Памяць аб БНР у Гомелі.
Мерапрыемства, прысвечаныя стагоддзю Беларускай Народнай Рэспублікі, у рэгіёнах ладзіліся сіламі грамадскіх актывістаў. Не стаў выключэннем і Гомель, дзе гарадскія ўлады адмовілі ў прадастаўленні памяшкання для канцэрта. Тым не меньш можна дакладна сказаць, што свьяткаваньне ўдалося. Вось толькі для памяці аб тых пераломных часах у гісторыі нашага краю яшчэ варта шмат чаго зрабіць, у тым ліку і ў Гомелі, піша Яўген Меркіс для gomel-experts.org.
Аб тым, у якіх накірунках варта працаваць, каб не забывацца на ўласную гісторыю:
Гістарычныя даследаванні
На дадзены момант мы адносна добра ведаем гісторыю горада пры Румянцавых і Паскевічах, але мінулае нашага горада ў іншыя часіны часта пакрытае ну проста татальнай цемрай,
Не дзіва, што новыя звесткі аб тым, што рабілася ў Гомелі ў 1917 ці ў 1918-м гадах, калі ў горад ужо прыйшлі немцы наогул даводзіцца здабываць краязнаўцам-аматарам.
На гэтыя тэмы вы не ўбачыце тэматычных выстаў, у нас бракуе фатаздымкаў, мемуараў гараджан, у нас няма ўцямнага апісання што і як паслядоўна адбывалася ў горадзе ў тыя часы.
Гісторыкам варта яшчэ падрабязней вывучыць багатую гісторыю нашага горада ў тыя пераломныя моманты, а гарадскім уладам — падтрымаць гэтыя пачынанні.
Краязнаўчы падручнік
Ужо шмат год кажуць, што ў школах у якасці факультатыўных заняткаў будуць уводзіцца заняткі па краязнаўстве. Але ў гэтым вельмі істотнай з’яўляецца наяўнасць даступнай літаратуры.
На дадзены момант у гомельцаў няма паслядоўнага выкладання гісторыі іх горада ад старажытнасці да сучаснасці. Такіх кніг няма ні для дарослых, ні для маленькіх і ў гэтым накірунку, безумоўна, варта рухацца, каб людзі ведалі гісторыю роднага горада.
Тэматычныя выставы і дыскусі
Нельга замоўчваць нашую гісторыю, вылучаючы ў ёй адныя бакі і цалкам ігнаруючы іншыя. Чаму б да 25 сакавіка было не арганізаваць тэматычныя выставы ў гомельскіх галерэях і палацах? Проста хаця б паказаць фатаздымкі беларускіх гарадоў у тыя часы, у тым ліку і Гомеля.
Чаму б у тых жа бібліятэках не наладзіць дыскусіі і публічныя лекцыі аб падзеях, звязаных са станаўленнем беларускай дзяржавы? Няхай бы там нават былі людзі процілеглых поглядаў, але дыскусія заўжды лепей, чым глупае маўчанне.
Я сам бы з задавальненнем наведаў падобныя мерапрыемствы ў гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў ці цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Герцэна. Судзячы па колькасці людзей, што наведалі ўрачыстыя мерапрыемствы ў межах #БНР100 ў Гомелі, сярод якіх быў і гістарычны вечар «Гарадскіх сходаў» ГДФ, я быў бы на такіх мерапрыемствах далёёка не адзіным наведнікам.
Экскурсіі
Людзі вельмі любяць наўпроставы і жывы фармат спазнання гісторыі праз наведванне экскурсій. Заўжды цікавей прайсціся па родным горадзе, чым чытаць шмат старонак з «сухой» інфармацыяй аб мінулым.
Але варта адзначыць, што ў Гомелі з неардынарнымі экскурсіямі, якія б распавядалі аб малазнаёмых аспектах нашай гісторыі наогул кепска. Самыя банальныя з іх гэта «Горад апалены вайной» ці «Горад Румянцавых і Паскевічаў». Такія маршруты маюць таксама быць, але вось паслухаць пра «Гомель у дарумянцаўскую эпоху», «Габрэйская гісторыя Гомеля» ці «Містычныя мясціны горада над Сожам» у вас наўрадці атрымаецца.
