Актывісты і фундатары адшукалі вялікі валун патрэбнай формы ў вёсцы Дакудава, каля Нёмана.
Пра гэта перадае «Радыё Рацыя».
Затым перавезлі яго на прыватны падворак у Ёдкі, што каля Ліды. А майстар з Бярозаўкі вырабіў на камені адпаведны надпіс – «100 год БНР» і «БЕЛАРУСЬ НАВЕЧНА». Такім чынам Лідчына адзначае памятную дату ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Кажа гаспадар сядзібы, дзе ўсталяваны камень, разьбяр па дрэве Іван Мікулка:
– 100 год таму адбылася такая з’ява – утварэнне БНР. Канешне, гэта гістарычная падзея, і гэты камень – ужо не проста камень, які дзесьці ляжаў там у полі, цяпер ён з’яўляецца гістарычным камнем. 100 год – гэта не дзіцячы ўзрост, не юначы. Гэта сталы ўзрост. І таму сёння кожны з нас павінен адчуваць, дзеля чаго ён жыве.
Ідэя ўсталявання памятных камянёў з нагоды 100-годдзя БНР належыць палітыку Зянон Пазняку. Мяркуецца, што цягам гэтага года падобныя манументы паўстануць па ўсёй Беларусі, а таксама па свеце, дзе жывуць беларусы.
Такім чынам, Лідчына – першая мясціна, дзе здзеснілі такую задуму. Вядома, што патрыёты з Наваградчыны таксама выступілі з падобнай ініцыятывай.