Іх захоўвае Старшыня Рады БНР і перадае наступнікам разам з паўнамоцтвамі.
Выявы галоўных атрыбутаў і сімвала паўнамоцтваў Рады БНР, дзяржаўных пячатак Беларускай Народнай Рэспублікі і штампа Канцылярыі Старшыні Рады БНР, з'явіліся на сайце radabnr.org.
Пячаткі былі створаныя перад Другой сусветнай вайной, а самая старая — у 1918 годзе ў Беларусі. Іх захоўвае Старшыня Рады БНР і перадае разам з паўнамоцтвамі новаабранаму Старшыні пры заступленні на пасаду.
Старая пячатка
Створана ў 1918 годзе ў Беларусі, змяшчае «Пагоню» і надпіс «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі».
Новая пячатка
Створана ў час паўнамоцтваў III Старшыні Рады БНР Пётры Крэчэўскага, змяшчае «Пагоню» і надпіс «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі» кірыліцай і лацінкай.
Штамп Канцылярыі Старшыні Рады БНР
Выкарыстоўваўся для зацвярджэння дакументаў Канцылярыі. Ён быў створаны ў 1930-я гады ў час знаходжання Рады БНР у Празе, пры IV Старшыні Рады Васілю Захарку. Змяшчае надпіс «Канцылярыя Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі» на беларускай і французскай мовах.