Акрамя гэтага, у Менску знойдзены невядомыя дакумэнты пра Аркадзя Смоліча.
На сайце Нацыянальнага гістарычнага архіву адкрылася віртуальная выстава «Ад Усебеларускага зьезду да Беларускай Народнай Рэспублікі: грамадзка-палітычнае жыцьцё Менску ў 1917-1918 гг.». Сярод экспанатаў — мноства раней невядомых або ніколі не публікаваных дакумэнтаў.
Пра самыя цікавыя экспанаты ў інтэрвію «Радыё Свабода» расказвае Галоўны архівіст Нацыянальнага Гістарычнага архіву Рэспублікі Беларусь Уладзімер Дзянісаў.
— Адразу кідаецца ў вочы пакет дакумэнтаў пра Рамана Скірмунта — старшыню Беларускага Нацыянальнага камітэту і аднаго з прэм’ер-міністраў БНР. Што там павінна прыцягнуць увагу віртуальных наведнікаў?
— Па-першае, у нас экспануецца аўтэнтычны пашпарт Рамана Скірмунта, які ён меў на пачатку ХХ стагодзьдзя. Гэта ўнутраны пашпарт Расейскай імпэрыі. У такіх пашпартах няма фотаздымкаў, але ёсьць дакладныя адзнакі, куды ўладальнік прыяжджаў і дзе спыняўся. Там ёсьць назвы гатэляў, у якіх ён жыў на працягу гэтага пэрыяду, назвы гарадоў і мястэчак.
У нас ёсьць і замежны пашпарт Скірмунта, але на гэтую выставу мы яго не давалі.
Што вельмі цікава — гэта так званыя фармулярныя сьпісы аб службе дэпутата Менскага дваранскага дэпутацкага сходу Рамана Скірмунта, якія ахопліваюць пэрыяд з 1905 па 1911 год. Ёсьць зьвесткі пра яго сям’ю, яго адукацыю і пра тыя афіцыйныя пасады, якія ён займаў.
— У сакавіку 1917 году Раман Скірмунт стаў на чале новастворанага органу палітычнага прадстаўніцтва Беларускага народу — Беларускага Нацыянальнага камітэту. Ці праглядаецца ў падарожжах Скірмунта нейкая карэляцыя з тагачаснымі цэнтрамі беларускага жыцьця?
— Так, вядома, праглядаецца. Ён пабываў усюды, дзе тады разьвіваўся беларускі рух. Гэта і Пецярбург, і Вільня, і Варшава.
— Праглядаючы выставу, я заўважыў, што там выстаўлены малавядомыя дакумэнты пра Аркадзя Смоліча — міністра БНР і аўтара славутай «Геаграфіі Беларусі». Здаецца, яны ўпершыню публікуюцца?
— Так, гэта першая публікацыя. У 1917 годзе Аркадзь Смоліч выбіраўся дэпутатам (тады казалі «гласным») Менскай гарадзкой Думы. І вось у нас ёсьць дакумэнты пра яго дзейнасьць як дэпутата Думы ў 1917-18 гадах.
Перад самым адкрыцьцём выставы нам удалося выявіць вельмі цікавыя дакумэнты, зьвязаныя з жыцьцём Аркадзя Смоліча ў Менску. Яшчэ ў лютым 1917 году на Смоліча была зроблена адпаведная даведка паліцэйскім прыставам гораду Менску.
Там ёсьць дакладныя адрасы Смоліча ў горадзе перад Лютаўскай рэвалюцыяй. Гэта запіска аб добранадзейнасьці, а таксама запіскі менскага губэрнатара і канцылярыі губэрнатара.
Гэта вельмі цікавы гістарычны матэрыял, які нашай выставай упершыню ўводзіцца ў навуковы ўжытак.
— Прыцягвае да сябе ўвагу і вялікая колькасьць гістарычных чарцяжоў і плянаў будынкаў, у тым ліку і славутага дому купцоў Маліных, дзе была абвешчана незалежнасьць БНР. Што б вы вылучылі сярод іх?
— Мы паспрабавалі даць на гэтую выставу чарцяжы тых будынкаў Менску, якія былі зьвязаныя з падзеямі 1917-18 гадоў.
У першую чаргу, мы далі аўтэнтычныя чарцяжы Менскага гарадзкога тэатру, у якім у 1917 годзе адбыўся Першы Ўсебеларускі зьезд. Самае галоўнае, што там ёсьць дакладны плян залі, дзе праходзілі паседжаньні, і публікуюцца фрагмэнты яе інтэр’еру.
