла, каб крыху прысела ля яго. Аддаў мне свой экзэмпляр тэстамэнту й папрасіў, каб гадзіньнік яго я пакінула сабе. Я яму абяцала гэта. Мы разьвіталіся…”(Ларыса Геніюш. Споведзь. Мінск, 1993. С. 53–61).

14 сакавіка 1943 года Васіля Захаркі не стала. Пахаванне яго адбылося на Альшанскіх могілках у Празе, якая была акупавана немцамі. Развітацца з прэзідэнтам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі прыехалі дэлегацыі ад розных народаў. Але сказаць развітальнае слова ім гестапа забараніла. Таму атмасфера ў гэты час была надзвычай цяжкая. Яна больш згусцілася, калі пачалі труну апускаць у магілу. У гэты момант інжынер Мікола Абрамчык, ён ужо прэзідэнт Рады БНР, усё ж прайшоў да магілы і выступіў з невялікай прамоваю. Пасля яго некалькі слоў сказаў і прадстаўнік ад украінскай моладзі. А ўкраінскі прафесар Мазепа вымавіў толькі адзін сказ: «Нічога, мы шчэ будэмо маты оказыю промовіты іншым разом». Больш за ўсіх шкадавала дзядзьку Васіля Ларыса Геніюш. Калі пачалі засыпаць магілу, яна самлела. Спявак Міхась Забэйда-Суміцкі і інжынер Васіль Русак выносілі яе на руках… Смерць Васіля Захаркі выклікала вялікі рэзананс у Еўропе. Але нямецкая цэнзура не дазваляла друкаваць у газетах артыкулы-некралогі, а таксама кантралявала, каб гэтая сумная вестка не дайшла да Беларусі. Але часопіс “Новы шлях” (1943, № 8) на старонцы 15 апублікаваў некралог “Памяці В.Захаркі” і здымак. Некралог пачынаўся так: “14-га сакавіка бягучага году ў Праскай санаторыі для сухотнікаў на 66 годзе жыцьця памёр стары беларускі дзеяч, член эміграцыйнага Беларускага Ўраду Васіль Захарка. Ад 1928 году, пасьля сьмерці старшыні Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, Пётры Крачэўскага, Васіль Захарка, як заступнік старшыні Рады БНР, абараняў і рэпрэзэнтаваў інтарэсы Беларускага Народу перад міжнароднымі ўстановамі. У шматлічных нотах і мэмарандумах, а таксама і ў друку асьвятляў ён ганебныя мэтады ўціску беларускага народу, робленыя ў Заходняй Беларусі палякамі, а ў Цэнтральнай і ў Усходняй Беларусі бальшавікамі… і г.д.”.

Так што тая памяць пра Ларысу Геніюш, якая ёсць у Зэльве сёння, мае дачыненне і да Васіля Захаркі. І Ларыса Геніюш, і Васіль Захарка з’яўляліся грамадзянамі Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама кіраўнікамі БНР.

З Зэльвы еду ў накірунку Ваўкавыска. Праехаўшы некалькі кіламетраў зварочваю направа на вёску Холстава. Пасля Холстава будуць яшчэ Янаўшчына, Тулава, Міжэрычы, Рудзевічы, а потым ужо Дабрасельцы – вёска, дзе нарадзіўся Васіль Захарка. Да сённяшніх дзён у вёсцы Дабрасельцы пражывае шмат сем’яў з прозвішчам Захарка. І некаторыя з іх з’яўляюцца далёкімі і блізкімі сваякамі Васіля Захаркі.