Тое ж самае тычыцца і перыяда станаўлення беларускай дзяржаўнасці, у які Гомель паспеў пабыць часткаю (намінальна ці рэальна) БНР, УНР і навар РНР (за часамі Стракапытаўскага мяцежа ў 1919 г.). Нямецкая акупацыя, станаўленне бальшавіцкай улады, адыход у склад РСФСР і вяртанне ў склад БССР у 1926 г. — нашаму гораду і яго жыхарам у тыя часы давялося шмат перажыць і паверце, пра гэта ёсць што распавесці. Першы крок у гэтым кірунку быў зроблены менавіта 25 сакавіка гэтага года, калі падобная экскурсія адбылася ў горадзе ўпершыню, але іх жа можа быць значна больш!
Ушанаванне памяці вядомых гомельцаў
Як вядома, прадстаўнікі Гомельшчыны зрабілі свой унёсак у станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Гэта і Мітрафан Доўнар-Запольскі, ураджэнец Рэчыцы, які падтрымаў БНР не толькі на словах, але і дапамагаў наладзіць эканамічнае ўзаемадзеянне між Украінскай і Беларускай Народнымі Рэспублікамі.
Гэта і Язэп Няцецкі, які быў прызначаны ў траўні 1918 г. адмысловым прадстаўніком БНР па Гомелі. Пра лёс і дзейнасць гэтага чалавека дагэтуль, на вялікі жаль, вядома мала.
Гэта і Васіль Селіванаў ці Яўсей Канчар, але больш за іншых гомельцы маюць сапраўды ганарыцца Палутай Бадуновай. Ураджэнка Навабеліцы яна была сярод падпісантаў Трэцяй устаўной граматы, была адзінай жанчынай-міністаркай у першым урадзе БНР. Яна садзейнічала адкрыццю беларускіх школ і асвеце ў гарадах ды вёсках. За часамі савецка-польскай вайны нават арганізоўвала партызанку на занятых палякамі тэрыторыях.
Чалавек, які так шмат зрабіў для станаўлення незалежнасці і суверэнітэту Беларусі мае быць ушанаваным у сваім родным горадзе і сёння.
Гісторыкам вядома, што яе бацькоўскі дом знаходзіўся на сучаснай вуліцы Дзімітрава. Чаму б не перайменаваць вуліцу ў гонар Палуты? Такія спробы рабіліся гомельскімі актывістамі, але ўлады дагэтуль заставаліся глухімі.
Чаму б не ўсталяваць хаця б памятную шыльду, тым больш, што гэтая вуліца перасякаецца з вуліцай Склязнёва — героя грамадзянскай вайны ў Іспаніі, які даводзіўся Палуце пляменнікам. Няўжо такія гістарычныя сувязі, такая выбітная ўраджэнка Гомеля з боку гарадскіх уладаў дастойна толькі занядбання і ігнаравання?
Няўжо гомельскія чыноўнікі не падзяляюць ідэі незалезнасці і суверэннасці Беларусі — тых ідэяў, дзеля якіх Палута Бадунова фактычна паклала сваё жыццё?
Афіцыйныя ўрачыстасці
З галоваў гомельскіх чыноўнікаў дакладна не ўпала б карона, калі б яны ўсклалі кветкі да мемарыяльнай шыльды, прысвечанай той жа Палуце Бадуновай. Іх бы толькі пахвалілі, калі б яны хоць неяк ушанавалі тых, хто змагаўся і зацята адстойваў незалежнасць Беларусі.
Але пакуль што яны на афіцыйным узроўні гуляюць у глухіх і сляпых. Не бачаць не толькі запыты гомельцаў, але і ўласнай гісторыі. Да чаго даводзіць такое ігнараванне ўласнага мінулага, можна ўбачыць на шматлікіх канфліктах, якія разгортваліся ў ХХ ст. і разгортваюцца нават у ХХІ стагоддзі.
Хочацца спадзявацца, што мы перастанем ігнараваць уласную гісторыю і будзем разам адбудоўваць незалежную Беларусь, аб якой так марылі нашыя продкі!