Беларускую версію «Я свободен» выканаў Ілля Сільчукоў — адзін з лепшых оперных барытонаў Беларусі.
Фолк-гурт «Pawa» разам з опернымі спевакамі Іллёй Сільчуковым і Вольгай Вашкевіч запісаў беларускі кавер на песню «Я свободен» — адну з самых вядомых кампазіцый Валерыя Кіпелава.
Акцыя прымеркаваная да вялікага юбілейнага канцэрта гурта «Кипелов» — «15 год гурту і новы альбом». Ён адбудзецца 31 сакавіка ў мінскім Палацы спорту.
У Мінск «Кипелов» прывязе лепшыя песні і новы альбом «Звезды и кресты». Гэта першы прыезд калектыву ў сталіцу Беларусі за 5 гадоў. Лідар гурта беларускую версію «Я свободен» ужо слухаў і ацаніў яе станоўча, паведамляе «Новы час».
— Прачытанне Pawa мне спадабалася, — кажа Валерый Кіпелаў. — Добра, калі кавер-версіі зроблены якасна. А гэта менавіта той выпадак.
Тэкст песні на беларускую пераклаў фолк-музыка Віталь Воранаў. Аранжыроўку і інструментальныя партыі запісаў гурт “Pawa”, які спалучае ў сваёй творчасці фолк, рок і электроніку. Для лідара калектыву кавер стаў вяртаннем у юнацтва.
— Кіпелаў быў для мяне постаццю нумар адзін, калі яшчэ падлеткам у 90-х я ўпадабаў рок-музыкай, — распавядае Юрый Панкевіч з “Pawa”. — Я набываў яго запісы ў складзе гурта «Ария» на касетах, я меў усю атрыбутыку таго часу: чорны заплечнік з надпісам «Я свободен», берцы і касуху з кожзаму. Усе песні і тэксты былі завучаныя на память і перажытыя. Дарэчы, гэта быў мой першы рок-канцэрт — памятаю, што адбываўся ён у цырку. Таму з задавальненнем пайду паслухаць Валерыя і зараз.
Вядучую партыю вакалу ў беларускай версіі «Я свободен» выканаў Ілля Сільчукоў — адзін з лепшых оперных барытонаў Беларусі, саліст Нацыянальнага Акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі, запрошаны саліст вядучых оперных тэатраў Італіі, Германіі, Бельгіі, Францыі, Ізраілю, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Эстоніі і іншых краін.
— Валерый мае бязмежны голас, за якім угнацца вельмі складана нават прафесійным оперным спевакам. Я выдатна памятаю, як па яго запісах вучыліся тэнары ў нашым каледжы пры кансерваторыі. Ды і сама песня патрабуе шырокага дыхання і доўгай канцілены, таму спяваць яе вельмі няпроста, — кажа Сільчукоў. — Але адна з разынак нашай версіі — менавіта жаночы вакал Вольгі Вашкевіч, маёй калегі па Вялікаму тэатру Беларусі.