З біяграфіі

Васіль Захарка нарадзіўся 1 красавіка 1877 года. Маладыя гады былі вельмі цяжкімі. Хлопец хацеў вучыцца, а грошай не хапала, бо бацькі-сяляне былі бедныя. Калі юнаку споўнілася шаснаццаць гадоў, памерлі маці і бацька. Васіль Захарка застаўся круглым сіратою, маючы пад сваёй апекаю сястру і двух братоў. Летам ён вёў гаспадарку, а зімою спрабаваў вучыцца. У 1895 годзе хлопец з Дабрасельцаў вытрымаў экзамены на настаўніка царкоўнапрыходскай школы і нават атрымаў працу. Але тады ў гэтых школах настаўнікам плацілі вельмі мала, таму праз два гады Васіль звальняецца з працы і ўладкоўваецца пісарам. У сярэдзіне кастрычніка 1898 года Васіля Захарку забіраюць на вайсковую службу. Чатыры гады ён вучыцца ў ваенна-юнкерскім вучылішчы, а пасля звальняецца як афіцэр запасу. Але з выбухам руска-японскай вайны яго зноў забіраюць на вайсковую службу. За час службы вайсковец з Зэльвеншчыны набраўся добрага вопыту. У 1906 годзе ён быў справаводам брыгады, у 1914 годзе — памочнікам начальніка правізацыі арміі Паўночна-заходняга фронту, у 1916 годзе — загадчыкам канцылярыі штабу 10-й арміі. А з красавіка 1917 года — намеснікам старшыні ваеннага суда штаба 10-й арміі…

У канцы кастрычніка 1917 года Васіль Захарка вяртаецца ў Менск і прымае актыўны ўдзел у арганізацыі з’езда беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту, а пасля становіцца сакратаром Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады. У снежні 1917 года ў Менску адбыўся Першы Усебеларускі кангрэс, дзе спадар Захарка быў абраны сябрам Рады. Калі Кангрэс пачалі разганяць бальшавікі, ён трапляе ў палон. Уцёкшы з палону, Васіль Захарка пачынае разам са сваім сябрам Кастусём Езавітавым арганізоўваць збройнае паўстанне супраць бальшавікоў. 19 лютага 1918 года Менск быў ачышчаны і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі выйшаў з падполля… У першым урадзе БНР Васіль Захарка займаў становішча дзяржаўнага скарбніка, а пасля меў розныя пасады ў міністэрстве. У 1919 годзе прэзідэнтам Рады БНР быў абраны Пётр Крэчэўскі, а яго намеснікам стаў Васіль Захарка. 2 чэрвеня 1920 года, калі бальшавікі выказалі жаданне весці перамовы з урадам БНР, Васіль Захарка быў прызначаны гэтым урадам старшынёй Надзвычайнай беларускай дыпламатычнай місіі. Але не дамовіўшыся з бальшавікамі, Захарка вяртаецца з Масквы і вядзе далейшае змаганне за незалежнасць Беларусі. У сакавіку 1928 года памірае прэзідэнт Рады БНР Пётр Крэчэўскі. Новым прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі становіцца Васіль Захарка. Гэта быў нялёгкі час як для прэзідэнта, так і для Беларусі. З утварэннем СССР новаму прэзідэнту са сваёй канцылярыяй прыйшлося эміграваць. Васіль Захарка пасяліўся ў сціплай хатцы ў ваколіцы Прагі, хоць чэшскі ўрад з прызнаннем СССР прыпыніў афіцыйныя дыпламатычныя стасункі з БНР. Але прэзідэнт Васіль Захарка не падаў духам і не паддаваўся на розныя правакацыі. Ён, дарэчы, адхіліў таксама ўсе прапановы наконт супрацоўніцтва і з немцамі…

Дабрасельцы

Шмат Захаркаў знайшлі свой апошні спачын на вясковых могілках у Дабрасельцах. Амаль на палову могілак помнікі з прозвішчам Захарка. Ёсць там і сваякі Васіля Іванавіча. Пра гэта нагадала мне ў Дабрасельцах праўнучка Захаркі Валянціна Іванаўна Быкава. “Добра было б якую шыльдачку паставіць на могілках, што тут пахаваны пляменнікі і ўнукі Васіля Іванавіча. Усё ж ён вялікая асоба ў маштабах нашай краіны. Але пра яго тут мала хто ведае, хаця Захаркаў у нас шмат”, – сказала Валянціна Іванаўна.

