Тысячу асобнікаў распаўсюдзяць бясплатна.
Дзе пачалася гісторыя каханьня Тамаша Грыба і Паўліны Мядзёлкі, а дзе сябры Антанты вырашалі, каму дастанецца Горадня? На мапе пазначаныя дванаццаць месцаў другой сталіцы БНР, зьвязаных са станаўленьнем беларускае дзяржаўнасьці. Папяровы варыянт зьявіцца напярэдадні 25 сакавіка, перадае «Радыё Свабода».
Горадня важная для гісторыі беларускай дзяржаўнасьці
Гэта сумесны праект Цэнтра гарадзкога жыцьця Горадні і горадзенскага інфармацыйнага парталу Hrodna.Life. Над ім цягам месяцу працавалі каардынатарка Ірына Новік, дызайнэрка Вольга Новік, Павал Мажэйка, гісторыкі Андрэй Чарнякевіч і Андрэй Вашкевіч.
Мапа створаная на падставе дасьледаваньняў Андрэя Чарнякевіча, прадстаўленых у даведніку «Шляхамі БНР». Андрэй Вашкевіч падзяліўся фотаздымкамі са свайго архіву, на аснове якіх маляваліся будынкі. Некаторых зь іх ужо не існуе. Яны пазначаныя на мапе чырвоным.
Аўтары хацелі паказаць, наколькі важнай была Горадня для гісторыі беларускае дзяржаўнасьці. Таксама мапа можа стаць першым крокам для многіх беларусаў і турыстаў да больш глыбокага вывучэньня гісторыі БНР.
«У Горадні вельмі глыбокая гісторыя. Ёсьць і беларуская Горадня, і габрэйская, і польская. У кожным гістарычным пэрыядзе розныя людзі бачылі сваю Горадню. Адна з мэтаў мапы паказаць, што наш горад можа быць розным. Гэтая канцэпцыя больш беларуская і сканцэнтраваная на тых сьлядах, на тых будынках, якія адносіліся да часу станаўленьня БНР», — кажа каардынатарка праекту Ірына Новік.
Тысячу асобнікаў распаўсюдзяць бясплатна
Мапа выйдзе на беларускай мове накладам 1000 асобнікаў. Яе можна будзе бясплатна атрымаць у Цэнтры гарадзкога жыцьця (Савецкая, 3), этнакраме «Цудоўня» (Кірава, 3), кавярні «Наша кава» (Замкавая, 11) і па іншых адрасах. Аўтары плянуюць распаўсюджваць мапу на літаратурнай вечарыне і беларускай дыктоўцы, прысьвечаных сьвяткаваньню стагодзьдзя БНР.
Мапу адрасоў БНР можна назваць працягам турыстычнай мапы, якую нядаўна прэзэнтавалі ў Горадні. Захаваецца дызайн, гід (алень Лявон) і фармат трансформэра.
12 мясьцінаў БНР: ад манастыра да турмы
Манастыр бэрнардынаў — цяпер Пабэрнардынскі касьцёл на Маставой вуліцы. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны тут адбываліся паседжаньні Горадзенскага гуртка беларускае моладзі.
Беларуская школа — цяпер корпус аграрнага ўнівэрсытэту на вуліцы Валковіча. Тут было апошняе месцазнаходжаньне беларускай школы пад кіраўніцтвам Уладзімера Федарука.
Беларуская хатка — вядомая гарадзенцам, як былая мастацкая школа. Цяпер у гэтым шэрым будынку на скрыжаваньні вуліц Тэлеграфнай і Карбышава месьціцца разьлікова-касавы цэнтар. Тут разьмяшчалася Грамада беларускае моладзі, адбываліся сустрэчы беларускіх актывістаў. Менавіта тут пазнаёміліся Тамаш Грыб і Паўліна Мядзёлка. Адсюль пачалася гісторыя іхняга каханьня.
Міністэрства беларускіх спраў — цяпер Гуманітарны каледж на вуліцы Леніна. Тут адбываліся сустрэчы Міністэрства беларускіх спраў на чале з Язэпам Варонкам.
Дом Багдановіча — цяпер музэй Максіма Багдановіча. Тут у 1890-х гадах жыла сям’я Адама Ягоравіча Багдановіча, бацькі Максіма. Наўпроставага дачыненьня да стагодзьдзя БНР дом не мае. Але, паводле аўтараў мапы, для беларускае дзяржаўнасьці і культуры гэта знакавы будынак.
Гатэль «Расея», таксама раней называўся гатэль «Маскоўскі» — цяпер камітэт прыродааховы і Орхускі цэнтар. На пачатку 1919 года тут адбываліся сустрэчы Урада БНР.
Гатэль «Эўропа» — ад яго нічога не засталося, цяпер на гэтым месцы стаіць унівэрмаг «Нёман». У канцы 1918 — на пачатку 1919 гадоў тут жыў старшыня Ураду БНР Антон Луцкевіч. Цікава, што фотаздымкаў гатэля не захавалася. Малюнак будынка на мапе зроблены па алоўкавай рэканструкцыі гатэлю.
Гатэль «Раяль» — цяпер закінуты ружовы будынак на Гараднічанскай вуліцы, у працэсе зацягнутай рэканструкцыі. Тут адбываліся сустрэчы беларускіх і польскіх актывістаў у 1919 годзе, а таксама жылі сябры вайскова-дыпляматычнай місіі Антанты, якая павінна была вырашыць будучую дзяржаўную прыналежнасьць Горадзеншчыны.
Беларуская камэндатура — сучасная рэзыдэнцыя праваслаўнага япіскапа (Горкага, 2), побач з архірэйскім падворкам. Тут разьмяшчалася Беларуская вайсковая камэндатура і цэнтар вайсковых частак у Горадні на пачатку 1919 года.
Былы Барысаглебскі манастыр — яго не засталося, на ягоным месцы пабудаваны драмтэатар. З 1916 году ў будынках манастыра дзейнічалі беларускі прытулак і беларуская школа. Кіравалі школай Аляксандр Грыкоўскі і Тэкля Станішэўская. Адметна, што добрых здымкаў манастыра не засталося. Рэканструявалі выяву па некалькіх фатаграфіях з розных ракурсаў.
Старыя гарадзкія могілкі на вуліцы Антонава — тут пахаваны адзін з заснавальнікаў Горадзенскага гуртка беларускай моладзі ксёндз Францішак Грынкевіч і першы настаўнік Горадзенскай беларускай школы Аляксандр Грыкоўскі.
Турма — цяпер таксама турма № 1 на вуліцы Кірава. Тут у міжваенныя часы ўтрымлівалі беларускіх патрыётаў, у тым ліку, Браніслава Тарашкевіча і Пятра Сяўрука.
Апісаньняў будынкаў няма на мапе, аднак яны будуць апублікаваныя на сайце Hrodna.Life.
Аўтары кажуць, што ў будычыні, мажліва, зьявяцца новыя варыянты мапы з аленем Лявонам зь іншымі будынкамі і акцэнтамі, прымеркаваныя да іншых падзей.