Другі вельмі важны будынак, як мы лічым, гэта будынак Менскага дваранскага сходу. У адрозьненьне ад Менскага гарадзкога тэатру ён не захаваўся — раней ён знаходзіўся насупраць, на рагу былых вуліц Петрапаўлаўскай і Падгорнай. Там таксама ёсьць чарцяжы той знакамітай залі, дзе праходзілі паседжаньні зьезду.
Ёсьць на выставе і дакумэнты, зьвязаныя з пабудовай менскага дому купцоў Маліных на Захар’еўскіай вуліцы — менавіта ў гэтым доме была ўхвалена Трэцяя Ўстаўная грамата Рады БНР, якой Беларусь абвяшчалася незалежнай дзяржавай.
На жаль, нам не ўдалося знайсьці дакладныя чарцяжы і пляны той залі, дзе праходзілі паседжаньні Рады БНР, але тое, што публікуецца, таксама ўяўляе вялікую цікавасьць.
Дом Маліных меў Г-падобны плян — адно крыло выходзіла на вуліцу Серпухаўскую (сучасную Валадарскага), а другое — на Захар’еўскую (цяпер праспэкт Незалежнасьці). Пасьля вайны значная частка (прыблізна палова) таго крыла, што выходзіла на Захар’еўскую, была разбурана, а ўсутыч да яе быў збудаваны дом, дзе цяпер месьціцца кінатэатар «Цэнтральны».
Калі зайсьці ў двор гэтага будынка, можна убачыць аўтэнтычныя фрагмэнты той часткі, што была напалову разбурана.
Мы, на жаль, дакладна ня ведаем, у якой залі адбываліся паседжаньні. Вядома, што да Першай сусьветнай вайны будынак арандаваў банк, які меў залю на другім паверсе.
Магчыма там і адбываліся паседжаньні Рады БНР, у тым ліку гістарычнае паседжаньне ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 году, калі была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата.
На выставе ёсьць і гістарычныя матэрыялы, зьвязаныя з так званым Домам БНР у Менску. Гэта будынак былога Царкоўна-гістарычнага музэю, які захаваўся да нашага часу на праспэкце Незалежнасьці побач з домам афіцэраў. Выява менавіта гэтага будынку была зьмешчана на адной з паштовых марак БНР. Марка была выдадзена ўрадам БНР і мае подпіс «Дом БНР у Менску».
— Што б вы назвалі самым важным экспанатам выставы?
— Я лічу, што гэта аўтэнтычныя дакумэнты, зьвязаныя зь дзейнасьцю БНР у Менску ў 1918 годзе.
У нашых фондах захаваліся дакумэнты, зьвязаныя зь дзейнасьцю менскага гарадзкога самакіраваньня — гэта Менскага гарадзкая Дума і Менскага гарадзкая ўправа. І вось у гэтым фондзе ёсьць папка «Дакумэнты Рады БНР».
Сярод іх — аўтэнтычная копія Другой Устаўной граматы, надрукаваная на той славутай друкавальнай машынцы, якой тады валодаў Народны Сакратарыят БНР. Там яшчэ не было беларускіх літар, выкарыстоўвалі расейскі альфабэт.
Гэта менавіта аўтэнтычная копія Другой Устаўной граматы. На ёй стаіць першы варыянт дзяржаўнай пячаткі, яшчэ без Пагоні. Я нават ня ведаю, ці захаваўся арыгінал гэтай граматы. Апублікаваны ў тагачасным друку яе варыянт добра вядомы, а вось дзе захоўваецца падпісаны першы экзэмпляр — я ня ведаю.
Таксама ў той папцы ёсьць аўтографы Язэпа Варонкі, Леанарда Зайцава (Зайца) і іншых беларускіх дзеячоў таго часу.
— Ці лёгка ў цяперашні час арганізаваць выставу пра БНР у дзяржаўнай установе?
— Калі мы рыхтавалі выставу, у прынцыпе, ніякіх пытаньняў не было. Была згода і кіраўніцтва нашай галіны і, думаю, іншых органаў улады. Мы спакойна падбіралі дакумэнты і рыхтавалі іх да публікацыі.
У выставы няма палітычнага акцэнту. Мы паказваем крыніцы. Кожны ахвочы можа іх скапіяваць і карыстацца. Мы даем іх у свабодны доступ. Я лічу, што гэта вельмі і вельмі важна.