Вёска Дабрасельцы, дзе нарадзіўся другі прэзідэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі – глыбінка Зэльвенскага раёна, ад райцэнтра да вёскі каля 20 кіламетраў. У канцы XIX стагоддзя вёска і маёнтак былі ўласнасцю Ігната Шырмата, які меў 799 дзесяцін зямлі. На пачатку ХХ стагоддзя ў Дабрасельцах жылі каля 400 чалавек. Але з кожным годам вяскоўцаў станавілася ўсё менш і менш: у 1971 годзе іх жыло 288, у 2003 — 161 жыхар, а цяпер, па словах вяскоўцаў, чалавек 80. Паміраюць людзі, асабліва мужыкі.

У Дабрасельцы, калі ехаць з Зэльвы і Міжэрычаў, можна дабрацца з двух бакоў вёскі. Бо сама вёска — гэта адна доўгая заасфальтаваная вуліца. Праўда, некалькі дамоў стаяць крыху ўбаку ад галоўнай вясковай вуліцы. Мне патрапіць у Дабрасельцы давялося з боку праваслаўнай царквы Святога Антонія, пабудаванай у 1893 годзе. Але на той час у царкве нікога не было, таму прыйшлося ехаць да вясковай крамы — у другі бок вёскі, каб пагутарыць з вяскоўцамі. У краме ў Дабрасельцах было людна, вяскоўцы куплялі тавары, вялі розныя гутаркі пра сваё жыццё-быццё.

Сваякі Васіля Захаркі

Калі я шэсць гадоў таму быў у Дабрасельцах, то ў пошуках слядоў Васіля Захаркі мне дапамагла Вера Іванаўна Міхальчык – родная сястра Валянціны Іванаўны. Тады мяне сустрэла невялікага росту бабуля, але яшчэ жвавая, зацікаўленая і гаваркая. Павітаўся і сказаў жанчыне мэту свайго візіту ў Дабрасельцы. Вера Іванаўна ўзрадавалася, запрасіла ў адзін з пакояў хаты і сказала, што ведае пра Васіля Іванавіча Захарку.

— Мама мая Васілю Захарку была блізкай сваячкай, — расказвала падчас першай сустрэчы Вера Іванаўна. — Пры маёй памяці ён у Дабрасельцы прыязджаў два разы, але я яго не бачыла. Адзін раз, калі ён прыязджаў, я хварэла. Але я яму пісала лісты, дарослыя дыктавалі, а я пісала. Я вучылася ў царкоўнапрыходскай школе, пісаць і чытаць умела. А вось жонку яго Пелагею бачыла некалькі разоў, яна родам з суседняй вёскі Бязводна…

Цяпер сустрэцца з Верай Іванаўнай Міхальчык мне не ўдалося. За гэтыя шэсць гадоў яна пахавала двух сваіх сыноў і цяпер цяжка хварэе. Хата яе на замку. Таму пра ўсё я пытаўся ў роднай сястры Веры Міхальчык – Валянціны Іванаўны.

— А дзе яго была хата, дзе ён жыў? — пытаюся ў жанчыны.

— Побач з нашай хатай, дзе жыве сястра. Сястры нумар дома 15. Там асобная вуліца, якую вяскоўцы называюць Куток, а тут, каля крамы – Сяло. Вось там і стаяла хата Захаркаў. Але хаты той даўно няма, толькі месца засталося, дзе яна стаяла.

— Я памятаю тое месца, я туды пад’еду, – кажу Валянціне Іванаўне. – Гэта месца мне паказвала ваша сястра.

Валянціна Іванаўна Быкава жыве недалёка ад крамы ў вялікім доме. Вуліца каля яе хаты заасфатаваная, да яе часта заходзяць вяскоўцы, калі ідуць у краму па хлеб і іншыя прадукты.

— Такі вялікі дом вы пабудавалі сабе ў Дабрасельцах? — пытаюся ў спадарыні Валянціны.

