Акцыя прымеркаваная да вялікага юбілейнага канцэрта гурта «Кипелов».
Фолк-гурт «Pawa» разам з опернымі спевакамі Іллём Сільчуковым і Вольгай Вашкевіч запісаў беларускі кавер на песню «Я свободен» – адну з самых вядомых кампазіцый Валерыя Кіпелава, пiша «Белсат».
Акцыя прымеркаваная да вялікага юбілейнага канцэрта гурта «Кипелов», які адбудзецца 31 сакавіка ў Палацы спорту.
У Менск «Кипелов» прывязе лепшыя песні і новы альбом «Звезды и кресты». Гэта першы прыезд калектыву ў сталіцу Беларусі за 5 год. Лідар гурта беларускую версію «Я свободен» ужо слухаў і ацаніў яе станоўча.
«Прачытанне «Pawa» мне спадабалася. Добра, калі кавер-версіі зроблены якасна. А гэта менавіта той выпадак», – кажа Валерый Кіпелаў.
Тэкст песні на беларускую пераклаў фолк-музыка Віталь Воранаў. Аранжыроўку і інструментальныя партыі запісаў гурт «Pawa», які спалучае ў сваёй творчасці фолк, рок і электроніку. Для лідара калектыву Юрыя Панкевіча кавер стаў вяртаннем у юнацтва:
«Кіпелаў быў для мяне постаццю нумар адзін, калі яшчэ падлеткам у 1990-х я захапіўся рок-музыкай. Я набываў яго запісы ў складзе гурта «Ария» на касетах, я меў усю атрыбутыку таго часу: чорны заплечнік з надпісам «Я свободен», берцы і касуху з кожзаму. Усе песні і тэксты былі завучаныя на памяць і перажытыя. Дарэчы, гэта быў мой першы рок-канцэрт – памятаю, што адбываўся ён у цырку. Таму з задавальненнем пайду паслухаць Валерыя і зараз».