Мясціны, падзеі і асобы Беларускай Народнай Рэспублікі ў Берасці.
Краязнаўцы Ірына Лаўроўская і Ігар Бараноўскі шпацыруюць па родным Берасці і апавядаюць пра месцы, звязаныя з дзеячамі БНР. Горад, быў не толькі месцам нараджэння некаторых з іх, але стаў месцам апошніх гадоў жыцця, як напрыклад Адама Трыпуса – кіраўніка “БНР-аўскай партызанкі”, перадае «Радыё Рацыя».
Ірына Лаўроўская: Адам Трыпус пераехаў у Берасце з Ратайчыц у 1934 годзе. Толькі ў 1934 годзе ён дабіўся таго, што яму можна было ўжо працаваць у вялікім месцы. Да гэтага, яго проста не дапускалі, не было магчымасці. У яго была забарона на пражыванне ў Гарадзенскай вобласці. У 1934 годзе яны набылі тут сабе кватэру ці дом, не вельмі добра зразумела, спачатку на вуліцы Wiejska, гэта дзесці недалёка тут было, а пазней яны пераехалі ў цэнтр горада, на вуліцу Сенкевіча, гэта там, дзе зараз Маякоўскага, дзе гімназія, каля касцёла недалёка.
Але, я так разумею, што пасля вайны там пачаліся перабудовы гэтай тэрыторыі, і адразу пасля вайны, дзесці можа ў 50-я гады, яны набылі дом, участак, на Граеўцы. Сам дом – ён такі тыповы для гэтага раёну, драўляны, зручны, шляхецкі. Мы там з Ігарам былі ў 90-я, у Ірыны Адамаўны. Вельмі добра ўкладзены, з добрым салонам, з добрай бібліятэкай. Ірына Адамаўна сама працавала ў інстытуце ўдасканальвання, яна выкладала нямецкую мову, яна была перакладчыцай з польскай мовы, была настаўніцай, як і бацька, шмат, хто яе напэўна памятае яшчэ.
Ігар Бараноўскі: Калі коратка гаварыць, хто такі Адам Трыпус, гэта беларускі афіцэр і беларускі настаўнік часоў БНР. Найперш ён праявіў сябе, канешне ж, у Гародні, а сюды ўжо трапіў у ссылку. “Польская Сібір” называлася, наш палескі край, падалей ад цэнтру беларускага руху. Што мы ведаем пра Адама Трыпуса? Дзякуючы гарадзенскім гісторыкам, Андрэю Вашкевічу і Чарнякевічу, я даведаўся, што ён быў кіраўніком Гардзенскага акруговага штабу антыпольскага партызанскага руху, арганізаванага ўрадам БНР Вацлава Ластоўскага.
Ірына Лаўроўская нядаўна адшукала новыя цікавыя дакументы, звязаныя з Трыпусам у Берасці, і мы толькі нядаўна змаглі ўстанавіць дату дакладную яго нараджэння. Яшчэ пару год таму мы ставілі помнік і выдавалі паштоўкі памяці яго, ведалі толькі прыблізна, што ён нарадзіўся каля 1895 году. Нарадзіўся ён у Вялікай Бераставіцы, на Гарадзеншчыне, і, як мы ведаем ад дачкі, Ірыны Адамаўны Трыпус, якая нічога фактычна не ведала пра ягоную беларускую дзейнасць у Горадні. Ён, тым не менш, нават ёй казаў, што ён вельмі ганарыцца, што паходзіць з радзімы Кастуся Каліноўскага.
І ягонай галоўнай памяткай была кукарда з “Пагоняй”. Была з Беларускай вайсковай камісіі кукарда такога плану. Яна захоўвалася ў сям’і да апошняга часу. Пазней, мы не ведаем, дзе яна дзелася. У сям’і было вельмі шмат фотаздымкаў. Ірына Адамаўна тую “Пагоню” захоўвала, як памятку, самога каштоўнага, бацьку. Мы гэтую “Пагоню” бачылі з Ірынай Лаўроўскай тут, у гэтым доме, на Лінейнай, і падзяка гэтаму чалавеку, што ён зразумеў каштоўнасць, не ведаючы ўсю гісторыю трагічную бацькі, тым не менш, не баяўся захоўваць. За савецкім часам за гэта пераследвалі, палілі многія фотаздымкі з “Пагоняй”, і выразалі, а тым больш, такую матэрыяльную рэч, як значок з “Пагоняй”. Каштоўная сямейная рэліквія тут захоўвалася.
