Калі будзем рабіць тое, што заўсёды рабілі дзеля яе ўсе народы ва ўсім свеце: змагацца.
Філосаф Валянцін Акудовіч у інтэрв'ю радыё «Свабода»:
«Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца… Для мяне наша палітычная апазыцыя — гэта аксюмаран (як жывы нябожчык). Дарэчы, а чым яны ўвогуле там займаюцца, калі ня сварацца між сабой ці не сядзяць пад арыштам?»
Валянцін Васільевіч, увогуле займаюся я тым жа, чым усе. Калі я не пад арыштам, тады я дома. З жонкай Вольгай, з дочкамі Ілонай і Евай. З тымі, каго люблю. А яшчэ й сваруся з імі, бо кожны раз, каля мяне знявольваюць, яны не проста чакаюць маёй свабоды, а змагаюцца за яе. Паўсюль, дзе могуць, і ўсімі сіламі, якія маюць. Гэта дорага ім каштуе, таму я й сваруся, а яны кажуць, што чаканне абыходзіцца ім яшчэ даражэй.
Вось і гэтым разам яны сустрэлі мяне хутчэй, чым нехта чакаў... І я перакананы, што хутчэй, чым нехта чакае, мы, беларусы, сустрэнем свабоду. Калі будзем рабіць тое, што заўсёды рабілі дзеля яе ўсе народы ва ўсім свеце: змагацца. А пасля ўжо, на волі, гуляцца ў аксюмаранавую філасофію.
Уладзiмiр Някляеў, Facebook