Месцы, падзеі і асобы Беларускай Народнай Рэспублікі ў Берасці.
Ігар Бараноўскі і Ірына Лаўроўская працягваюць знаёміць берасцейцаў з месцамі, падзеямі і асобамі Беларускай Народнай Рэспублікі ў родным горадзе, перадае «Радыё Рацыя».
Гэтым разам у час свайго шпацыру яны апавядаюць пра мала вядомыя, у тым ліку і зусім новыя гістарычныя факты.
Кажа краязнаўца Ігар Бараноўскі: На рагу Савецкай і Міцкевіча прыгожы будынак берасцейскіх шляхціцаў, кіраўнікоў дваранаў Ягмінаў. Цікава, што гэты будынак – адзін з першых увогуле ў новым Берасці, але тут якраз аказалася так, што Дзекуць-Малей разам са сваёй жонкай Серафімай, калі яны былі высланыя ўжо з Гародні, падалей ад беларускага руху, у Берасце, уласна першае месца, дзе яны вырашылі пачаць сваю дзейнасць. У сутарэнні гэтага будынка рабілі свае малітоўныя сходы і асобна ставілі тэатральныя пастаноўкі, і нейкія беларускія сходы, спрабавалі людзей гуртаваць.
Можна гаварыць, што гэта першае месца, дзе зафіксаваны беларускі рух у гісторыі Берасця ўвогуле. Гэта якраз пачатак 20-х гадоў, 1923 год, здаецца, яна так і называлася: “Беларуская хатка”, па прыкладзе, як было ў Менску створана, такі цэнтр беларускага жыцця, такі ж цэнтр існаваў у Гародні.
Дзекуць-Малей сам паходзіў са Слоніма, але яго жыццё склалася так, што шмат дзе ён быў. Найперш на Гарадзеншчыне праявіў сябе як беларускі дзеяч, і ў тым ліку дзеяч БНР. У канцы 1918 года, пад канец нямецкай акупацыі, Лукаш Дзекуць-Малей быў павятовым камісарам у раёне Крынак.
Там ён арганізоўваў мясцовыя валасныя камітэты і міліцыю з мэтай абароны ад польскіх легіянераў. Браў актыўны ўдзел у Гарадзенскім беларускім сялянскім з’ездзе ў снежні 1918 года, які быў скліканы пасля выдання граматы Рады БНР 21 лістапада 1918 года пра неабходнасць стварэння беларускіх мясцовых радаў, то бок органаў улады. Ён ствараў мясцовую ўладу ў Гарадзенскім павеце. На з’ездзе тым ён быў абраны ў склад Гарадзенскай павятовай рады і ўваходзіў у аргкамітэт па скліканні Краёвага беларускага з’езду Гарадзеншчыны, куды ўваходзіла, у тым ліку, і наша Берасцейшчына. Можна сказаць, што ён адзін з актыўных дзеячаў беларускага школьніцтва ў Гарадзенскай, Віленскай губернях, і разам з жонкай-настаўніцай Серафімай узначаліў Цэнтральную беларускую школьную раду. Яны разам паспрабавалі арганізаваць беларускае жыццё.
Натуральна, што няшмат у той час тут было беларусаў і не вельмі гэта развівалася, але як сам факт – гэта першы прыклад праявы арганізацыі беларускага жыцця. Мы гэты будынак мусім адзначыць. Я думаю, калісьці прыйдзе час, што будзе і на ім памятная шыльда.
Ірына Лаўроўская: Тады ўжо працавала гімназія, была “Беларуская хатка”, тут была царква. Гэта было такое стратэгічнае месца. Я прыгадваю, што ў 20-я гады, калі горад яшчэ быў разбураны і яшчэ не была адноўлена «miеszkalna» пабудова, такі цэнтр культурнага жыцця горада быў тут, і гэта вельмі важна. Важна сказаць, што тут сёння псіханеўралагічны дыспансер. І пытанне паўстае да нашых сённяшніх паслядоўніках Дзекуця-Малея: ці варта адзначаць яго на такім будынку памятнай дошкай і г.д. Безумоўна, трэба адзначаць, і трэба памятаць пра гэта, трэба наадварот пра гэта казаць. І не важна, што тут сёння, не важна, што тут будзе пазней. Важна, што мы ведаем пра гэтае месца, гэта важна для беларускасці горада, для аднаўлення нашага горада, для аднаўлення культуры, веры.
Ігар Бараноўскі: Гаворачы пра месцы БНР у Берасці, можна ўзгадаць таксама постаць Ларысы Геніюш. Яна ў Берасці мела сваякоў, прыязджала яшчэ да вайны ў дом, які знаходзіўся калісьці каля спарткомплексу Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта, да сваёй стрыечнай сястры. Ну і таксама трагічны шлях яе ў лагеры пачынаўся ўласна з турмы ў Берасці. Тут яна пасябравала з мясцовым ксяндзом і на лагерных этапах падтрымлівала сувязь, а таксама пасля вайны прыязджала. Тут жылі яе сваякі з роду Грынкевічаў, і тут пахаваны адвакаты з роду Нявінскай па маці. Ларыса Геніюш, як мы ведаем, была захавальніцай архіваў БНР, так што гэта яшчэ адзін кірунак месцаў памяці знакамітага чалавека, нашай пісьменніцы, звязанай з месцам БНР.
Хочацца ўзгадаць яшчэ адну асобу, якая мае карані з Берасця і дачыненне да змагання за Беларусь. Гэта такі дзеяч, як Вячаслаў Разумовіч. Ён нарадзіўся 1889 годзе ў Берасці ў даволі заможнай сям’і. Карані яго трэба шукаць, хоць вядома, што прозвішча маці паходзіла з Кобрыньскага раёна. Магчыма, там і габрэйскія карані, бо вядома, што яна Руфіма Якаўлеўна, дзявочае прозвішча Камінская. Бацька, Іван Андрэевіч Разумовіч, прыехаў яшчэ з часоў будаўніцтва крэпасці, напэўна. Ну і чым вядомы гэтыя Разумовічы?
З беларускім рухам яны звязаны, зноў жа, з партызанкай эсэраўскай, якая кіравалася ўрадам БНР у Коўне пры падтрымцы Літоўскай дзяржавы. Мы ведаем, што Вячаслаў Разумовіч меў псеўданім атаман Хмара і ён быў кіраўніком адной з чатырох аперацыйных групаў, дзе мелася быць узнята антыпольскае паўстанне. Тэрыторыяй яго дзейнасці была якраз Гарадзеншчына, у тым ліку і Берасцейшчына. Напэўна ж, ён сюды і прыязджаў у 20-я гады, тым больш вядома, што ён сам сведчыў, пакінуўшы свае ўспаміны ўжо ў Празе, дзе ён жыў пасля заканчэння ўсіх пертурбацыяў вайны, што ў яго была ў Берасці маёмасць, дзесці ў цэнтры горада, але дзе – мы пакуль што назваць гэтага адраса, на жаль, не можам.
«Спадзяемся што ў будучыні, даследваннямі гэтага перыяду гісторыі Берасця зоймуцца прафесіяналы, а таленавітыя публіцысты пашыраць веды пра беларускае Берасце сярод гараджан. Пакуль жа, застаецца спадзявацца толькі на даследчыкаў аматараў і публікацыі ў незалежных выданнях», – падсумоўваюць Ірына Лаўроўская і Ігар Бараноўскі.