Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Зьміцер Бартосік выступіць у Слуцку на канцэрце ў гонар 100 год БНР

22.03.2018 культура
Зьміцер Бартосік выступіць у Слуцку на канцэрце ў гонар 100 год БНР

Сродкі ад імпрэзы накіруюць на стварэньне сайту пра Слуцкі збройны чын.

Канцэрт, прысьвечаны 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, пройдзе ў слуцкім гарадзкім Доме культуры 25 сакавіка ад 12:30, сказала «Радыё Свабода» арганізатарка імпрэзы, сябра руху «Дзея» Аліна Нагорная.

На канцэрце выступяць бард і пісьменьнік, аўтар перадачы «Падарожжы Свабоды» Зьміцер Бартосік, а таксама сьпявак Алесь Дзянісаў, вядомы па гуртах «Кальян», «Людзі на балоце» і Dzieciuki. Пры гэтым гурт Dzieciuki выступіць у той жа дзень у Менску на «Сьвяце незалежнасьці». Вядуцца перамовы зь яшчэ адным музычным гуртом.

Заля ДК зьмяшчае да 500 чалавек. Паводле Аліны Нагорнай, мясцовы выканкам і адміністрацыя ДК «паставілі вельмі добрыя ўмовы», у тым ліку нізкія цэны на арэнду памяшканьня.

Цяпер арганізатары зьбіраюць грошы на сайце Talaka.by на арганізацыйныя выдаткі і транспарт, з патрэбных 1500 рублёў сабрана на момант публікацыі каля 250. Грошы на канцэрты ў межах кампаніі #БНР100 зьбіраюцца таксама ў Менску (сабрана 100%, «лішнія» грошы, калі такія будуць, перанакіруюць у рэгіёны), Берасьці і Горадні (па 27%). Як кажа Нагорная, калі застануцца «лішнія» грошы ад слуцкага краўдфандынгу, іх накіруюць на стварэньне сайту пра Слуцкі збройны чын.

Мітынгі, канцэрты, вечарыны і іншыя імпрэзы ў межах #БНР100 заплянаваныя яшчэ ў дзясятках гарадоў у Беларусі і за мяжой. Шмат дзе беларускія ўлады ня чыняць перашкодаў у сьвяткаваньні. Але ўлады Менску забаранілі ўсе шэсьці, дазволіўшы канцэрт, і затрымалі ініцыятараў шэсьця.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]