Без гэтых жанчын памяць пра БНР была б іншай.
Жанчыны БНР браліся за самыя цяжкія справы, якія не давалі публічнага замілавання. Усе гэтыя жанчыны былі да фанатызму верныя тым ідэям, якім яны прысвяцілі жыццё, — ва ўсіх успамінах абавязкова адзначаецца гэтая іх якасць.
«Жанчына не можа быць прэзідэнтам»
Захаваўся ўспамін Ларысы Геніюш пра апошнюю сустрэчу з цяжка хворым Васілём Захаркам, які ў 1943 годзе ўзначальваў БНР:
«Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 г., пасля смерці А. Крэчэўскага з’яўляецца Старшынёю БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку. Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, ёсць толькі такая жанчына, а жанчына не можа быць прэзідэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год... «На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай». Тады я запрапанавала Абрамчыка».
З пазіцый таго часу лічылася, што жанчыны мала і нешырока адукаваныя, больш эмацыйныя, менш адказныя — таму высокія пасады, дзе патрабуецца вытрымка, халодны разлік, адказнасць, для жанчын не падыходзяць. Сёння гэта называецца мужчынскім шавінізмам. І хоць у тыя часы жанчыну баяліся прызначыць кіраўніком, на самай справе яны адыгралі ў станаўленні і развіцці БНР важную ролю — былі на самых складаных і «негераічных» галінах. Узгадаем пра тры галіны, дзе жанчыны сталі легендарнымі.
Паўліна Мядзёлка і Палута Бадунова на палітычным небасхіле Беларусі як зоркі першай велічыні з’явіліся ў 1917 годзе. Іх лёсы неаднойчы перасякаліся, асабістыя адносіны не заўсёды былі прыгожымі і ўзнёслымі. Але бясспрэчна — без іх самаадданай працы памяць пра БНР была б іншай. Дакументы, якія захаваліся, распавядаюць, як складана было ў тыя часы будаваць беларускую дзяржаву. І сёння ўражваюць маштабы інтарэсаў і дзеянняў тагачасных жанчын.
Паўліна Мядзёлка
Паўліна Мядзёлка была адной з арганізатараў і ўдзельнікаў Усебеларускага з’езда — узначальвала культурніцкую секцыю. Галоўным падмуркам для развіцця культуры, на думку радаўцаў, з’яўлялася адукацыя. Паўліна занялася арганізацыяй беларускай адукацыі там, дзе гэта было магчыма ва ўмовах вайны і акупацыі (тут і далей захаваны правапіс арыгіналу. — НЧ).
«У Беларускую Цэнтральную Раду Віленшчыны і Горадзеншчыны.
Даклад.
Не зважаючы на загад польскага акружнога інспектара, павятовыя інспектары і дагэтуль адказваюцца зацвярджаць нашых вучыцялеў. Вучыцеля знаходзяцца у страшэнна цяжкіх варунках — некаторыя фармальна галадуюць і ў роспачы пакусяцца на жыцце. Патрэбна якнайхутчэйшая матэрыяльная дапамога. Горадз./енскі/ Вучыц./ельскі/ Саюз без капейкі. Інспэктар Возьнякоўскі нічога не выдае з затрыманых грашэй. Робяцца страшэнныя перашкоды з выдачай пропускаў для усіх беларусаў. Затрымліваюцца дакументы і прыехаўшыя галадуюць не маючы змогі на’т да хаты дабрацца. На станцыі робяць обыскі і калі знойдуць лісты пісаныя па беларуску — жандармерыя арыштовывае — было ўжо колькі такіх выпадкаў. Па почце так жа беларускія пісьма не даходзяць.
Праца на месцы ў Горадні налажваецца. У кожны суботнік рэфэраты і лекцыі. Зарганізаваўся хор.
Ратуйце галодных учыцелеў. Паўліна Мядзіолко, 5 кастрычніка 1919 г. Горадня».
Палута Бадунова
У гэты час ж, у лістападзе 1919 года, Палута Бадунова, якая адмовілася ад пасады міністра БНР, разам з Томашам Грыбам арганізавала Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Яны напісалі Нарыс праграмы сваёй партыі, у якім выклалі свае перакананні:
«1. Незалежнасць і непадзельнасць Беларусі ў яе этнічных межах.
2. Земля павінна належыць да таго, хто на ей працуе. Дзеля гэтага зямля на абшарах Беларусі павінна перайсці ў рукі працоўных грамадзян Беларусі. Дзяржава павінна мець зямельны фонд дзеля падняцьця агрыкультуры і прамыслвасьці. Усе лясы, рэкі, вазеры, балоты і недры зямлі павінны быць нацыяналізаваны. Норма зямлі не павінна перавышаць працоўнай і не ніжэй прадавольственнай.
3. Рабочае пытаньне разглядаваецца праз прызму пераходу ад капіталістычнага к сацыялістычнаму строю шляхам развіцьця праізвадзіцельнай і патрабіцельскай кооперацыі. Нацыяналізацыя крупнай прамысловасці і гандлю. 8 гадзінны рабочы дзень і страхоў рабочых за кошт прадпрыемства.
