Сёлета стыпэндыяткамі сталі Вера Бурлак, Ірына Дашына і Наста Кудасава.
Стыпэндыя ўручаецца раз на год беларускім паэткам, пісьменьніцам і перакладчыцам. У склад журы ўвайшлі Ўладзімер Арлоў, Алена Макоўская, Барыс Пятровіч і Юлія Чарняўская. Раду стыпэндыі імя Магдалены Радзівіл узначаліла Сьвятлана Алексіевіч, паведамляе Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
Стыпэндыя імя Магдалены Радзівіл была заснаваная Саюзам беларускіх пісьменьнікаў летась у сакавіку. У 2017 годзе ляўрэатамі сталі Тацяна Барысік, Алена Брава і Дар’я Ліс.
Магдалена Радзівіл нарадзілася ў 1861 годзе і ўвайшла ў гісторыю Беларусі як мэцэнатка і культурная дзяячка. Менавіта яна фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газэту «Беларус» і іншыя выданьні. Магдалена Радзівіл стала фундатаркай першых выданьняў Максіма Багдановіча і Канстанцыі Буйло, адкрыла беларускія школы ў сваіх уладаньнях у Кухцічах, Узьдзе, Каменцы. У 1917 годзе Магдалена Радзівіл ахвяравала дыямэнтавае калье на заснаваньне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме. У 1924 г. ксёндз Фабіян Абрантовіч прадаў яго за 15 тысяч амэрыканскіх даляраў. Грошы былі перададзеныя ва ўласнасьць беларускім айцам-марыянам у Друі.
Магдалена Радзівіл памерла ў Швайцарыі ў 1945 годзе. Пахавалі яе ў горадзе Фрыбуры. У ліпені 2017 году урну з прахам прывезьлі ў Беларусь, а ў 2018 годзе перапахавалі ў менскім касьцёле Сьвятога Роха.