Беларускi рок-музыка прысьвеціць свой выступ 100-й гадавіне абвяшчэньня БНР.
Сьпявак Лявон Вольскі выступіць у менскім клюбе «Бруге» 24 сакавіка, канцэрт ён прысьвеціць 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе «Радыё Свабода».
Уваход на канцэрт вольны, але колькасьць месцаў абмежаваная — наведаць выступ змогуць толькі 500 першых з тых, хто зарэгістраваўся анлайн.
Лявон Вольскі тлумачыць на Facebook, што ён і ягоныя музыкі «не маглі не адзначыць гэтую дату ў Менску»:
Таксама 25 сакавіка на менскім «Сьвяце незалежнасьці» выступіць дачка Лявона Адэля Вольская — яна сьпяе некалькі сваіх песень і гіты бацькі. Лявон Вольскі, які ў гэты дзень выступіць у польскім Беластоку, казаў, што хацеў бы сьпяваць і на канцэрце ў Менску, але арганізатар беластоцкага канцэрту Алег Латышонак не пагадзіўся перанесьці ягоны выступ.
Раней музыкі гурту Akute выказаліся ў падтрымку тых, хто ня зможа выступіць у Менску — а запрашалі таксама Сяргея Міхалка (грае 25 сакавіка ў Мазыры) і Зьмітра Вайцюшкевіча (грае ў Варшаве). Сам гурт зайграе ўдзень у Менску, а ўвечары — у Магілёве.
«Спадзяёмся, усе павінны ўсьведамляць, што Беларусь не заканчваецца за МКАДам і жыхары іншых гарадоў таксама павінны мець магчымасьць правесьці 25 сакавіка ў фармаце сапраўднага сьвята», — пісалі Akute.
На менскі канцэрт 25 сакавіка арганізатары плянуюць сабраць да 25 тысяч чалавек. У афішы гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да сьвята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы.
Мітынгі-канцэрты 25 сакавіка ўжо таксама дазволеныя ў Берасьці (там маюць выступіць гурты :B:N:, Re1ikt і іншыя) і Горадні (туды запрасілі N.R.M., вядуць збор грошай на канцэрт), у Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт у музэі, дазволаў чакаюць яшчэ ў некалькіх гарадах.