Улады Баранавічаў дазволілі сьвяткаваньне Дня Волі ў гарадзкім парку.
Баранавіцкі гарвыканкам дазволіў правесьці ў горадзе 25 сакавіка канцэрт і мітынг да 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізатары сьвяткаваньняў кажуць пра магчымую адмену мерапрыемства праз адсутнасьць грошай.
Улады Баранавічаў дазволілі сьвяткаваньне Дня Волі ў гарадзкім парку з 12 да 16 гадзіны з умовай аплаты працы камунальных службаў, міліцыі і мэдыкаў. Заяўнік мерапрыемства Юры Казакевіч сказаў «Радыё Свабода», што неаднаразова прасіў гарвыканкам узяць гэтыя выдаткі на сябе, бо актывісты ня маюць крыніц фінансаваньня, а асабістых сродкаў недастаткова.
«У Баранавічах у людзей жыцьцёвы ўзровень нізкі, і грошай на аплату ў нас няма. Я казаў, што выстаўленьне нам такіх рахункаў будзе раўназначна таму, што ўлады не жадаюць гэтага сьвята», — сказаў Казакевіч.
Намесьнік старшыні Баранавіцкага гарвыканкаму Аляксей Гарбуз пракамэнтаваць гэтую заяву адмовіўся.
Казакевіч кажа, што арганізоўваць краўдфандынг на Дзень Волі ў Баранавічах, хутчэй за ўсё, ня будзе з прычыны «тэхнічных складанасьцяў».
«Ад моманту стварэньня збору сродкаў да таго моманту, пакуль ён рэальна запрацуе, праходзіць тры дні. Яшчэ можна дадаць адзін дзень на адкрыцьцё рахунку ў банку, неабходнага, каб стварыць праект на „Талацэ“», — кажа Юры Казакевіч.
Калі арганізатары ўсё ж вырашаць праводзіць канцэрт і мітынг, грошы будуць шукаць праз абвесткі ў сацыяльных сетках і сустрэчы з мэцэнатамі. Паводле Казакевіча, вынікі такога збору спрагназаваць немагчыма.
Першапачаткова плянавалася, што падчас фэсту на Дзень Волі ў Баранавічах будуць працаваць фатазоны, кірмаш рамесьнікаў, выступяць гісторыкі, рэканструктары і грамадзкія актывісты. Дамоўленасьцяў з музыкамі Юры Казакевіч пакуль ня мае, а рамесьнікі гатовыя выступаць толькі на кірмашы бяз платы за ўдзел.
2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На канцэрт і мітынг вядзецца народны збор грошай: на Talaka.by ужо сабралі больш за 90% неабходнай сумы, зьбіраюць сродкі і іншымі шляхамі.
У рэгіёнах сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР дазволілі пакуль у Берасьці, Горадні і Лідзе. Гарвыканкамы ў Берасьці, Менску, Горадні ўзялі на сябе арганізацыю аховы, мэдычнага абслугоўваньня і працы камунальных службаў. У Гомлі канцэрт на Дзень Волі забаранілі. Сябры руху «За свабоду» чакаюць адказу на заяўкі ад уладаў Віцебску і Магілёва.