Ірына Лаўроўская: Трыпус быў чальцом Беларускай паўстанцкай арганізацыі, фігураваў нават ў адным з тайных шыфраваных загадаў Беларускай арганізацыі, перахопленай органамі паліцыі. Па нацыянальнасці ён беларус, бярэ чынны ўдзел у жыцці беларускай супольнасці ў Гародні, настроены варожа, адносна польскай дзяржавы”.
Шматразова згаданы ў картатэцы мясцовага аддзелу: “Як асоба ёсць падазроным і няпэўным палітычна. Паводле вышэй згаданага, прызначэннем яго на дзяржаўную пасаду настаўнікам з’яўляецца з кожнага пункту гледжання непажаданым і намі не вітаецца”. Гэтыя дакументы знаходзяцца ў нашым дзяржаўным архіве Берасцейскай вобласці, і пры жаданні, можна да іх яшчэ звярнуцца.
Гэты будынак, ён раней вядомы, як будынак Педагагічнай вучэльні, што пасля вайны тут працавала, і ў гэтай педагагічнай вучэльні выкладаў біялогію Адам Віктаравіч Трыпус. Гэтыя звесткі нам прыйшлі 2-3 дні таму, бо адна з маіх аднакласніц прыгадала, як яе гадаваў Адам Трыпус, як ён з ёй сустракаўся дзяўчынкай яшчэ, як ён паводзіў сябе, як ён выглядаў. І раптам яна ўспомніла, што працаваў ён менавіта ў гэтым будынку, бо яна да яго прыходзіла сюды. І гэты будынак выкарыстоўваўся не так доўга, не так даўно, як адзін з карпусоў універсітэта берасцейскага, так што гэта яшчэ адзін адрас, якая звязаны з тымі людзьмі, што звязаныя з БНР. А зараз тут месціцца Краязнаўчы музей.
Ігар Бараноўскі: Мы знаходзімся на Трышынскіх могілках. Старажытныя могілкі Берасця. Тут пахаваныя многія дзеячы, святары, у тым ліку і сваякі Ларысы Геніюш тут пахаваныя. Тут знаходзіцца сімвалічны помнік рэпрэсаваным і гэта месца памяці ўсіх рэпрэсаваных, месца якіх мы ведаем ці не ведаем, дзе загінулі. Гэта магіла кіраўніка Гарадзенскіх партызанскіх атрадаў, Адама Трыпуса.
Мы ведалі Ірыну Адамаўну Трыпус, але не ведалі, дзе пахаваны ейны бацька. Яна ўжо была старэнькай, не магла выехаць і паказаць, і блыталася з гэтым месцам, называла драўляным крыж, што стаіць на магіле, аказалася, што зусім не драўляны, а металічны. А дапамог знайсці, як не дзіўна, чалавек, звязаны з Ларысай Геніюш і з Уладзімірам Караткевічам сваяцкімі сувязямі, спадар Георгій Грынкевіч. Калі я ўзгадаў пра Адама Трыпуса, аказалася, што ён яго ведаў. Калі прызываўся ў войска, у 50-я гады дзесці, Адам Трыпус падараваў яму, як у настаўленне, кніжку “Спадчына” Янкі Купалы.
Уявіце, у пасляваенны час сімвалізм гэтай кнігі. Гэтую кнігу спадар Грынкевіч, наколькі я ведаю, захаваў і разважаў над ёю. І вось уласна ён, калі хаваў Адама Трыпуса ў 65-м годзе… Трагічна загінуў Адам Трыпус. Яго знайшлі на вуліцы, на Граеўцы пабітым, але ў акце смерці чамусьці было напісана, што памер ад сардэчнай недастатковасці, і гэта яўна была фальсіфікацыя, таму што па сведчанні Ірыны Адамаўны штосьці тут нячыста, таму што ім загадалі не займацца, на ніякіх расследаваннях не настойваць, а хуценька пахаваць і забыць гэтую справу.
Мы ведаем, што ў 60-я гады ўстранялі многіх дзеячаў і на іміграцыі, і украінскіх, і беларускіх і расейскіх, у гэтым плане не выключана, што і такі грамадска актыўны чалавек, неабыякавы, які многа дапамагаў людзям паводле сведчанняў ужо пасляваенных берасцейцаў, мог таксама аказацца няўгодным па нейкай прычыне.
Ужо больш за 10 гадоў як сіламі грамадзянскай супольнасці, было ўпарадкавана надмагілле Адама Трыпуса. На ім, акрамя беларускамоўнага імя і прозвішча дзеяча, размешчаны і герб “Пагоня”.