Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларусу наканавана сьвяткаваць Дзень Волі

16.03.2018 политика
Беларусу наканавана сьвяткаваць Дзень Волі

Нават калі ў краіне тае волі, як кот наплакаў.

Пішу «Дзень». Алгарытм падказвае «Волі». ОК, халера зь ім, напішу трошкі пра Дзень Волі.

Гэта адно з найбольш істотных сьвятаў, якое можа сьвяткаваць чалавек незалежна ад нацыянальнасьці. Свабода, воля, незалежнасьць – мара ці не кожнага індывіда. Мара, якая ніколі не збываецца, але ў якую так хочацца верыць. Як у Дзеда мароза ці сынгулярнасьць.

Мы, беларусы, 25 сакавіка адзначаем угодкі ўтварэньня нашай першай нацыянальнай дзяржавы. Лёс ейны быў кароткім, куды карацейшым, чым жыцьцё паасобнага чалавека. Але ідэя засталася жыць. Хоць ейныя аўтары ўжо даўно памерлі. Працягласьць жыцьця ідэяў можа вымярацца тысячагодзьдзямі. Галоўнае, каб мем быў вірусным.

Мы Дзень Волі ўсё яшчэ адзначаем неафіцыйна. Можа так і лепш. Неяк было б не па сабе, каб Лукашэнка з зомбіскрыні віншаваў нас з Днём Волі. Гэта было б нават горш чым тое, што каля Опэрнага ня будзе Вольскага і Міхалка.

Нягледзячы на Лукашэнку, КДБ і АМАП, мы жывем хіба што ў найлепшы час, які быў за ўсю гісторыю існаваньня homo sapiens на тэрыторыі сучаснай Беларусі. БНФ зрабіў фатальную памылку прывязаўшыся да слогана «Адраджэньне». Адраджаць няма чаго. Будаваць трэба. У тым ліку свабоды і правы, якіх у беларусаў раней ніколі не было.

Свабода волі – гэта ілюзія. Я не выбіраў, дзе нарадзіцца. Сьвяткуючы Дзень Волі, я разумею і прымаю яго парадаксальнасьць. А ты?

- Ха, то бок свабоды не існуе?

- Не існуе свабоды волі. Але ёсьць розьніца, ці ты гуляеш па парку ці сядзіш на Акрэсьціна. Зычу ўсім добрым людзям на Дзень Волі і ва ўсе астатнія дні заставацца на волі.

У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы Дзень Волі адзначаюць 27 красавіка. У іх гэтае сьвята куды больш практычнае, а ў нас тэарэтычнае. У ПАР Дзень Волі – сьвята ўгодкаў першых выбараў пасьля апартэіду. Раней галасаваць маглі толькі белыя. Цяпер там выбары свабодныя для ўсіх. Мы ж пра вольныя выбары ведаем толькі ў тэорыі.

А вы ведаеце, што ангельскае «slave» (раб) пайшло ад слова “славянін”? Ці гэта ў нашай генэтыцы заставацца рабамі? Ці ты лічыш, што ты свабодны?

Так? Ок. Давай правядзем эксперымэнт. На тыдзень выключы тэлефон, тэлевізар, кампутар, не хадзі на працу ці ва ўніверсітэт. Калі паліш, не палі. Калі п’еш алкаголь, ня пі. Прыходзь праз тыдзень. Тады пагаварым.

Вялікае і пакуль яшчэ не зусім канчаткова разьвязанае навукай пытаньне: ці я, чалавек, больш свабодны за, скажам, павука?

Калі Дзень Волі наступіць для парсючка, які сядзіць у цябе ў хляве? Ці ў тваім разуменьні яго Дзень Волі – гэта пагалоўшчына?

Мы так любім спрачацца пра гісторыю, нібы мы можам яе зьмяніць. Усё, што ў нас ёсьць – гэта цяперашні момант. Цяпершчына – тэрмін, які кожны з нас матае усё жыцьцё. Але тое, якім ён ёсьць, вынікае з нашай гісторыі. Яе трэба ведаць, каб не наступіць на тыя самыя граблі. Гісторыкі, якія ствараюць міты, чыняць шкоду.

Нацыянальна сьвядомаму беларусу наканавана сьвяткаваць Дзень Волі. Нават калі волі той як кот наплакаў.

Знаёмы прывітаўся «Жыве Беларусь!» Хацеў адказаць «Жыве вечна», а тады прыгадаў пра другі закон тэрмадынамікі. Адказаў: «Жыве!»

Андрусь Храпавіцкі, westki.info

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]