4. Асьвета павінна быць агульная, дарэмная. Едыная працоўная аўтаномная школа. Адміністрацыя міністэрства прасьветы павінна быць у руках настаўніцкіх саюзаў.
5. Поўная свабода ўсім грамадзянам, жывучым на Беларусі. Свабода сумленьня, слова, друку, агульных сходаў, саюзаў, забастовак, незачэпнасьць асобаў, памяшканьня і гэтак далей…»
Яўгенія Аляксючанка
Тагачасныя беларускія жанчыны былі бясстрашныя і здатныя на працу, якую сёння можна пабачыць у добрых дэтэктывах. З Пратаколу пасяджэння Надзвычайнай Дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Берліне за 16.081919:
«Слухалі: 1. Даклад п. Мюллера аб падарожжы Місіі белар. пасла на Украіне Цвікевіча. Місія, дзякуючы ваеннай зоне, праз Прагу на Украіну, ніудалося праехаць. Прыйшлося прабаваць праз Варшаву, куды Місія і выехала. Аказалась, што з Варшавы на Украіну ніяк ня можна ўсей Місіі прабрацца. Пастанавілі паслаць, аказаўшую ўжо не раз цэнныя ўслугі Радзе Народных Міністраў у справе пераезду і правозу дакумэнтаў праз фронт, — Эўгенію Алексючанку як дыплёматычнаго кур’ера да Украінскага Ураду у Камянец-Падольску, даручыўшы ей завязьці і абмяняць не рэалізаваны у Бэрлінскім Рэйхс-банку (гдзе грошы адмовіліся выплаціць па украінскаму пераводу, бо быў наложэны арэшт на украінскія грошы) перавод на суму 1500 000 карбованц.
З Варшавы Алексючанка з вялікімі труднасьцямі дабралась да Луцка адкуль, пераадзеўшыся селянкаю, пайшла праз лінію польска-бальшэвіцкага фронту. На бальшэвіцкай старане яе арыштавалі, але за 500 крон удалося ўцячы і нават ахранны дакумэнт атрымаць да Острогі. Каля самай граніцы, пасля таго, як у готэлі ноччу пры рэвізыі бальшэвікамі у яе адабралі усе пры ей знаходзячыеся грошы, убраньне лепшае, багаж і нават чаравікі, яна змушана была з дакумэнтамі, чудам захаванымі, без копейкі грошы уцячы раненька з готэлю, бо ні было чым плаціць. На самай бальшэвіцка-украінскай граніцы яе узноў арыштавалі для выясьненьня асобы, але ей удалося уночы, разам з двумя украінкамі выламаўшы акно арыштанскай, уцячы і пірайсьці пад агнем бьючыхся бальшэвікоў і украінцыў граніцу.
Каманда перадавой украінскай лініі з пачотам даставіла яе у Камянец-Падольск, гдзе Прэмьер-Міністр Мартос адразу зрабіў усе, каб перавод быў пераменяны на Аўстрыяцкі Банк у Вене на тры мілліоны крон. Падвезеная Алексючанка да польскай граніцы на Збруч узноў была арыштавана палякамі і, толькі дзякуючы спрыту і лоўкасьці, яна арыштаваная і пад канвоем жандармаў, згодна з яе прозьбамі, была дастаўлена ў Варшаву для праверкі асобы, гдзе удалося яе асвабадзіць з пад арэшту. Седзючы ў готэлю пад арэштам, яна сумела перадаць усе дакумэнты і прывезены перэвод яшчэ перад асвабаджэньнем праз дыплёмат. кур’ера Камарынца п. Цвікевічу.
Пастанавілі: 1. Прыймаючы пад увагу, што п. Цвікевіч па прывезеннаму дыпл. кур’ерам Э. Алексючанкай пераводу грошы ў Вене атрымаў, і што ў гэтым атрыманьні так патрэбных для нашай дзяржаўнай працы асабліва ў гэты час грошы вялікую ролю адыграла Алексючанка, рызыкуючая для дабра Бацькаўшчыны у прауягу цэлага месяца сваім жыцьцем, — пастанавілі шчыра дзякаваць п. Алексючанцэ ад імені Ураду БНР за такую самаатвержанную нацыанальную працу і прасіць яе прыняць ад імені таго жа Ураду у ліку аднэй тысячы пяцьсот (1500) марак. Прасіць п. Алексючанку прэдставіць заяву аб панесенай у часе падарожжы страце убраньня і інш. рэчаў на прэдмет аплаты гэтых стратаў».
Жанчыны БНР браліся за самыя цяжкія справы, якія не давалі публічнага замілавання. Усе жанчыны былі да фанатызму верныя тым ідэям, якім яны прысвяцілі жыццё, — ва ўсіх успамінах абавязкова адзначаецца гэтая іх якасць. У часы БНР у жанчын амаль не было правоў, але сваімі здольнасцямі асобныя з іх маглі дасягнуць выбраных імі самімі вяршынь. Яны маглі адчуваць сябе свабоднымі.
Таццяна Процька, «Новы Час»