— Ды гэта не мой. Тут жыў Герой Сацыялістычнай Працы Аляксандр Жамойцін. А калі ён памёр, мы выкупілі ў калгаса гэты дом. Вось цяпер адна тут і жыву, муж памёр, — сказала Валянціна Іванаўна.

— А за што Аляксандр Жамойцін атрымаў такое вялікае званне?

— Атрымаў ён гэта званне ў 1972 годзе за поспехі ў павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў земляробства. Вось за гэта тады давалі такія вялікія званні.

— Спадарыня Валянціна, а ці ёсць у вас здымкі Васіля Захаркі?

— Былі два, але забрала дачка. Яна жыве ў Маладзечанскім раёне.

— А што гэта былі за здымкі?

— На адным — Васіль Захарка з жонкай Пелагеяй. Ён сядзіць, а яна стаіць побач з ім, паклаўшы яму руку на плячо. Здаецца, здымак быў зроблены ў 1920-х гадах. І на другім здымку

— Васіль Захарка ў Коўне.

— Я ведаю гэтыя здымкі. Яны друкаваліся ў часопісе “Спадчына” ў 1994 годзе.

— Спадарыня Валянціна, а ці ведалі вы такую паэтку Ларысу Геніюш, ці бачылі яе хоць раз?

— Вядома ж бачыла. Калі мы з мамай ездзілі ў царкву ў Зэльву, то там сустракалі Ларысу Антонаўну, яна таксама наша далёкая сваячка, яна ведала Васіля Іванавіча. І калі мы прыязджалі ў Зэльву, хадзілі ў царкву, а пасля царквы Ларыса Антонаўна нас запрашала заўсёды ў госці. Яе хата ў Зэльве знаходзілася праз вуліцу каля царквы. Яна нас частавала гарбаткай, пячэннем, цекеркамі ці пірагамі, а потым на аўтобусе мы ехалі ў Дабрасельцы…

Калі я развітваўся з Валянцінай Іванаўнай Быкавай, жанчына сказала, што, магчыма, не дажыве да таго часу, калі яе сваяку Васілю Захарку паставяць у Зэльве помнік. Я запэўніў яе, што дажыве, і што падчас адкрыцця помніка, яна з дзецьмі і ўнукамі выступяць са шчырай прадмовай.

Шыльда, дзе стаяла хата Васіля Захаркі

Я сеў у машыну і паціху з горкі па гразкай вуліцы паехаў у вясковы Куток. Паехаў туды, дзе стаяла хата Васіля Захаркі. Да самага месца пад’ехаць не змог, бо дужа вузкая вуліца. Выйшаў з машыны і пайшоў далей пяшком. Калі я падыйшоў бліжэй да таго месца, дзе стаяла хата, то быў здзіўлены. На заросшым травой і закінутым смеццем фундаменце збоку ўбачыў шыльдачку: “Тут стаяла хата прэзідэнта БНР Васіля Захаркі (1877-1943)”. Хто паставіў шыльдачку – мне даведацца не ўдалося. Тым больш у Кутку шмат пустых хат, людзей там у пойдзень сустрэць і пагутарыць не ўдалося…

Самога Васіля Захарку на Альшанскіх могілках у Празе пахавалі побач з яго жонкаю Пелагіяй (Палінай) Захарка. Магіла, дарэчы, была загадзя закуплена і разлічана на дваіх. Да помніка з выяваю Пагоні, які паставіў Васіль Іванавіч сваёй жонцы, пазней прымацавалі толькі шыльдачку з прозвішчам Васіля Захаркі.

…Калі я пакідаў Дабрасельцы і вяртаўся ўбок Зэльвы, падумалася, што ўсё ж некалі наступіць час, калі чацвёртаму прэзідэнту Беларускай Народнай Рэспублікі паставяць у Зэльве помнік. Яго імем будуць названы вуліцы, а ў Дабрасельцах з’явіцца і музей Васіля Захаркі. Эх, дажыць бы…

Сяргей Чыгрын, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]