Дзіўная «саюзная дзяржава» і прывід Бісмарка.
Грамадзянінам «Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі» я адчуў сябе толькі аднойчы: калі прыляцеў зь Менску ў маскоўскі аэрапорт і мне, адрозна ад грамадзянаў Украіны, Казахстану, Малдовы ды іншых, якія ляцелі тым жа рэйсам, не давялося стаяць у доўгай чарзе на пашпартным кантролі. Прайшоўшы праз асобны ўваход пад таблічкай «Только для граждан Союзного государства» і нават ня спынены памежнікам, які павярхоўна зірнуў на мой сіні пашпарт, я падумаў: «Ну хоць такая карысьць...»
«...І стаў пасьмешышчам у вачах усёй Эўропы»
З далёкіх часоў школьнага дзяцінства ў галаве засела цытата з савецкага падручніка новай гісторыі, якую часам з усьмешкай успамінаю, назіраючы за так званым «саюзным будаўніцтвам». Цытата наступная:
«...Бясьсільны саюз, які ня меў ні грошай, ні арміі, не карыстаўся ўплывам у міжнародных справах — зь ім не лічыліся, і неўзабаве ён стаў пасьмешышчам у вачах усёй Эўропы».
Гісторыя з гэтай цытатай такая. Ззаду на суседняй парце сядзеў мой аднаклясьнік Жорык — добры спакойны хлопец, але навукі яму чамусьці даваліся зь вялізнай цяжкасьцю. Паставіўшы сабе неяк за мэту хоць аднаго разу за чвэрць атрымаць добрую адзнаку па гісторыі, ён пайшоў на радыкальную меру: вырашыў вывучыць увесь параграф на памяць. Выбар выпаў на тэму «Эўропа пасьля Венскага кангрэсу». Жорык так доўга бубнеў у мяне пад вухам пра гэты саюз, які «ня меў ні грошай, ні арміі» і «стаў пасьмешышчам у вачах усёй Эўропы», што параграф той адклаўся ў памяці ня столькі ў яго, колькі ў мяне. Прычым ня толькі на той урок, але і на наступныя сорак гадоў.
Днямі я знарок адшукаў той стары савецкі падручнік 1979 году маскоўскага гісторыка Аляксея Яфімава, па якім вучыліся савецкія школьнікі прынамсі на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў. І знайшоў цытату.
Размова, вядома ж, ішла пра Германскі саюз — рыхлую канфэдэрацыю незалежных нямецкіх дзяржаў, якая праіснавала каля 50 гадоў у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. Фактам жа ёсьць тое, што, як ні імкнуліся дробныя нямецкія дзяржавы, якія ўваходзілі ў яго, захаваць сваю незалежнасьць, а ўсё ж у выніку справа скончылася зьяўленьнем канцлера Бісмарка, які «жалезам і крывёю» ператварыў няпэўны канфэдэратыўны саюз у моцную цэнтралізаваную імпэрыю — Другі рэйх.
З таго часу мінула паўтара стагодзьдзя. На мапе сьвету зьяўлялася мноства канфэдэрацый. Аб’яднацца спрабавалі, напрыклад, Эгіпет і Сырыя ў Аб’яднаную Арабскую Рэспубліку (1958-1961), Сэнэгал і Гамбія ў Сэнэгамбію (1982-1989), Лібія і Туніс у Арабскую Ісламскую Рэспубліку (1974)... Самы апошні і найбольш зразумелы для былых савецкіх людзей прыклад — стварэньне Саюзу Сэрбіі і Чарнагорыі на абломках колішняй Югаславіі. Праіснаваўшы тры гады, саюз у 2006 годзе распаўся. Зрэшты, як і ўсе іншыя канфэдэрацыі апошняга стагодзьдзя. Чаму? Толькі таму, што паводле прыроды сваёй яны няўстойлівыя і нестабільныя? Ці проста не знайшлося свайго Бісмарка?
І ці іншы лёс можа чакаць «Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі» — дзіўнае ўтварэньне, якое нібыта працягвае існаваць, хоць даўно адышло і ад заяўленых мэтаў, і ад абвешчанай сутнасьці. Можа, таму на ўсякі выпадак і захоўваецца, што нехта чакае новага Бісмарка?
«Дзяржава» бяз грошай, без сталіцы, без парлямэнту
Рэальныя атрыбуты «саюзнай дзяржавы», апроч таблічкі ў аэрапорце, заўважыць і ў Расеі, і ў Беларусі надзвычай складана. Адзінай валюты няма, сталіцы няма, парлямэнту няма, сымболікі таксама. Адзіная мытная прастора пад вялікім пытаньнем... Ну і далей — сьпіс можна падаўжаць бясконца. Нават у Вікіпэдыі гэтую дзіўную «дзяржаву» апісваюць загадкавым тэрмінам «наддзяржаўнасьць Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь».
А між тым, усё тое меркавалася стварыць — і адзіны парлямэнт, і кабінэт міністраў, і валюту, і дзяржаўную сымболіку (артыкулы 8 і 36 праекту Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы). Тую небясьпеку, якая навісала над юнай і крохкай незалежнасьцю Рэспублікі Беларусь у 1996-1999 гадах, можна было рэальна адчуць у менскім паветры ў красавіку 1996-га і красавіку 1997-га. Дзясяткі тысяч людзей, якія выходзілі тады на вуліцы Менску пад нацыянальнымі сьцягамі, добра гэта ўсьведамлялі. І для таго, каб турбавацца, была больш чым важкая прычына. Аляксандар Лукашэнка безупынку падганяў Маскву сваімі ўсё новымі і новымі інтэграцыйнымі ініцыятывамі: 2 красавіка 1996-га створана Супольнасьць Беларусі і Расеі, 2 красавіка 1997-га — Саюз Беларусі і Расеі, 25 сьнежня 1998-га прынятая Дэклярацыя аб далейшым яднаньні, 8 сьнежня 1999-га — Дамова аб стварэньні саюзнай дзяржавы і адначасова праграма дзеяньняў у рэалізацыі саюзнай дамовы...
Барыс Ельцын старэў і слабеў на вачах, ужо для ўсіх было відавочна, што імпэрскі скіпэтар неўзабаве выпадзе зь ягоных аслабелых рук... І ён выпаў: 31 сьнежня 1999 году ўсе пачулі славутую фразу: «Я стаміўся, я сыходжу...» Але перад адыходам абачлівы і недаверлівы Барыс Мікалаевіч перадаў гаспадарскае месца ў Крамлі зусім не таму, хто на яго так разьлічваў і хто столькі сьпешных намаганьняў дзеля гэтага прыкладаў.
З таго самага моманту ўвесь інтэгратарскі імпэт згас, нібы яго ніколі і не было.
...А Жорык, хоць і ня вывучыў параграф цалкам, але абзац пра «пасьмешышча ў вачах усё Эўропы» адбарабаніў узорна. І атрымаў заслужаную «чацьвёрку». Праўда, адзіную за ўвесь год.
Валянцін Жданко, «Радыё Свабода»