Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Мікола Таранда: Не было бы БНР, не было бы і незалежнай Беларусі

23.03.2018 общество
Мікола Таранда: Не было бы БНР, не было бы і незалежнай Беларусі

Адзін з кіраўнікоў легендарнага клубу «Паходня» распавёў, як Гродна святкавала першы Дзень Волi.

Мікола Таранда – асоба ў Гродна вядомая. Адзін з кіраўнікоў легендарнага клубу “Паходня”. Не адна значная падзея ў горадзе не абыходзіцца без яго ўдзелу, каб быць занатаванай пры дапамозе фотаапарату. Удзельнік адраджэнскага руху, ён быў сярод тых, хто святкаваў першы Дзень волі ў Гродне яшчэ 25 сакавіка 1990 года. Што яму папярэднічала і як прайшло тое свята, ён распавёў “Народнай волі”.

- Калі Вы ўпершыню даведаліся пра Беларускую Народную Рэспубліку?

25 сакавіка 1989 года ў Вільні

-Тое, што я прачытаў да 1986 года і што дапамагло мне адчуць годнасць, што я беларус, не ўтрымлівала інфармацыі пра БНР. 21 чэрвеня 1986 года з групай пахаднянцаў мы наведалі Вільню і лясную хатку, у якой жыла старая Гродзенская патрыётка Людвіка Войцікава (Зоська Верас). Але і падчас гэтай паездкі мы нічога не даведаліся пра БНР. Людвіка Антонаўна была добрым канспіратарам: “Ня думайце, што я прапусьціла без увагі пытанне аб Менску праз няўвагу, або непаразуменне. Не, гэта было зроблена зусім сьвядома” – пісала яна ў лісце, які я атрымаў 7 ліпеня тагож года. “А так хацелася б пазнаёміць з сапраўднасцю – тым, што было і добрага, і можа, часам, памылковага. Я ж была у самым цэнтры гэтай работы. Маю і свае ўласныя ўспаміны, і здымак групы дзеячаў зьездаў, і друкаваныя Пратаколы зьезду… Вось Вас, пане Мікола і хачу пазнаёміць з гэтымі матэр’яламі”. Паехаў і ўпершыню даведаўся і пра з’езды і пра 25 Сакавіка. А гэта вельмі важна пачуць аповед ад жывой сведкі тых падзей.

Мікола Таранда (справа) на святкаванні 25 сакавіка 1990 года ў Гродне

- Калі ў Гродне ўпершыню сталі шырока распаўсюджваць звесткі пра БНР?

-1 кастрычніка 1987 года Прэзідэнт клуба “Паходня” Міхась Ткачоў распавёў на паседжанні пра сваю абарону доктарскай дысертацыі. Яму ад прысутных быў уручаны букет з белых і чырвоных гваздзікаў, што сведчыць аб нашым веданні ў той час пра сімволіку БНР. А гліняныя значыкі “Пагоні” былі папулярнымі сярод нас яшчэ ўвесну 1986 года

- Важным месцам для пачатку ўшанавання БНР для Вас, як і многіх беларусаў чаму Адраджэння, стала Вільня. Чаму?

- Вільня стала месцам, якое мы, гарадзенцы, пачалі стала наведваць з 1988 года. Арганізатарам паездак быў Зміцер Кісель з Гродна.На чыгуначным вакзале Вільні сустракаліся з мінчукамі, з якімі прыязджаў гісторык Мікола Ермаловіч і разам ішлі на Лукішкінскую плошчу да памятнай дошкі на месцы пакарання Кастуся Каліноўскага, дзе акрамя выступаў ускладвалі кветкі. Пасля рабілі экскурсію па беларускіх мясцінах Вільні і вярталіся да Гародні прыгарадным цягніком.

Ізноў у 1989 годзе ў Вільні адзначалі чарговыя ўгодкі пакарання Каліноўскага. З Гародні было шмат людзей і з іншых месц Беларусі, далучылася шмат віленчукоў. Шэсце адбывалася па ўсім горадзе пад бела-чырвона-белымі сцягамі. Алесь Пушкін, які не малога росту, насіў чучала Мураўёва вешальніка бачнае далёка ад калоны, якое спалілі каля вежы Гедыміна. Ужо тады гаварылі, што на гэтым месцы былі пахаваны паўстанцы, што падцвердзілася зусім нядаўна.

- У жніўні 1988 годзе Вы былі затрыманыя. Як гэта адбылося?

