Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Уладзіміра Някляева не пусцілі ў музей на выставу да 100-годдзя БНР

15.03.2018 политика
Уладзіміра Някляева не пусцілі ў музей на выставу да 100-годдзя БНР

Выстава адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеi.

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў распавёў “Народнай Волі”, чаму яго не пусцілі ў Нацыянальны гістарычны музей, дзе адкрылася выстава да 100-годдзя БНР.

“Пасля таго, як у аргкамітэце па святкаванні 100-годдзя БНР апазіцыя размежавался на пратэстную і канцэртную, і канцэртная апазіцыя пайшла на перамовы з уладамі, прымаць рашэнні, якія датычныя свята, стаў не аргкамітэт, а чыноўнікі, — распавядае Някляеў. — І дайшло да таго, што яны сталі вызначаць не толькі фармат святочных мерапрыемстваў, але і склад іх удзельнікаў. І найперш завіхаецца ў гэтым Міністэрства культуры”.

14 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі адчынілася выстава да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, але паэт туды не патрапіў.

“Напярэдадні патэлефанаваў Юрась Губарэвіч з аргкамітэта і прапанаваў узяць удзел у адкрыцці выставы, — працягвае паэт. — Час мне падыходзіў, таму я пагадзіўся. Губарэвіч паведаміў, што ён падаў ад аргкамітэту спіс удзельнікаў у Міністэрства культуры, і там яго будуць узгадняць, а затым персанальна запрашаць тых, каго “узгаднілі”. У выніку з гэтага спісу прозвішча Уладзіміра Някляева выкраслілі. Можа, знайшлі больш дастойнага прадстаўніка беларускай літаратуры з праўладнага Саюза пісьменнікаў”.

Суразмоўца кажа, што такі паварот падзей не стаў для яго нечаканасцю.

“Мяне ўжо даўно не пускаюць на афіцыйныя мерапрыемствы, але ж не ў такой сітуацыі, — абураецца ён. — Мерапрыемства, якое звязана са 100-годдзем БНР, — гэта не тусоўка Мінкульта. Ініцыятарам ўсяго гэтага свята была беларуская дэмакратычная грамадскасць. Заяўнікам выступіў аргкамітэт, і ён жа быў арганізатарам большасці мерапрыемстваў. І менавіта аргкамітэт вызначаў людзей, якія прымуць удзел у мерапрыемствах, і запрашаў іх. Дык хоць бы захавалі нейкую парытэтнасць! Няхай была б палова прадстаўнікоў па запрашэнні дзяржаўных арганізацый, і палова ад аргкамітэта. Дык не! Цяпер увесь працэс увогуле ў руках чынавенства. А мы добра ведаем, як яны кіруюць працэсамі”.

Уладзімір Някляеў адзначае, што на выставу не пусцілі не толькі яго, але адклікалі запрашэнне і самога Юрася Губарэвіча.

“Пазней мне паведамілі, што рашэнне прымалася на ўзроўні кіраўніцтва Міністэрства культуры, — дадае паэт. — Маўляў, Някляеў — непажаданая асоба на мерапрыемстве. Дык няхай я і “непажаданая асоба”, але вырашаць гэта ў адносінах да тых мерапрыемстваў, якія праходзяць пад знакам 100-годдзя БНР, справа не толькі чыноўнікаў”.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]