Заможныя гаспадары і выбранецкая шляхта далі Случчыне багаты досьвед барацьбы за свае правы.
Адной з істотных спробаў узброеннай абароны БНР стаў Слуцкі збройны чын. Выбух Слуцкага паўстання найчасцей тлумачаць палітычнымі фактарамі, але ёсць іншыя значныя чыннікі, піша Алена Ляшкевіч у артыкуле на сайце «Новы Час».
Гадавіну Слуцкага збройнага чыну адзначаюць 27 лістапада, калі ў 1920-м годзе пачаліся баі з чырвонаармаейцамі. 14-15 лістапада адбыўся Першы беларускі з’езд Слуцка і Случчыны, на якім абраная Беларуская Рада. Ёй было даручана рыхтаваць узброены супраціў Чырвонай арміі. Рада Случчыны выдала Дэкларацыю, у якой абвяшчала, што «Беларусь павінна быць вольнай незалежнай Народнай Рэспублікай у яе этнаграфічных межах». Яшчэ ў кастрычніку 1920 года ў Слуцку былі паднятыя бел-чырвона-белыя сцягі БНР.
Асноўнай сілай Слуцкага збройнага чыну стала сялянства.
Заможныя гаспадары
Сярод прычын, чаму паўстанне выбухнула менавіта на Случчыне, звычайна называюць траплянне яе ў нейтральную зону: калі польскія войскі адышлі, пакідаючы тэрыторыю, што па прэлімінарнай Рыжскай мірнай дамове ад 12 кастрычніка трапляла пад савецкі ўплыў, Чырвоная армія яшчэ не наступіла. Істотны фактар таксама — дзейнасць на Случчыне беларускіх нацыянальных арганізацый, гімназіі.
Як адну з перадумоў Слуцкага збройнага чыну гісторыкі Захар Шыбека і Уладзімір Ляхоўскі называюць вялікую колькасць заможных гаспадароў на Случчыне. Напужаныя палітыкай ваеннага камунізму, сяляне гатовыя былі бараніць сваю маёмасць са зброяй. Случчыну мала закранула бежанства падчас Першай сусветнай вайны. У 1920-м гэта быў, бадай, самы заможны рэгіён Беларусі. Палякі пісалі пра Случчыну: «Гэта беларуская Галандыя па ўзроўні аграноміі».
Заможнасць слуцкіх сялян абумоўленая не толькі гісторыяй пачатку ХХ стагоддзя. Тут заўсёды былі вельмі ўрадлівыя землі, бадай што самыя ўрадлівыя ва ўсёй Беларусі да меліярацыі Палесся. Этнограф Віктар Цітоў выдзяляў Слуцка-Нясвіжскі падрэгіён Цэнтральнай Беларусі па гэтай прыкмеце. Урадлівасць земляў Случчыны была «ўзорнай» для ўсёй краіны. Фларыян Чарнышэвіч у рамане «Надберазінцы», апісваючы побыт мястэчка Бабруйскага павета ў 1911-м годзе, адзначае: «палі ўраджайныя, амаль як слуцкія».
Выбранецкае права
Да таго ж на Случчыне жылі выбранцы, што не ведалі прыгону, мелі вопыт ваеннай службы і незалежны характар. Выбранцы — гэта салдаты, якіх выбіралі (адсюль і назва) у каралеўскае ці магнацкія войскі. Гэта былі рослыя, фізічна моцныя, ахвочыя да вайсковай службы хлопцы. У Вялікім Княстве Літоўскім выбранцы з’явіліся ў 1595 годзе. Слуцкі князь падбіраў для сваіх першых выбранцаў нявест з ліку рослых прыгожых дзяўчат, і да пачатку ХХ стагоддзя выбранцы жаніліся толькі з выбранкамі. За сваю службу выбранцы ды ix нашчадкі вызваляліся ад падаткаў ды павіннасцей, атрымлівалі прывілеі («выбранецкае права») і зямлю ў вечнае валоданне.
Ужо ў другой палове XVII стагоддзя выбранцы засталіся толькі на Случчыне. Іх вёскі — Агароднікі, Бранавічы, Варкавічы, Лучнікі, Падзёры, Сярагі — адрозніваліся ад навакольных сялянскіх. Гэтыя адрозненні адзначыў этнограф Ісак Сербаў у паездцы па Палессі ўлетку 1912 года: «Выбранцы выдзяляюцца сярод навакольнага насельніцтва сваім прадстаўнічым вонкавым выглядам, але па гаворцы, нораву і звычаях яны нічым не адрозніваюцца ад дрыгавіцкіх палян. Бачна, што гэта выбраныя людзі з мясцовых дрыгавічоў, якія ў даўніну неслі розную службу ў Княстве. Назвы іх паселішчаў пэўным чынам паказваюць тыя спецыяльныя абавязкі, якія былі на іх ускладзеныя. Так, напрыклад, Лучнікі нарыхтоўвалі лукі, Сярагі — суконныя курткі шэрага колеру, а Бранавічы — браныя даспехі і сёдлы. Агароднікі дастаўлялі агародніну, а Падзеры – піва, мёд і воск; Варкавічы неслі вартаўнічую службу на заставах».
Досвед змагання
У выбранцаў быў вопыт змагання за свае правы: калі ў 1808-м годзе князь Дамінік Радзівіл паспрабаваў перавесці іх на паншчыну, то яны ўзнялі бунт, потым судзіліся. Справа скончылася толькі ў 1871-м, калі выбранцы перайшлі на выкупныя плацяжы. Уявіце сабе, як успрынялі такія гаспадары ды іх суседзі бальшавісцкую харчразвёрстку! У апавяданні Васіля Быкава «На чорных лядах» салдат Аўстрыяк, які толькі нядаўна вярнуўся з аўстрыйскага палону, за што і атрымаў мянушку, меў намер спакойна гаспадарыць. Але падаўся ў паўстанцы менавіта пасля таго, як па харчразвёрстцы з яго варыўні выграблі ўсю збажыну.
Хоць марксісцкія ідэі цяпер і не ў модзе, у выпадку Слуцкага збройнага чыну нельга адмаўляць эканамічны складнік, хоць ён быў, вядома ж, не адзіным.