Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Пагоню» не спыніць, не стрымаць, не замаляваць!

28.03.2018 политика
«Пагоню» не спыніць, не стрымаць, не замаляваць!

Як праз 20 гадоў мне нагадалі пра выступ у адной гомельскай школе.

На гомельскім вакзале ў галоўным вэстыбюлі над уваходам намалявана пано. На дзяржаўную беларускую тэматыку. Памятаю, як яго стваралі ў 1992-м, к юбілею гораду. На «карціне» паказаныя асноўныя славутасьці абласных сталіц. А пасярэдзіне кампазыцыі красавалася «Пагоня» пад нацыянальным сьцягам. У 1995-м, адразу ж пасьля рэфэрэндуму, несавецкія сымбалі замалявалі. Толькі цяпер я заўважыў, што цалкам зафарбаваць «Пагоню» не ўдалося. Чырвоны шчыт усё роўна вытыркаецца з-пад нэасавецкага кругляка. Не спыніць, не стрымаць, не замаляваць!

Празь некалькі хвілінаў, на праспэкце Перамогі, я пабачыў «маршрутку», за стырном якой сядзеў здаравенны сівы дзядзька, а ветравое шкло ўпрыгожваў нацыянальны сьцяг з «Пагоняю». Вось дык пачатак сьвяточнага дня!

У Гомель я прыехаў на вечарыну, прысьвечаную 100-годзьдзю БНР. Арганізатары дбайна прадугледзелі ўсе арганізацыйныя моманты. Білеты былі купленыя анлайн і адпраўленыя мне, меў іх на смартфоне. Нумар у гатэлі загадзя зарэзэрваваны.

Перад выступам я зайшоў за кулісы Гомельскага драматычнага тэатру. Падыхаць паветрам куліс, падыміць у курылцы са знаёмымі артыстамі, панастальгаваць па юнацтве. Тут нічога не зьмянілася ад 70-х гадоў. «А ты чего в Гомель приехал?» — «Выступленьне з нагоды юбілею БНР». — «А, ну да! Дело хорошее. Тем более в Гомеле такая мощная белорусская диаспора».

Гадоў дваццаць таму я, напэўна, кінуўся б у спрэчку. Але сёньня толькі ад душы пасьмяяўся. «Дыяспара» сапраўды мацнее.

Сустрэча ў новым памяшканьні Цэнтру беларускай мовы, у дарэвалюцыйным купецкім асабняку прайшла, на маю нясьціплую думку, выдатна. І нагаварыліся, і пасьмяяліся. Усё часьцей я захапляюся новым пакаленьнем, якое прыйшло ў наша грамадзкае жыцьцё. Якое стварае сайты, ладзіць моўныя курсы, арганізуе сьвяты.

Самае цікавае мяне чакала падчас вячэры ў рэстарацыі «Будзьма» — беларускай ня толькі паводле мовы, але і кухняй. Я нарэшце пакаштаваў сома па-жыткавіцку! Усім раю. Але пахваліцца хачу не гастранамічным адкрыцьцём.

Галоўны арганізатар сьвята, стваральнік сайту «Сильные новости» Пятро Кузьняцоў спытаў у мяне, ці памятаю канцэрт у ягонай гомельскай школе, у 1998 годзе? Папраўдзе, я памятаў тыя школьныя выступы досыць цьмяна. Але малады чалавек нагадаў мне некаторыя дэталі. Сьпяваў я тады свае палітычныя куплеты. Нават (вось быў дурань!) не задумваючыся, што магу стварыць праблемы настаўніку беларускай мовы Сяргею Несьцяровічу, які і запрасіў настолькі «сучаснага барда». Сярод іншых песень прагучала і «Гародня, 1795». І, наколькі я зразумеў Пятра, менавіта гэтая песьня паслужыла тым мэдыятарам, які абудзіў ягоную нацыянальную струну.

«Нам не дано предугадать, чем наше слово отзовётся». Успомніліся прыгожыя, але сумнеўныя радкі Цютчава. Дадзена. Ня толькі прадказаць, але і пабачыць на свае вочы. Я памятаю тую дэпрэсіўную хандру, якая пасьля рэфэрэндуму 1995-га ахапіла мяне і ня толькі мяне. А аказваецца, нічога ў нікуды не зьнікае. Любы выступ у самай маленькай школе не праходзіць марна. Нават калі здаецца, што вы «забіваеце цьвікі ў вату», упустую расьпінаючыся перад шэрагам абыякавых твараў. Заўжды, у любой аўдыторыі знаходзіцца пара зацікаўленых і разумных вачэй. Заўжды.

Што там у мяне ў наступным месяцы? Вясковая школа на Слонімшчыне? Інтэрнат на Карэліччыне? Трэба толькі не забыцца ўласныя словы, зрыфмаваныя 20 гадоў таму. Яны яшчэ спатрэбяцца.

Зьміцер Бартосік, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]