Толькі БНР удалося стать «цэнтрам сілы» у Беларусі 100 год таму.
Кніжная сэрыя «Радыё Свабода» папоўнілася новым выданьнем. Гэта архіўны раман Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР». Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі дзеліцца літаратар і крытык Сяргей Дубавец.
«Падарожжа ў БНР» адбываецца за адзін прысест і на адным дыханьні, нібы ў добрай бяседзе сабраліся дасьціпныя апавядальнікі, якія дзеляцца ўспамінамі, невядомымі фактамі, інтэлектуальнымі імправізацыямі, показкамі...
Такі сабе jam session у выкананьні аднаго саліста з цэлым аркестрам архіўных сьведчаньняў, адкуль выходзіш поўны эмоцыяў, новых ведаў, са стройнай карцінаю ў галаве і ўжо сваімі ўласнымі высновамі.
Галоўная зь іх: пасьля краху Расейскай імпэрыі ў Беларусі было шмат самых разнастайных «цэнтраў сілы», якія маглі вызначыць шлях разьвіцьця краіны на будучыню. Але ўдалося гэта зрабіць толькі БНР — носьбітам беларускай нацыянальнай ідэі, што тлумачыцца нічым іншым, а менавіта народнай падтрымкай.