У Варшаўскім універсітэце адбылася ўрачыстая сустрэча, прымеркаваная да стагоддзя БНР.
Імпрэзу заладзіў Цэнтр беларускіх студыяў Варшаўскага ўніверсітэта. Навукоўцы абмеркавалі гістарычную спадчыну Беларускай Народнай Рэспублікі.
Таксама на ўрачыстай сустрэчы адбылася прэзентацыя кніг па гісторыі БНР.
– Мы прэзентавалі два новыя выданні: калектыўную манаграфію «Шляхамі БНР. Да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі» і шляхаводнік па Гародні «Шпацыр па беларускай Гародні». Гэтыя выданні паўсталі дзякуючы падтрымцы ЕГУ. Мы пісалі пра адрасы БНР у Менску, Гародні, Берасці, Гомелі, Магілёве і іншых гарадах ды мястэчках, - паведамiла «Радыё Рацыя» адна з аўтарак выданняў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Іна Соркіна.
Цэнтр беларускіх студыяў Варшаўскага ўніверсітэта складаецца з 11 былых выкладчыкаў Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 2014 годзе гісторыкі па палітычных матывах былі звольнены з Гарадзенскага ўніверсітэта.