Презэнтацыя прайшла ў перапоўненай залі.
20 сакавіка ў менскім «культурным інкубатары» «Ок-16» былі прэзэнтаваныя адразу два выданьні ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».
Першае — грунтоўнае дасьледаваньне пад назвай «Падарожжа ў БНР» журналіста Сяргея Шупы. Дзеля гэтага ён адмыслова прыехаў у Менск з Прагі, а 23 сакавіка правядзе яшчэ адну сустрэчу з чытачамі ў Горадні. Кніга выйшла пад рэдакцыяй Аляксандра Лукашука, яго ж там і ўступнае слова. Мастацкае афармленьне — Генадзя Мацура, карэктар — Вінцук Вячорка.
Другая прэзэнтаваная кніга — новае, дапоўненае выданьне ўспамінаў Івонкі Сурвілы «Дарога», прымеркаванае да 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшыня Рады БНР выступіла перад прысутнымі зь відэазваротам.
«Радыё Свабода» вяло жывую трансьляцыю.
У перапоўненай залі шмат моладзі, тут прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, гісторыкі, пісьменьнікі, грамадзкія дзеячы: амбасадар Чэхіі Мілан Экерт, Ніна Стужынская, Тацяна Процька, Уладзімер Ляхоўскі, Натальля Гардзіенка, Уладзімер Арлоў, Сяргей Харэўскі, Сяргей Дубавец, Альгерд Бахарэвіч, Вольга Бабкова, Лявон Баршчэўскі, Зьміцер Бейнарт-Саладуха.
Дырэктар Беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандар Лукашук на пачатку імпрэзы прывітаў прысутных, сказаўшы, што ў якасьці «бібліятэкара Свабоды» рады вітаць адразу двума новымі выданьнямі.
«100 гадоў таму радыкальна мяняўся сьвет і радыкальна мянялася наша разуменьне сьвету, — сказаў спадар Лукашук. — У 1920-я была вынайдзена так званая „страла часу“ — даказана, што паводле другога закону тэрмадынамікі час на макраўзроўні рухаецца ў адным кірунку. Касмалягічная страла часу, якая апісвала рух і разьвіцьцё Сусьвету, таксама рухаецца ў тым самым кірунку. На практыцы гэта тлумачыць, чаму мы бачым, як келіх віна падае і разьбіваецца на аскепкі і віно разьліваецца, а не наадварот. Калі б было інакш, мы б памяталі толькі будучыню, а не мінулае».
Першым чынам ён прадставіў «Дарогу» — ад Стоўпцаў да Парыжу, ад Капэнгагена да Атавы, ад Мадрыду да Менску. Гэта «страла» асабістай, дзіцячай, дзявочай, сямейнай і палітычнай памяці старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.
«Вельмі прыемна, што кніга маіх успамінаў супадае ў Менску з прэзэнтацыяй кнігі Сяргея Шупы, — сказала ў відэазвароце з канадзкай сталіцы Атавы Івонка Сурвіла. — Бо сёлета мы адзначаем ня толькі юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі, але і 100-годзьдзе змаганьня нашага народу за ідэалы незалежнай Беларусі. Гэта вельмі важна, а галоўнае, што гэта прывяло да практычных вынікаў. Ад сябе магу дадаць, што ў нашай сям’і юбілей БНР адзначаецца ўжо 70-ы раз, і гэта наша найгалоўнейшае сьвята».
Пасьля гэтага Аляксандар Лукашук пераарыентаваў прысутных на іншага «падарожніка», які вярнуўся са сваёй 20-гадовай вандроўкі ў БНР — з кнігай, якая абазначана ў выходных зьвестках як «архіўны раман». Са сваёй стралой часу — вандроўны паэт БНР Сяргей Шупа.
Аўтар адразу папярэдзіў, што «Падарожжа ў БНР» — гэта не навуковая праца і не мастацкі твор. Хутчэй, нешта сярэдняе — «гісторыя для чайнікаў».
«Я перабраў тысячы дакумэнтаў, што захоўваюцца ў менскіх і віленскіх архівах, перачытаў мноства тагачасных газэт Беларусі і навакольных краінаў, — сказаў Сяргей Шупа. — 20 гадоў таму прадуктам такой апантанасьці сталі дзьве кнігі „Архіваў БНР“. Гэта трошкі адпусьціла, думалася: ну вось, дакумэнты назьбіраліся, яшчэ выйдзе такі самы том зь менскай часткай — і пачне зьяўляцца нейкі новы творчы плён. Навукоўцы не падвялі — зьяўляецца нямала новых працаў. А вось папулярнай літаратуры не відаць. Дык вырашыў сесьці і пераказаць усё простымі словамі — тым, каму цікава і хто ня мае часу вышукваць залацінкі ў моры дакумэнтальнага матэрыялу».