-У 1988 годзе ў БССР была афіцыйна забароненая нацыянальная сімволіка. У жніўні на кватэры мінскай мастачкі Валянціны Якімовіч праходзіла сустрэча кіраўнікоў суполак моладзі розных накірункаў, якія павінны былі выпрацаваць дакументы да Вальнага сойма такіх суполак, які адбыўся ў студзені 1989 года ў Вільні. На сцяне аднаго з пакояў вісеў вялікі бела-чырвона-белы сцяг, на якім былі прышпіленыя розныя значыкі і вымпельчыкі. Калі нас прыйшлі арыштоўваць, то я думаў, як бы гэта не патрапіць на іх фоткі на фоне забароненага тады сцяга. Але прычыны затрымання былі іншымі – тэлефанавалі суседзі (глуханямыя), магчыма сярод нас забойцы з выпадку на аўтобусным прыпынку, які здарыўся напярэдадні, ды і гаспадыні няма ў хаце, магчыма і яе грохнулі, і трэцяе – сабраліся наркаманы, бо Валянціна на кухні разам са сваімі алоўкамі паставіла макавую галоўку.

- У 1988 годзе ў Кракаве было праведзена мерапрыемства, дзе ўзгадалі пра 70-годдзе БНР. Як яно адбылося?

- У верасні 1988 года сем пахаднянцаў удзельнічалі ў адкрыцці помніка беларускаму паэту Алесю Гаруну ў Кракаве. Гэта падзея не была прывязаная да 25 сакавіка, але польскімі беларусамі была зробленая расцяжка з чырвоным надпісам на белым фоне — “70 год БНР”.

- Першае святкаванне Дня Волі ў Гродна адбылося 25 сакавіка 1990 года. Што яму папярэднічала?

25 сакавіка 1990 года ў Гродне

- Для ўдзелу ва ўрачыстасцях мы запрасілі беларускую суполку з Гданьску, з якой пазнаёміліся ў Кракаве. Яны прыехалі 23 сакавіка 1990 года. У той жа дзень для іх была праведзена вандроўка па Гародні Таццянай Маліноўскай, а на наступны дзень раніцай мы з імі адправіліся ў Вільню да месцаў звязаных з паўстаннем Каліноўскага. Ад гарадзенцаў у дэлегацыі былі Пётр і Алесь Бажко, Люда Мацюк, Людміла і Анатоль Варкулевічы, Ліля Заяц, Наталля Маліноўская, Вераніка Быстрыцкая, Анатоль Будзько, Аляксандр Талерчык, Міхась Амялішка, Вітаўт Руднік, Алесь Пугачоў, Валодзя Канановіч.

- Як праходзіў першы Дзень волі ў Гродна?

- 25 Сакавіка было вырашана адзначыць на плошчы Леніна ў Гродна. Не паспелі сабрацца, як да плошчы пацягнуліся шарэнгі міліцыянтаў, кіраваў якімі начальнік Кастрычніцкага РАУС сп. Аляксандр Савошчык. Папярэдзілі разыходзіцца, тым больш што ў руках мы трымалі нацыянальныя сцягі, якія ў той час былі яшчэ забароненыя. Пасля трэцяга папярэджання, каб не застаўляць міліцыянаў нас біць, мы звярнулі сцягі і зрабілі выгляд, што разыходзімся, а самі дамовіліся сустрэцца на Савецкай плошчы. Нашых польскіх сяброў я папярэдзіў адразу, каб блізка нават не набліжаліся, даў ключы і сказаў, калі што здарыцца, забраць з кватэры рэчы і ехаць да Гданьску. Як гаварыў пасля на пенсіі Аляксандр Савошчык пры яго кіраўніцтве РАУС не быў затрыманы ніводны чалавек.

На Савецкай плошчы ў скверы насупраць Фарнага касцёлу мы чыталі вершы, спявалі песні і ніхто разганяць нас ужо не збіраўся. Здымалі толькі на відэа. У 90-м годзе быў чамусьці самы запамінальны Дзень Волі для мяне асабіста, хоць я ўдзельнічаў у святкаванні яго ў іншыя годы і ў Мінску. Запомніўся такі дзень 2001 года, калі на дазволеным шэсці нас акружалі з усіх бакоў на месцы сучаснага Музея Вялікай Айчыннай вайны.

- Як Вы ставіцеся да стагоддзя БНР?

— Сотыя ўгодкі БНР – гэта асаблівае свята. Не было бы БНР, не было бы напэўна і незалежнай Беларусі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]