Гісторык Натальля Гардзіенка зрабіла Сяргею Шупу падарунак — ён стаў адным з герояў кнігі, прысьвечанай Беларускаму інстытуту навукі і мастацтва са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку. Пасьля чаго вярнулася да «Архіваў БНР», датаваных 1998 годам.
«На жаль, наклад гэтай кнігі да сёньня цалкам не разышоўся, — сказала яна. — Але гэтыя два тамы сталі выдатным імпульсам да далейшага дзеяньня — прынамсі, на гэтым падмурку мы рабілі свае выданьні. Сяргей Шупа паказаў, наколькі цікавая гісторыя, схаваная ў старых дакумэнтах: можна напісаць і аповесьць пра каханьне, і нават байкі складаць. У гэтай „п’есе“ ўдзельнічаюць жывыя людзі, у ёй адбываюцца рэальныя падзеі. Проста надзвычайная падстава для літаратараў, пісьменьнікаў, каб зьвярнуцца да нашых архіваў, дзе прыхаваныя такія захапляльныя сюжэты».
Карэктар кнігі Вінцук Вячорка адзначыў, што ў 1980-х разам зь Сяргеем Шупам яны езьдзілі ў Вільню і зачаравана слухалі тых, хто здолеў выжыць у бальшавіцкай мясарубцы — Лявона Луцкевіча, Зоську Верас ды іншых знакавых асобаў.
«Сяргей Шупа вылучаецца надзвычайнай сьціпласьцю, калі кажа пра „гісторыю для чайнікаў“, — сказаў Вячорка. — Насамрэч гэта высокапрафэсійная праца, якой у пэрспэктыве будуць карыстацца і гісторыкі, і пісьменьнікі. Як добра было б, каб, начытаўшыся гэтых архіваў, драматургі натхніліся і фантастычнымі постацямі, і ўнікальнымі падзеямі таго часу. Кніга, акрамя таго, што прымушае зусім інакш глядзець на айцоў і мацярок БНР, вылучаецца сваёй чалавечнасьцю. Калі чытаеш — і ўсьміхаесься, і застаесься ў скрусе. І пры гэтым цудоўна разумееш: яны жылі і дзейнічалі ў тых варунках, калі ніхто вакол не хацеў незалежнасьці Беларусі».
Пісьменьнік Уладзімер Арлоў працытаваў чэскага літаратара Мілана Кундэру, які праводзіў паралелі паміж рэальнасьцю і фантасмагорыяй.
«Гісторыя забаўляецца непрадказальнымі сюжэтамі, зьдзекуецца, заходзіцца ад рогату, — кажа ён. — У „Падарожжы ў БНР“ прысутнічае такая ж іронія гісторыі. Адрозна ад бэлетрыстыкі, тут ёсьць мэтафізыка. Ёсьць загадка, як героі 100 гадоў таму ва ўмовах вайны і акупацыі здолелі зрабіць, каб сёньня мы жылі ў самастойнай дзяржаве».
«Географ і гід па БНР» Сяргей Харэўскі. Так прадставіў свайго сябра і аднадумцу Сяргей Шупа.
«Тое, што людзі ахвяравалі сваім жыцьцём — калі мы гаворым, напрыклад, пра Івана Луцкевіча — гэта гістарычны факт, — канстатаваў гісторык мастацтва. — Але ўявіць сабе, што хто-небудзь зь дзеячоў БНР адпраўляе некага на сьмерць, не ўяўляецца магчымым. Вось і ўсё, што трэба ведаць пра асоб таго часу. І гэта таксама іх унёсак у тое, каб мы сёньня сабраліся тут і разам адзначылі гадавіну нашай незалежнасьці».
Іншая знакавая постаць беларускага адраджэньня найноўшага часу — Сяргей Дубавец. Гэта яшчэ адно лягічнае зьвяно ў сяброўскім «ланцугу».
«„Падарожжа ў БНР“ я прачытаў на адным дыханьні, за адзін прысест, — прызнаецца ён. — Гэтая кніга ў пэўным сэнсе лягічна падсумавала ўсю сэрыю „Бібліятэкі Свабоды“, стала яе матэрыяльнай базай і падмуркам. І я спадзяюся, што вельмі хутка менавіта такія кнігі, як Сяргея Шупы, будуць сярод самых запатрабаваных у беларускага чытача».
Пісьменьнік і сябра аўтара Альгерд Бахарэвіч кажа, што чакаў такой кнігі, каб нехта нарэшце на пальцах патлумачыў — як насамрэч было ў БНР 100 гадоў таму?
«Сяргей Шупа ўсё зрабіў настолькі элегантна, што кранае да глыбіні душы, — сказаў прамоўца. — Ніводнага разу ён не апусьціўся да стану павучаньня. У кнізе захапляе літаральна кожная старонка. А фінал кнігі расчуліў да такой ступені, што і я змахнуў сьлязу. І гэта вялікае майстэрства — ня толькі дасьледчыка, але і паэта».
Скончылася вечарына аўтограф-сэсіяй і нефармальнымі размовамі з аўтарам «Падарожжа ў БНР».